пят, 25.09.2020
USD2.60|EUR3.04|RUB3.38
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

21.05.2020 – 09:58 | 2292

Бабарыка, Цапкала, Ціханоўская, Дзьмітрыеў і Канапацкая – ЦВК зарэгістравала 15 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты. Піша МА, Радыё Свабода.

Два былыя міліцыянты, фэрмэр і прадпрымальніца

Алег Гайдукевіч, лідэр ЛДПБ. Старшыня лібэральна-дэмакратычнай партыі зьмяніў на гэтай пасадзе свайго бацьку Сяргея Гайдукевіча.

Зьяўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, былы міліцыянт, звольніўся ў званьні палкоўніка.

Юры Ганцэвіч, фэрмэр з Гомельшчыны, балятаваўся на мінулых выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дэпутатам ня стаў. Кіруе аграсядзібай "На вадзе" ў аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёну. На выбарах у дэпутаты праводзіў эпатажныя пікеты, на якія прыводзіў карову і казу. Заяўляў аб падтрымцы блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер адбывае арышт.

Уладзімер Няпомняшчых, у мінулым опэрупаўнаважаны, працаваў у міліцыі да 1992 году, пасьля выхаду на пэнсію заняўся прадпрымальніцтвам. З 2000-х Уладзімер Няпомняшчых стаў актыўным палітычным актывістам. Сябра АГП, яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі за акцыі пратэсту. 

Натальля Кісель, прадпрымальніца зь Менску, зарэгістраваная ІП, працуе намесьніцай дырэктара ў кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі. Мае тры вышэйшыя адукацыі, палітычнага досьведу яна пакуль не мела.

Банкір Бабарыка і стваральнік ПВТ Цапкала

Віктар Бабарыка, банкір, былы кіраўнік "Белгазпрамбанку", адкуль ён звольніўся адразу перад выбарамі. Паводле ягоных словаў, у ініцыятыўнай групе Віктара больш за 10 тысяч чалавек. У апошніх інтэрвію Віктар Бабарыка крытыкаваў уладу. Мае ўзнагароды ад Аляксандра Лукашэнкі за мэцэнацтва. Віктар Бабарыка ня раз падтрымліваў праекты ў сфэры культуры, а мастацкая калекцыя "Белгазпрамбанку" ўключае збор твораў мастакоў Парыскай школы, кнігі Францішка Скарыны і Сімяона Полацкага.

Валеры Цапкала, былы дыплямат і стваральнік Парку высокіх тэхналёгій, мае досьвед у палітыцы, бо ў 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штабу Лукашэнкі. Пра свой намер балятавацца заявіў у "Фэйсбуку", актыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі ў сваёй кампаніі.

Чэрачань, Канапацкая і Дзьмітрыеў

Сяргей Чэрачань раней быў сябрам Камуністычнай партыі, а цяпер старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Ідзе ў кандыдаты, каб "набрацца досьведу". У 2016 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў ад Камуністычнай партыі.

Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. Яе не дапусьцілі да ўдзелу ў праймэрыз апазыцыі, пасьля гэтага Ганна заявіла пра старт сваёй кампаніі для ўдзелу ў выбарах. Выступала за ўвядзеньне закону, які б гарантаваў прэзыдэнту недатыкальнасьць пасьля пакіданьня пасады.

Андрэй Дзьмітрыеў, старшыня кампаніі "Гавары праўду", быў начальнікам штабу Ўладзімера Някляева на выбарах у 2010 годзе, начальнікам штабу ў Тацьцяны Караткевіч у 2015 годзе. На выступе ў ЦВК падчас рэгістрацыі ініцыятыўнай групы прапанаваў зьменшыць колькасьць подпісаў для кандыдатаў у прэзыдэнты да 70 тысяч і абсталяваць участкі для галасаваньня відэакамэрамі.

Ціханоўская, якая "заўжды марыла" быць прэзыдэнтам

Сьвятлана Ціханоўская, пэдагог паводле адукацыі, у прэзыдэнты вырашыла ісьці, калі ЦВК не зарэгістравала ініцыятыўную групу яе мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага. Сяргей – аўтар ютуб-канала "Страна для жизни", раней займаўся вытворчасьцю відэаролікаў.

Апошнім часам езьдзіў па беларускіх гарадах на арандаваным аўтадоме. Ягоных прыхільнікаў затрымлівалі ў Менску, Магілёве, Берасьці і Бабруйску. Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 45 сутак арышту, але 20 траўня нечакана адпусьцілі з ізалятара.

Пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ярмошына запытала Ціханоўскую, ці сапраўды яна хоча ўдзельнічаць у кампаніі, на што тая адказала, што "ўсё жыцьцё пра гэта марыла".

Алесь Таболіч

ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу музыкі і тату-майстра Алеся Таболіча. Алесь зьяўляецца лідэрам мэтал-гурту Znich, у кампанію прыйшоў, бо "ён Аляксандар Рыгоравіч і ня горшы за Канапацкую". Пазыцыянуе сябе кандыдатам ад беларускай культуры.

Зарэгістравалі ўвесь праймэрыз

Юрась Губарэвіч двойчы балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і адзін раз дэпутатам у мясцовыя саветы. Дэпутатам мясцовых саветаў быў выбраны ў 2003 годзе. Быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе. У 2007-2009 гадах – намесьнік старшыні партыі БНФ. З 2016 году ўзначальвае рух "За свабоду".

Мікалай Казлоў, былы міліцыянт, звольніўся з праваахоўных органаў у званьні падпалкоўніка ў 2008 годзе і ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. З таго часу ў палітыцы.

Вольга Кавалькова – сустаршыня аргкамітэту БХД. Удзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах, дэпутаткай ня стала. Удзельніца праймэрыз на вылучэньне адзінага кандыдата, якога вырашылі не вылучаць, а зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ўсіх удзельнікаў праймэрыз.

Ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі таксама зарэгістравалі, ён будзе ўдзельнічаць у выбарах шосты раз.

Агулам зьбіраць подпісы будуць 15 чалавек. Подпісы вылучэнцы ў прэзыдэнты могуць пачаць зьбіраць пасьля атрыманьня пасьведчаньня. Каб іх зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзыдэнты, такіх подпісаў мусіць быць 100 тысяч.

Прэзыдэнцкія выбары – 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо "часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма". Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі "кандыдатаў пратэсту", каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў – зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.

Глядзіце па тэме: