пан, 13.07.2020
USD2.43|EUR2.74|RUB3.41
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

77% старшыняў райвыканкамаў маюць сельгасадукацыю. Як у Беларусі гадуюць палітычную эліту

26.05.2020 – 12:59 | 506

Радыё Свабода падлічыла, што 77% усіх старшыняў райвыканкамаў скончылі сельскагаспадарчыя ВНУ і прыйшлі ў палітыку зь сельскай гаспадаркі. Высьвятляем, чаму Лукашэнка прызначае кіраваць раёнамі пераважна выпускнікоў аграрных ВНУ і як такая кадравая палітыка ўплывае на разьвіцьцё рэгіёнаў.

Кожны трэці скончыў сельгасакадэмію ў Горках. Эканамічную адукацыю маюць 3%, выпускнікоў БДУ няма

Беларусьсю кіруюць былыя старшыні калгасаў, якія скончылі сельскагаспадарчыя інстытуты і ўнівэрсытэты. Такіх абсалютная большасьць. Глядзіце, якія вынікі мы атрымалі з уласнага дасьледаваньня.

vgu.jpg

77% старшыняў райвыканкамаў – выпускнікі чатырох асноўных сельскагаспадарчых ВНУ Беларусі. Гэта сельгасакадэмія ў Горках (44 чалавекі), Горадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт (18), Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт у Менску (16) і Віцебская вэтэрынарная акадэмія (9).

Менш як чвэрць з усіх кіраўнікоў прыйшлі ў мясцовую палітыку зь іншых унівэрсытэтаў. Сярод іх больш за ўсё выпускнікоў БНТУ. Такіх шасьцёра.

Сямёра старшыняў райвыканкамаў скончылі эканамічныя ВНУ: трое – Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, двое – Беларускі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт спажывецкай каапэрацыі ў Гомлі, і адзін – Беларускі камэрцыйны ўнівэрсытэт кіраваньня.

Яшчэ пяцёра старшыняў – з пэдагагічнай адукацыяй. Трое зь іх атрымалі яе ў Мазырскім пэдагагічным унівэрсытэце. Па адным – у пэдунівэрсытэце імя Танка ў Менску і ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце.

Рэшта ВНУ – гэта тэхнічныя і сілавыя. Ёсьць адзін старшыня – былы вайсковец і адзін – былы міліцыянт.

Сярод усіх старшыняў няма ніводнага выпускніка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту – самай вялікай і самай прэстыжнай ВНУ краіны.

57% старшыняў скончылі дадаткова Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Там для чыноўнікаў створаныя адмысловыя спэцыяльнасьці. Гэта называецца "перападрыхтоўка ў рамках дзяржаўнага заказу". Курсы цягнуцца ад паўтара да двух гадоў. Уступныя іспыты праходзяць вусна. Навучаньне – завочнае і дыстанцыйнае. Гэта значыць, чыноўнікам у ВНУ асабіста трэба зьявіцца ўсяго некалькі разоў за ўвесь час навучаньня.

Пры гэтым няма ніводнага старшыні выканкаму, у каго б Акадэмія кіраваньня была першым месцам вучобы.

"Лукашэнка застаўся селянінам, і гарадзкія для яго чужыя"

Усе кіраўнікі райвыканкамаў прызначаюцца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. І тое, што большасьцю рэгіёнаў кіруюць выпускнікі сельскагаспадарчых вучэльняў, невыпадкова. Так лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст. На ягоную думку, Аляксандру Лукашэнку зручней працаваць у атачэньні людзей, якія маюць такі самы культурны і мэнтальны бэкграўнд, як і ён сам.

"Ён шмат у чым застаўся селянінам, – кажа Дракахруст. – Для яго гарадзкія – крыху чужыя. Пэўны комплекс адносна беларускага Гораду ў яго захаваўся з пачатку 90-х. А вясковыя жыхары – яны проста для яго больш свае".

Выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ прысутнічаюць ня толькі на раённым узроўні. Чатыры з шасьці кіраўнікоў аблвыканкамаў (75%) таксама вучыліся ў Горках, у Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі і Горадзенскім аграрным унівэрсытэце.

"Спрэчнае пытаньне, ці называць гэта пасьлядоўнай палітыкай, але кадраў з такой адукацыяй непрапарцыйна шмат на кіраўнічых пасадах у выканаўчай вэртыкалі", – лічыць палітоляг Андрэй Казакевіч.

Ён тлумачыць такі выбар кіраўнікоў асаблівасьцямі беларускай правінцыі. Для многіх раёнаў сельская гаспадарка (разам з харчовай прамысловасьцю) – гэта важны, калі не асноўны, сэктар эканомікі. І менавіта кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў разумеюць, як арганізавана эканамічнае і сацыяльнае жыцьцё ў раёне.

"У такой сытуацыі яны натуральныя кандыдаты на кіраўнічыя пасады, – кажа Казакевіч. – Думаю, пры свабодных выбарах многія зь іх таксама б мелі посьпех".

"Які ён мэнэджэр? Трэба прымусіць людзей працаваць, і каб яны больш-менш цьвярозыя хадзілі на працу"

Панаваньне сельскагаспадарчых кіраўнікоў – гэта ня тое, што прыдумаў Лукашэнка апошнім часам. Раней такіх людзей на кіраўнічых пасадах было яшчэ болей. Па словах Андрэя Казакевіча, у першыя 10-15 гадоў кіраваньня Лукашэнкі выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ складалі палову ўсяго кіраўніцтва ня толькі на раённым, але й на абласным і нацыянальным узроўні.

"Сельскагаспадарчы досьвед станоўча ўплывае на прыняцьце кадравых рашэньняў і на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта, і аблвыканкамаў, – кажа Казакевіч. – Хаця ў апошнія гады гэтая тэндэнцыя не такая відавочная".

Эканаміст Міхал Залескі запэўнівае, што карані такой кадравай палітыкі трэба шукаць яшчэ раней – яны цягнуцца ад часоў калектывізацыі 1930-х гадоў. Лукашэнка ўсяго толькі працягвае савецкія традыцыі.

"Мы працягваем будаваць Савецкі Саюз з пэўнымі апартуністычнымі ўхіламі", – кажа Залескі.

На ягоную думку, дыплём для беларускага кіраўніка ўвогуле ня мае значэньня. Старшыні выканкаму ў сучаснай Беларусі трэба ўмець "выбіваць грошы", "асвойваць бюджэты" і "выконваць паказьнікі". Гэта ня тыя рэчы, якім вучаць мэнэджэраў ці эканамістаў ва ўнівэрсытэтах.

"Што той дыплём? Там адукацыі патрэбна – дзьве клясы, каб чытаць умеў. Яму трэба прымусіць людзей працаваць. Трэба глядзець, каб ня кралі і каб больш-менш цьвярозыя хадзілі на працу, – кажа Залескі. – Слова „мэнэджэр“ да гэтых людзей не адносіцца".

А для кар’ернага росту ў такой сыстэме зусім ня важныя дасягненьні чыноўніка. Залескі лічыць, што пасьпяховы чыноўнік – гэта найперш добры псыхоляг, а ня добры спэцыяліст.

"Там патрэбен талент. Хто хоча прасунуцца вышэй, таму трэба ведаць, як правільна будаваць адносіны зь людзьмі. Гэта тонкія псыхолягі, выхаваныя гадамі партыйнай камуністычнай дысцыпліны", – кажа Міхал Залескі.

Гарадамі ў Беларусі кіруюць, як калгасамі

У сельскай гаспадарцы ў Беларусі сёньня занята 7,6% усіх працаўнікоў Беларусі (па зьвестках Белстату за 2018 год). А кіраўнікоў з гэтай галіны, як мы ўжо пісалі, – 77%.

Такі перагіб на карысьць сельскагаспадарчых выпускнікоў адбіваецца на разьвіцьці рэгіёнаў, лічыць Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтру новых ідэй. 77% насельніцтва Беларусі жыве сёньня ў гарадах. І менавіта гарады – асноўныя крыніцы росту: там ствараюцца новыя працоўныя месцы, туды перацякаюць найбольш таленавітыя кадры, там віруе сацыяльнае жыцьцё.

"Гэта вымагае і іншых навыкаў ад мясцовых элітаў: адкрытасьці, разуменьня, як працуе сучасная эканоміка, уменьня дамаўляцца і з гараджанамі, і зь бізнэсам, – кажа Раднянкоў. – У Горках такому ня вучаць".

Такое ж думкі і Юры Дракахруст. Ён адзначае, што й сярод выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ ёсьць таленавітыя і здольныя спэцыялісты, і было б не зусім карэктна казаць, што яны неэфэктыўныя кіраўнікі.

"Але збольшага гэтым людзям складана адчуць спэцыфічнасьць функцыянаваньня менавіта гарадоў, – разважае Дракахруст. – Так што часта яны і гарадамі кіруюць, як калгасамі. Культурнаму коду Лукашэнкі яны сапраўды адпавядаюць, культурнаму коду гарадоў, якімі кіруюць, – не зусім".

"Гэта ня самыя сумленныя, высакародныя, але ўсё адно палітычная эліта"

Сельскагаспадарчае дамінаваньне ў выканкаме адбіваецца на якасьці рэгіянальных элітаў, лічыць Антон Раднянкоў. Найбольш прагрэсіўныя чыноўнікі ў такой сыстэме трапляюць у пастку кар’ернага росту. Яны даходзяць да пасады намесьніка старшыні выканкаму – і могуць заставацца на ёй дзесяцігодзьдзямі, пакуль босы-аграрыі прыходзяць і сыходзяць.

"Ёсьць нават правіла: хочаш зразумець прагрэсіўнасьць гарадзкіх уладаў – паглядзі на першага намесьніка, – кажа экспэрт. – Шмат хто зь цягам часу дэматывуецца, шмат хто спрабуе сысьці ў прыватны бізнэс".

Выходзіць, што сельскагаспадарчая ВНУ ў Беларусі – гэта найлепшы пляцдарм для палітычнай кар’еры. Зрабіць кар’еры рост ва ўладнай вэртыкалі, маючы дыплём з Горацкай сельгасакадэміі ці Горадзенскага аграрнага ўнівэрсытэту, у разы прасьцей, чым з дыплёмам БДУ ці БДЭУ.

Юры Дракахруст лічыць, што старшыняў райвыканкамаў можна адносіць да палітычнай эліты Беларусі.

"Эліта як самыя разумныя, высакародныя, сумленныя – гэта ўсё ж прыгожая мэтафара, – кажа Дракахруст. – Але сацыялягічна – гэта сапраўды людзі з высокім сацыяльным статусам, у прыватнасьці, з уладнымі паўнамоцтвамі".

Андрэй Казакевіч кажа, што старшыня райвыканкаму – гэта асноўны decision-maker у сваім рэгіёне.

"Па паўнамоцтвах ён нават блізка не параўнальны ні зь якай іншай пасадай і можа кантраляваць практычна ўсе сфэры", – кажа палітоляг.

Паміж кіраўнікамі ідзе спаборніцтва, хто найлепш правядзе выбары Старшыні райвыканкамаў – гэта палітычная апора Аляксандра Лукашэнкі. Яны складаюць абсалютную большасьць топ-чыноўнікаў з "кадравага рэестру кіраўніка дзяржавы". Міхал Залескі тлумачыць, што гэта аналяг савецкага "кадравага рэзэрву" – сьпіс людзей, на якіх трымалася ўладная вэртыкаль. У Беларусі гэтым людзям гарантуецца недатыкальнасьць.

"Людзі, якія знаходзяцца ў кадравым рэестры прэзыдэнта, валодаюць пэўнымі паўнамоцтвамі і абаронай, імунітэтам. Да прыкладу, без дазволу прэзыдэнта іх нельга затрымліваць, арыштоўваць", – казаў у тым ліку пра старшыняў выканкамаў Аляксандар Лукашэнка.

Юры Дракахруст мяркуе, што старшыні райвыканкамаў адказваюць і за выніковыя лічбы на выбарах. У тым ліку прэзыдэнцкіх.

"Наколькі я ведаю, паміж імі нават ідзе спаборніцтва, у каго кандыдаты ўлады, ня кажучы ўжо пра Самога, больш набралі, дзе была вышэйшая яўка, – кажа Дракахруст. – І калі ты ў хвасьце – гэта ня значыць, што для насельніцтва раёну Лукашэнка ня надта добры. Гэта значыць, што кіраўнік раёну кепскі. Бо не зразумеў і без загаду, што ён мусіў рабіць".

Дый сам Лукашэнка наўпрост кажа пра адказнасьць кіраўніцтва райвыканкамаў і аблвыканкамаў за правядзеньне выбараў. Вось, напрыклад, што ён казаў пра парлямэнцкія выбары падчас прызначэньня новых кіраўнікоў у рэгіёнах у 2019 годзе.

"Гэта (вынікі выбараў. – РС) – паказчык эфэктыўнасьці работы нашых органаў улады, у цэлым вэртыкалі ўлады, – казаў Лукашэнка. – Але, як я ўжо не аднойчы казаў, расслабляцца нам ні ў якім разе нельга. Гэта была рэпэтыцыя. Асноўнае дзейства нас чакае наперадзе".

Антон Трафімовіч, svaboda.org

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца