нядз, 25.10.2020
USD2.54|EUR3.00|RUB3.32
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Бальзам "Зорачка", настойка пропалісу, пчаліны пылок. Што беларусы купляюць для барацьбы з каранавірусам?

28.07.2020 – 11:00 | 234

"Наша Ніва" спытала ў беларускіх фармацэўтаў, што незвычайнага беларусы куплялі ў аптэках для барацьбы з каранавірусам, акрамя антысептыкаў і масак.

"Гель "Найз" абіраўся пакупнікамі па тым жа прынцыпе, што і "Зорачка": аддае ментолам"

Фармацэўт Аліна Есяпёнак, якая працуе ў адной з мінскіх аптэк "Аптэкар", расказвае, што, акрамя звычайных масак і антысептыкаў, у топе продажаў сродкаў ад "кароны" – вітамін С і бальзам "Зорачка":

"Не ведаю, адкуль бярэцца інфармацыя, што гэтыя сродкі дапамагаюць, але вось менавіта "Зорачкай" мазалі ўсё, што толькі можна і нельга, – расказвае фармацэўт. – У нейкі момант на яе так палявалі, што яна пачала паступаць з перабоямі. А яшчэ замаўлялі гель "Найз" – мясцовае абязбольвальнае і супрацьзапаленчае. Думаю, ён абіраўся пакупнікамі па тым жа прынцыпе, што і "Зорачка": аддае ментолам". 

Аліна ўдакладняе, што даведвалася, што абязбольвальныя сродкі кшталту "Найза" купляюць менавіта для барацьбы з каранавірусам, калі як фармацэўт раіла пакупнікам таблеткі, якімі можна ўзмацніць абязбольвальны эфект: 

"Гелі і мазі даюць кароткатэрміновы эфект, таму я і раіла нешта мацнейшае, што лепш дапамагае пры запаленні. Вось тады пакупнікі і казалі, што ім не трэба нічога абязбольваць, а лячыцца яны збіраюцца "ад кавіда".

Далей быў мой шалёны погляд і лагічнае пытанне: "Хто вам сказаў, што гэта дапаможа?" Адказы збольшага былі не вельмі выразныя, відаць, людзі саромеліся і адказвалі, што ім гэта параіў сусед/брат/знаёмы. Шмат хто мог сказаць, што яны так пажартавалі, але за час эпідэміі ўсе фармацэўты і правізары ўжо навучыліся адрозніваць "прыкалістаў" ад людзей, якія пытаюцца выратавацца ўсім, чым хочаш".

Фармацэўт расказвае, што попыт на маскі і антысептыкі ў аптэках застаецца і цяпер, калі па афіцыйных лічбах, пандэмія значна пайшла на спад. 

"Я працую пры медцэнтры, таму ў нас у любым выпадку тут вялікая канцэнтрацыя хворых людзей. Але цяпер маскамі карыстаюцца неабавязкова праз каранавірус. Наўрад ці хтосьці хоча захварэць нават на звычайныя ВРВІ ці грып. 

Канечне, попыт ужо не такі, які быў у сакавіку-красавіку. Але што дакладна прышчапілася (тое, што павінна быць звычайнасцю ўжо даўно) – людзі цяпер рэальна купляюць антысептыкі і выкарыстоўваюць іх. Ды і ідэя размяшчаць іх у грамадскіх месцах, як па мне, мусіць застацца". 

"Куплялі маскі, ляпілі на іх штодзённыя пракладкі, якія прамочвалі настойкай пропалісу"

Фармацэўт Юлія Кавалёва, якая працуе ў холдынгу "Аптэка груп", расказвае, што сярод незвычайных замоваў абавязкова былі настойка пропалісу і алей чайнага дрэва:

"Пакупнікі куплялі маскі і на ўнутранай паверхні ляпілі штодзённыя пракладкі. Гэтыя пракладкі прамочвалі настойкай пропалісу і кропляй алею чайнага дрэва, – дзеліцца фармацэўт. – А яшчэ ўвесь час людзі пыталіся пра парацэтамол у чыстым выглядзе. І хаця мы казалі, што анальгін і аспірын – гэта тое ж самае, проста ў камбінацыях з іншымі сродкамі, і ён заўсёды быў у нашай аптэцы, ад гэтых лекаў людзі, бывала, адмаўляліся".

Юлія расказвае, што часта людзі куплялі настойку календулы замест антысептыку і апрацоўвалі ёй рукі.

"Я не здзіўлюся, што шмат хто проста спаліў сабе рукі гэтай настойкай. А яшчэ быў пацыент, які спаліў сабе ўсю слізістую насаглоткі, таму што ён, каб сэканоміць, маскі апрацоўваў антысептыкам, а потым дыхаў гэтым".

Часта, расказвае фармацэўт, людзі куплялі розныя настойкі разам з гліцэрынам, каб на іх аснове самастойна зрабіць антысептык. Калі ў аптэцы фармацэўты пыталіся, адкуль такія дзіўныя метады барацьбы з каранавірусам, людзі часцей за ўсё адказвалі, што бачылі рэцэпты ў інтэрнэце.

"У канцы сакавіка і ўвесь красавік у мяне было адчуванне, што людзі спрабуюць скупіць усе лекі. Пакупнікі былі вельмі азлобленыя ў гэты перыяд, таму што заводы не паспявалі вырабляць столькі парацэтамолу і аскарбінак. Градуснікі скупалі ўсіх відаў, нават па 200 рублёў за штуку.

Калі параўноўваць з вясной, цяпер у нас маскі амаль не купляюць. Бывае, набываюць маскі ў нейкія маршруткі, куды без іх не пускаюць. У пачатку пандэміі мы маглі за пяць хвілін прадаць масак на 70 рублёў – за дзень гэта было больш 100 штук. Цяпер у дзень мы прадаём штук 10–15". 

"Мужчына прапаноўваў нам забраць пылок з яго пчаліных вулляў, каб зрабіць лекі ад каранавіруса"

Бабруйскі фармацэўт Кацярына Мілічонак з аптэкі "Планета здароўя" расказвае пра адзіны выпадак незвычайнай просьбы ад пакупніка, звязаны з пандэміяй:

"У цэлым у нас усё было банальна: антысептыкі, маскі, супрацьвірусныя сродкі, вітаміны. Але неяк прыходзіў мужчына, які прапаноўваў нам забраць у яго пылок з яго пчаліных вулляў, каб спецыялісты зрабілі з яго лекі ад каранавіруса.

Памятаю, я адказала, што ў Беларусі заводы, хутчэй за ўсё, не займаюцца такім відам вытворчасці і наўрад ці ў насельніцтва будуць проста так прымаць субстанцыі без дакументаў і праверак. Потым у аптэцы параілі яму спытаць у заводаў наўпрост, можа, штосьці ў яго і атрымаецца". 

"Сродкі кшталту "Зорачкі", "Найза" і розных настоек не дапамогуць у барацьбе з каранавірусам, таму што яны на вірус ніяк не дзейнічаюць, то-бок не разбураюць яго, – тлумачыць Вераніка Ржэуская, доктар лабараторнай дыягностыкі мінскай 4-й гарадской клінічнай бальніцы. – Калі чытаць пра ўласцівасці нават таго ж пропалісу – то ён валодае супрацьмікробным дзеяннем, а вірус – гэта не мікроб.

Такія сродкі хутчэй маюць накіраванае дзеянне на ўмацаванне імунітэту. А калі ў чалавека ўжо COVID-19 – асацыяваная пнеўманія, то падобныя лекі зусім бессэнсоўныя. На маю думку, яны малаэфектыўныя і пры ВРВІ ці ВРІ.

Пры каранавірусе, калі ў чалавека стадыя лёгкай сімптаматыкі, супрацьвірусныя сродкі і праўда могуць палегчыць яго стан. А калі гэта ўжо стадыя пнеўманіі, то тут трэба стацыянарнае лячэнне і прыём антыбіётыкаў".

Ксенія Вядзмедзь

Смотрите по теме:

Падзяліцца

telega.jpg viber2.jpg