пят, 25.09.2020
USD2.60|EUR3.04|RUB3.38
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Затрыманы пасля акцыі ў Горках Віктар Каралькоў распавёў, чаму ў міліцыі і на судзе не падпісаў ніводную паперу

11.09.2020 – 08:41 | 2110

Віктара Каралькова затрымалі каля "Беларусбанка". ДАІ спыніла аўто, у якім ён ехаў на пасажырскім сядзенні. Далей з'явілася машына "Камунгаса", з яе выскачылі людзі ў чорным – падхапілі нашага суразмоўцу і павялі ў гэту машыну. "Мяне прывезлі ў міліцыю. Не разумею, чаму не ў "Камунгас"?" – жартуе Віктар.

karalkou_1.jpg

Праз нейкі час Каралькова завялі да маёра Буркова. Той запатрабаваў напісаць тлумачэнне, на што Віктар адказаў, што нічога супраць сябе пісаць не будзе: "Не разумеў, які ў мяне статус, чаму я ў міліцыі і што адбываецца".

Маёр пачаў зачытваць пратаколы і паведаміў, што ў яго на Віктара – тры адміністрацыйныя справы. Каралькоў на гэта адказаў, што ўсё гэта павінна быць на беларускай мове. Міліцыянер адмовіўся – Віктар упэўнены, што з гэтага самага моманту ён адмовіўся выконваць заканадаўства.

Віктар Каралькоў заявіў, што ніякіх папер, напісаных не па-беларуску, ён не будзе ні слухаць, ні, тым больш, падпісваць. "Бо дзяржаўная мова Беларусі – беларуская мова. Мова, на якой я гатовы кантактаваць з дзяржаўнымі органамі, – беларуская. Бо я – беларус і знаходжуся ў Беларусі", – так тлумачыць сваю пазіцыю наш суразмоўца.

З гэтым зняволены і трымаўся ўвесь час, пакуль сядзеў за кратамі, – затрымалі Віктара ўвечары 30 жніўня, калі мірная акцыя ў Горках ужо скончылася, а суд пачаўся каля 12-ай гадзіны 31 жніўня.

"У выніку маральных і псіхалагічных катаванняў, а менавіта – патрабавання адмовіцца ад роднай мовы – у мяне узняўся ціск яшчэ ў першы дзень. Прыехалі лекары. Я адчуў іх падтрымку, яны гэта выказалі. Яны зрабілі мне кардыяграму, памералі ціск. Аказаўся 180 на 100, пры тым, што ў меня заўсёды 120 на 80. Зрабілі ўкол, далі таблетку. Убачылі, што я прыйшоў у норму, і з'ехалі", – расказвае Каралькоў.

На судзе Віктар ізноў патрабаваў, каб усё адбывалася на беларускай мове. Суддзя спрабаваў па-беларуску размаўляць, але весці справу на мове адмовіўся. На паседжанні Каралькоў заявіў, што накіруе ў міжнародныя структуры (Савет Еўропы і ААН) заявы пра тое, што адбываецца ў Горках і ў Беларусі ў апошнія дні. Віктар Каралькоў кажа, што яму спрабавалі выклікаць з Магілёва перакладчыка, якога чакалі некалькі гадзін, але так і не дачакаліся.

Вынік – 540 рублёў штрафа (20 базавых) па адной справе, яшчэ 270 рублёў (10 базавы) – па другой. Віктар не прызнае сябе вінаватым – спасылаецца на Канстытуцыю, якая не забараняе мірныя сходы.

"Ніводнай паперы я не падпісаў. Нават калі забіралі і аддавалі асабістыя рэчы, здымалі гэта на відэа", – падкрэслівае Віктар. Ён упэўнены, што яго пакараннем з'яўляецца не толькі штраф, але і цэлыя суткі за кратамі. Навошта гэта было патрэбна?

Рашэнне Горацкага суда Віктар Каралькоў збіраецца абскарджаць. "Таксама будзе палітычная заява на розных мовах для міжнародных арганізацый", – дадае суразмоўца.

Валерыя Прыгарына, фота: Аляксандр Храмко

Глядзіце па тэме: