Па дзяржаўных прадпрыемствах і арганізацыях прафсаюзы разаслалі плянаваныя "папраўкі ў Канстытуцыю". Мэта рассылкі – каб працоўныя калектывы азнаёміліся зь імі і "ўхвалілі". Крыніца "Свабоды" перадала рэдакцыі прапановы прафсаюзаў, якія могуць зьмяніць Канстытуцыю.
Тэксты паправак былі разьмешчаныя на закрытых сайтах арганізацый і ўстаноў.
"Відавочна, кіраўніцтва потым дасьць справаздачу, што працоўныя калектывы азнаёміліся і ўсе гэта ўхвалілі", – лічыць крыніца Свабоды.
Зьмены тычацца артыкула 5 Канстытуцыі – пра дзейнасьць палітычных партый і абʼяднаньняў.
У папраўках да артыкула тлумачыцца, што неабходна ўстанавіць на ўзроўні Канстытуцыі прынцыпы неўмяшаньня дзяржавы ў справы грамадзкіх абʼяднаньняў, а тых – у справы дзяржавы. Таксама плянуецца забараніць фінансаваньне палітычных партый і прафсаюзаў замежнымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі іншых дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі.
У прапановах пашыраны артыкул 21 Канстытуцыі. Цяпер ён гучыць так:
"Кожны мае права на годны ўзровень жыцьця, уключна з дастатковым харчаваньнем, адзеньнем, жытлом і сталым паляпшэньнем неабходных для гэтага ўмоў".
Прапануецца такая рэдакцыя:
"Кожны мае права на годны ўзровень жыцьця, уключна з дастатковым харчаваньнем, адзеньнем, жытлом і сталым паляпшэньнем неабходных для гэтага ўмоў. Дзяржава забясьпечвае стварэньне ўмоў для годнага ўзроўню жыцьця і свабоднага разьвіцьця чалавека".
Прафсаюзы хочуць карэкцыі для артыкула 39 Канстытуцыі, які гучыць цяпер так:
"Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці са сваімі здольнасьцямі, прафэсійнай падрыхтоўкай маюць роўны доступ да любых пасад у дзяржаўных органах".
У гэты артыкул плянуецца дадаць: "... калі іншае не прадугледжана законам". "Маюцца на ўвазе абмежаваньні на тое, каб заняць асобныя пасады ў дзяржаўных органах па ўзросьце, наяўнасьці адукацыі, прыцягненьні да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці".
У артыкуле 45 прапануецца замацаваць парадак атрыманьня платнай мэдычнай дапамогі.
Зьмены ў Канстытуцыі могуць тычыцца і артыкула 107 "Урад Рэспублікі Беларусь".
Артыкул хочуць дапоўніць так: "Урад забясьпечвае рэалізацыю прынцыпаў сацыяльнага партнэрства ў сацыяльна-працоўнай сфэры".