нядз, 20.09.2020
USD2.57|EUR3.04|RUB3.42
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"Мне адмовіліся паказваць цела сына". У Гомлі пасьля затрыманьня памёр 25-гадовы хлопец

12.08.2020 – 23:37 | 1202

25-гадовы гамяльчук Аляксандар Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку ў нядзелю. На затрыманых у Гомлі не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Аўтамабілі з арыштаванымі стаяць гадзінамі ў доўгіх чэргах на санцапёку. Піша Свабода.

"У адным з аўтазакаў быў і Саша... Ён ня ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыі. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша – у моргу", – плача ягоная маці.

У Аляксандра, паводле слоў маці, былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.

"Ён крычаў, прасіў дапамогі... І канвой падумаў, што ён неадэкватны, і завёз яго ў псыхіятрычны шпіталь. Там вопытны лекар зразумеў, што праблемы ня з псыхікай... Яму выклікалі брыгаду хуткай і перавезьлі ў бліжэйшы шпіталь – сухотны, які знаходзіцца каля псыхіятрычнага... Там Сашу ратавалі, але не ўратавалі, бо, як мне сказалі, яго ўжо прывезьлі ў стане клінічнай сьмерці", – распавядае маці.

У моргу свайго сына яна ня ўбачыла.

"Мне адмовіліся яго паказваць, я думаю, што ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў – хай раскажуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына", – кажа маці.

Як паведамілі БелаПАН у прэсавай службе ўправы Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці, яны праводзяць праверку па факце сьмерці 25-гадовага жыхара Гомля. Папярэдне сьледчыя ўстанавілі, што яго затрымала міліцыя за актыўны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, за што ён быў асуджаны на 10 сутак арышту.

"Мужчына быў накіраваны да месца адбываньня пакараньня, дзе ў яго рэзка пагоршылася самаадчуваньне. Гамяльчук быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя, дзе памёр, – сказалі ў прэс-службе. – У ходзе першаснага агляду бачных цялесных пашкоджаньняў, якія маглі стаць прычынай сьмерці, выяўлена не было".

Для ўстанаўленьня дакладнай прычыны сьмерці сьледчыя прызначылі судова-мэдычную экспэртызу.

У анонсе выкарыстана ілюстрацыйнае фота Уладзя Грыдзіна

Падзяліцца