нядз, 25.10.2020
USD2.54|EUR3.00|RUB3.32
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"Заткні еб***, с***". 55-гадовая гарадзенка пры затрыманьні ўкусіла амапаўку. Яе зьбілі, а цяпер завялі крымінальную справу

03.09.2020 – 12:54 | 1393

Жыхарку Горадні Марыну Палікарпаву затрымалі 9 жніўня і зьбілі супрацоўніцы АМАП. Пазьней на яе завялі крымінальную справу, бо жанчына ўкусіла амапаўку. Піша Радыё Свабода.

Марыне Мікалаеўне 55 гадоў. Працуе правізарам у аптэцы. Увечары 9 жніўня яна з братам пайшла ў цэнтар Горадні пагуляць. У мітынгу ня ўдзельнічала, ня мела пры сабе ніякай сымболікі. Знаходзілася ў сквэры побач з Савецкай плошчай, убаку ад асноўных падзей. За ўдзел у мітынгу атрымала трое сутак. Ніжэй расказ Марыны Палікарпавай пра тое, што адбылося.

"Яны (супрацоўнікі АМАП. – РС) прыкладна ў гэты час атрымалі каманду. Рэзка ўвесь гэты ланцуг дастаў дручкі і пабеглі на гэтых людзей, біць. Я спужалася. Ззаду стаяў амапавец у шлеме, ён ня бег. Я ў яго запыталася: "Я баюся, нешта пачынае адбывацца. Куды можна прайсьці, куды можна выйсьці? Я тут выпадкова аказалася. Туды цераз сквэр можна прайсьці?" Ён мне: "Не, нельга". – "А куды". Ён паказаў на тралейбусны прыпынак. Я туды пайшла, а там машына стаіць, не аўтазак, а бус.

Мужчына бяз формы адразу мяне забраў у бус, пачаў на мяне гарлаць: "Пашпарт давай! Зараз пратакол на цябе напішам. Атрымаеш 20 базавых або 25". Я збаялася, але без усялякага супраціву села ў бус. Думала, павязе мяне ў міліцыю.

Ён мяне правёз па Савецкай вуліцы, дзе помнік Сакалоўскаму. Там стаяла іншая машына, не міліцэйская, бус. Ён мне сказаў пераходзіць. Я перайшла. Там дзьве дзяўчыны ў цывільным адзеньні, у мэдыцынскіх масках. Сьпераду сядзеў чалавек у міліцэйскай форме.

Цяпер дакладна не ўзгадаю, чаму размова пра пашпарт зайшла. Хіба яна мне сказала: "Ты, пэўна, у Польшчы жывеш". Я кажу: "Вось мой пашпарт, паглядзіце, дзе я жыву. Увогуле мне сказалі пашпарт даваць, бо пратакол будзеце складаць. Даваць пашпарт ці не даваць?" На што яна мне адказвае: "Заткні еб***, с***".

У мяне вочы па пяць капеек. Я кажу: "А гэта як разумець? Вы, дзяўчаты, так сябе паводзіце. Вы, пэўна, на працы знаходзіцеся. Чаму вы так выражаецеся? Я нешта зрабіла?". Ім не спадабалася, што я ім кажу. Пачалі мяне біць рукамі і нагамі. Ударылі першы раз у плячо і ў сьцягно, каб я ўпала ў крэсла.

Я ім тады культурна, ветліва кажу: "Даруйце мне, але калі вы мяне б’яце, то хоць прадстаўцеся, хто мяне б’е. Я заўтра пайду здымаць пабоі, то павінна буду сказаць, хто мяне біў". – "Ха-ха-ха, хі-хі-хі. Я Маша Лукашэнка, а я Насьця Лукашэнка". – "А пры чым тут Лукашэнка?" – "Не заткнесься, мы зараз на цябе кайданкі надзенем". – "Вось, надзявайце кайданкі, калі я такая небясьпечная".

Надзелі кайданкі так, што адзін расшпіліўся. Я вазьмі і бразьні: "Ня можаце нават нармальна кайданкі надзець". – "Ах, табе не падабаецца, што сьпераду кайданкі зашпілілі! Зараз надзенем так, што табе спадабаецца". Яны пачалі ўдваіх мяне мяцеліць, куды трапляла. Твар мне разьбілі. У мяне на твары былі акуляры, была ранка. Потым я старалася твар прыкрыць, бо я працую ў аптэцы. Як я пайду на працу з разьбітым тварам? Я ж ня думала, што мяне на трое сутак пасадзяць.

Мне трэба было рукі за сьпіну заламаць. Яна (супрацоўніца АМАП) пачала мяне душыць. Я галаву апусьціла. Хто ж дасьць сябе душыць? Я яе за руку і ўкусіла. Калі была вочная стаўка, мой адвакат запыталася ў міліцыянткі: "А дзе вашыя пашкоджаньні? Я ніякіх пашкоджаньняў на вас ня бачу. А Марына Мікалаеўна ўся сіняя". Другая сказала, што я ёй падрапала лоб.

Яны ўдваіх спрабавалі мяне скруціць. Усё-такі скруцілі. Паклікалі: "Віця". Ён зьверху мяне па галаве кулаком бабах. Першыя тры дні я шыяй не магла паварушыць. Ён мне зашпіліў кайданкі так, што кроў з рук пайшла. Заколку з валасоў вырвалі. У мяне валасы доўгія, наперад на твар. І ў такім стане мяне на Дубко (РАУС Ленінскага раёну Горадні. – РС) пратрымалі каля трох гадзін у кайданках.

Там затрыманыя мужыкі пачалі гарлаць: "Мянты, сумленьне згубілі. Здыміце з жанчыны кайданкі". Яны мяне ў такім стане трымалі там.

Палікарпаву затрымалі за нібыта ўдзел у мітынгу. Яна сядзела трое сутак. Двойчы ў РАУС выклікалі "хуткую", вазілі на абсьледаваньне ў шпіталь, бо яе званітавала, кружылася галава, падскочыў ціск, апухла шыя. У шпіталі абверглі страсеньне мозгу, сказалі, што пераломаў няма. Зноў яе вярнулі ў райаддзел.

Гарадзенка сядзела ўвесь час у адзіночнай камэры. З Горадні перавезьлі ў Шчучын. Пакармілі на трэці дзень. У камэры не было вады, прыбіральні. На трэці дзень выдалі матрац, ён сьмярдзеў.

На Марыну завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да міліцыянтак (артыкул 364). Паводле пастановы аб затрыманьні, яна ўкусіла за руку прапаршчыка міліцыі Дар’ю Бандарчук і ўдарыла па галаве прапаршчыка міліцыі Марыю Мазуркевіч.

Па словах Палікарпавай, падчас ейнай вочнай стаўкі зь міліцыянткамі на іх пашкоджаньняў не было відаць, а сама Марына Мікалаеўна яшчэ "ўся была сіняя".

Санкцыя 364 крымінальнага артыкула прадугледжвае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

"Буду сядзець, калі такія людзі краіне не патрэбныя", – кажа гарадзенка.

Марына Палікарпава падала заяву ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу на міліцыянтак за тое, што яе зьбілі. Амаль праз два тыдні адказу на заяву няма.

svaboda.org

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца

telega.jpg viber2.jpg