суб, 28.11.2020
USD2.58|EUR3.08|RUB3.41
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

36 вагонаў з Магілёва. Як людзей з ўсёй Беларусі зганяюць на праўладны мітынг у Менску

21.10.2020 – 16:01 | 2258

З усёй Беларусі ўлады зьбіраюць людзей, каб зладзіць у нядзелю вялікі праўладны мітынг. Свабода даведалася, як на яго зьбіраюць удзельнікаў.

Як вынікае з паведамленьняў у сацыяльных сетках, у Менску 25 кастрычніка вырашылі сабраць грандыёзны мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Папярэдні задуманы такім чынам мітынг быў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 16 жніўня. На ім выступіў Лукашэнка.

Магілёў

"На выходныя ў пятніцу ці суботу толькі з Магілёва выяжджаюць цэлыя два цягнікі па 18 вагонаў у Менск на праўладны мітынг", – расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік чыгункі.

Два цягнкі па 18 вагонаў – гэта больш за тысячу чалавек.

Некаторых людзей прымушаюць ехаць пад пагрозай не працягнуць кантракт.

"Філіі ААТ „Булачна-кандытарская кампанія „Домочай““ Магілёўскай вобласьці, у тым ліку раённыя філіі (да прыкладу, Касьцюковічы, Клімавічы) пад зусім зьлёгку прыкрытай пагрозай звальненьня / непадаўжэньня кантракту прымушаюць ехаць 25 кастрычніка ў Менск на мітынг за Лукашэнку. Кіроўны склад мусіць быць абавязкова", – паведамляе чытач Свабоды.

Гомель

Паведамленьні пра масавы збор супрацоўнікаў дзяржаўных установаў на паездку ў Менск 25 кастрычніка прыходзяць амаль з усіх рэгіёнаў.

"У Гомлі ў школах зьбіраюць людзей для паездкі 25 кастрычніка ў Менск. Людзі адмаўляюцца, таму едуць у асноўным дырэктары і завучы", – піша чытач з Гомля.

На пэўных прадпрыемствах у гэтым горадзе за такую паездку абяцаюць на працы два адгулы.

У Менск запрашаюць паехаць і супрацоўнікаў "Гомсельмашу", за што абяцаюць два адгулы.

Полацак

З Полацку ў Менску людзей зьбіраюцца прывезьці ўжо а 7-й раніцы. Зь якой мэтай, адкрыта ня кажуць.

"Ад кожнай установы адукацыі ў Полацку паступіла распараджэньне адправіць па 6 чалавек (прынамсі з дашкольных установаў) 25 кастрычніка ў Менск. Будуць арганізаваныя аўтобусы з прыбыцьцём да 7:00 у Менск, вяртаньне ў Полацак прыкладна да 19.00. Наконт аплаты нічога не ўдакладняецца. Фармат мерапрыемства, маршрут і гэтак далей не ўдакладняюцца", – паведамляюць чытачы.

Горадня

Найбольш масава, як відаць з паведамленьняў, зьбіраюць пэдагогаў.

"Я працую ва ўстанове адукацыі ў Горадні. Сёньня з аддзелу адукацыі было распараджэньне сабраць 5 чалавек для паездкі ў Менск", – піша чытачка Свабоды.

Менск

Не адстае і сталіца. На праўладны мітынг, з словаў нашых чытачоў, зьбіраюць супрацоўнікаў заводу "Крышталь".

"Пад пагрозай звальненьня ўсім загадваюць ісьці на праўладны мітынг 25 кастрычніка", – паведамляюць супрацоўнікі гэтага прадпрыемства.

У 13-й гімназіі Менску, як пішуць чытачы, прымушаюць удзельнічаць у мітынгу пад подпіс. За адмову пагражаюць звальненьнем.

У Міністэрстве адукацыі пры гэтым паведамілі, што "ніякіх агульных мерапрыемстваў ад міністэрства на заплянавана".

На некалькіх іншых прадпрыемствах, адкуль прыходзіла інфармацыя, афіцыйна пра паездку нам не сказалі: "Штосьці такое чулі, але ніякай канкрэтыкі".

Радыё Свабода

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца