суб, 28.11.2020
USD2.58|EUR3.08|RUB3.41
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

У Магілёве замест "Партызанскага маршу" гараджане правялі лякальныя акцыі

19.10.2020 – 14:50 | 249

У Магілёве прыхільнікам пераменаў не далі сабрацца ў цэнтры гораду, які заблякавалі міліцыянты. Замест маршу адбыліся лякальныя пратэставыя "вылазкі". Распавядае Свабода.

Адна з такіх "вылазак" была ў падтрымку мэдыка Андрэя Вярбіцкага, якога ад 29 верасьня трымаюць у мясцовым ізалятары. Падчас затрыманьня яго паранілі, і тры дні ён правёў у лякарні. 38-гадовага рэнтген-лябаранта стаматалягічнай паліклінікі судзілі двойчы, агулам далі 26 дзён арышту.

Прыхільнікам пераменаў не ўдалося нагадаць пра лёс мэдыка ў цэнтры гораду. Як і ў мінулыя выходныя, цэнтар быў пад кантролем міліцыі. Пляцоўка перад гандлёвым цэнтрам "Атрыюм", адкуль раней пачыналі свае шэсьці пратэстоўцы, патрулявалася АМАПам. Каля кінатэатру "Радзіма", нападалёк адгэтуль, быў карцінна прыпаркаваны аўтазак.

Патэнцыйныя ўдзельнікі "Партызанскага маршу" невялікімі групамі прагульваліся па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Жанчыны былі з кветкамі і ў бела-чырвонай "палітычнай адзежы". Інцыдэнтаў зь міліцыянтамі не было. Яны назіралі за абстаноўкай. Над вуліцай баражаваў дрон.

Больш за два дзясяткі прыхільнікі пераменаў сабраліся на ўзьбярэжнай ракі Дубравенкі на ўлюбёным месцы адпачынку гараджанаў. Разгарнулі расьцяжку зь імем зьняволенага мэдыка, бел-чырвона-белы сьцяг, а свае твары прыкрылі фатаздымкам Вярбіцкага.

Тым часам, як пішуць у тэлеграм-каналах, "партызанскія" акцыі пратэсту прайшлі ў мясьцінах з пазнавальнымі магілёўскімі краявідамі. Так, на фоне "Трыюмфальнай аркі" гараджане зладзілі пікет зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру "Вясна" кажуць пра аднаго затрыманага. Мужчына паблізу аўтавакзалу зладзіў адзіночны пікет зь бел-чырвона-белым сьцягам. Пра яго затрыманьне праваабаронцам паведамілі мінакі.