чцв, 29.10.2020
USD2.60|EUR3.05|RUB3.34
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Гандляры ў масках і антысэптыкі для кліентаў. Як выглядае Віцебск у першы дзень "Славянскага базару". ФОТА

17.07.2020 – 11:28 | 426

У дзень афіцыйнага адкрыцьця "Славянскага базару" 16 ліпеня на вуліцах Віцебску людзей стала больш пасьля пятай гадзіны ўвечары. Чацьвер – працоўны дзень, а турыстаў на фэстывалі сёлета няшмат. Апавядае "Радыё Свабода".

Арганізатары "Славянскага базару" не абвяшчалі абавязковы масачны рэжым на фэстывальных мерапрыемствах, большасьць якіх у гэтым годзе мае вулічны фармат. Рэкамэндацый рассаджваць гледачоў праз аднаго таксама не прагучала. Ці захоўваюць адлегласьць слухачы, якія зьбіраюцца перад адкрытымі гарадзкімі пляцоўкамі, ніхто не адсочвае.

Людзей у масках сярод мінакоў фэстывальнага гораду практычна няма. Масачнага рэжыму прытрымліваюцца гандляры і абслугоўваючы пэрсанал. Гэта – абавязковае патрабаваньне да ўдзельнікаў.

Уздоўж сквэру на вуліцы Кірава цягнуцца гандлёвыя шэрагі. Каля палатак з таварамі пераважна беларускай і расейскай вытворчасьці традыцыйна шмат людзей.

Марына ўжо трэці год прыяжджае ў Віцебск з Екацярынбургу. Яна гандлюе фітапрадукцыяй.

"Мы чатыры гадзіны стаялі на мяжы, – кажа жанчына. – Нас вельмі строга правяралі. Хаця мы мелі і запрашэньне гандлёва-прамысловай палаты, і дамову на арганізацыю гандлю, і тэст на COVID-19".

Марына кажа, што працаваць у масках і пальчатках цэлы дзень складана. Але гэта ўмова арганізатараў. Сёлета яна прыехала без калегі. Яе няма каму падмяніць.

"У мяне тут столькі эфірных алеяў – ніводны вірус не падбярэцца, – усьміхаецца гандлярка. – Віцябляне вельмі ахвотна іх набываюць".

У месцах грамадзкага харчаваньня таксама людна. У большасьці вулічных кавярняў, якія зьяўляюцца на час "Славянскага базару", – самаабслугоўваньне. Пэрсанал працуе ў масках. Для кліентаў на вітрынах абавязкова выстаўлены антысэптык.

"Людзі даволі актыўна ім карыстаюцца, – дзеліцца назіраньнямі прадавачка вулічнай кавярні „СНАВ“ з Менску. – За дзень мы ўжо другую бутэльку мяняем. Праўда, людзей сёлета мала. Увечары трошкі больш стала".

Стравы падаюць у аднаразовым посудзе. Разам з прыборамі кліентам прапануюць антыбактэрыяльныя сурвэткі. У кавярні таксама можна набыць маску і антысэптык.

"Праўда, ніхто яшчэ не набаваў", – прызнаецца прадавачка.

Асноўная страва вулічных кавярняў – шашлык. Яго таксама гатуюць у масцы і пальчатках.

Па ежу выстройваюцца чэргі. У іх ніхто сацыяльнай дыстанцыі не прытрымліваецца.

У цэнтральных кавярнях і рэстарацыях людзей няшмат. Рэстаратары ня могуць устрымацца ад параўнаньня з мінулымі гадамі. Першы дзень фэстывалю звычайна быў самым гучным і шматлюдным. Замежныя турысты – асноўнымі кліентамі.

"Турыстаў няма. Не параўнаць з мінулым годам, – камэнтуе гаспадыня кавярні „Клюква“ Сьвятлана. – Цяпер найбольш запатрабаваная адкрытая тэраса. У памяшканьне заходзяць зрэдчас. Хаця дыстанцыю паміж столікамі мы захоўваем".

У кавярні прытрымліваюцца неабходных захадаў бясьпекі. Афіцыянты працуюць у масках, сталы апрацоўваюць дэзынфэкцыйнымі сродкамі.

Як выконваюцца меры бясьпекі, штодзень правяраюць, кажа Сьвятлана.

У вулічных кавярнях наведнікаў больш, чым у рэстарацыях. Тут больш танная ежа і напоі.

Сьвятлана разам з мужам прыехала на "Славянскі базар" з Магілёва.

"Мы ўвогуле на вуліцы не харчуемся, – кажа яна. – У нас тут сваякі. Мы ў іх спыніліся. У горад толькі пагуляць выходзім".

Маску Сьвятлана не надзявае.

"Я прачытала, што з ёй яшчэ горш, – камэнтуе жанчына. – А чаго баяцца? У Віцебску цяпер больш бясьпечна. У вас успышка ўвесну была, а ў нас цяпер – усе шпіталі перапоўненыя".

ЯШ, АТ, svaboda.org

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца

telega.jpg viber2.jpg