пан, 26.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Старонкі гісторыі Расненскага касцёла

07.05.2014 – 09:33 | 857 | 4 | даслана чытачом

Касцёл св. Казіміра (пачатак XIX ст.) у в. Расна Дрыбінскага раёна запіхнуты “на выселкі”, напэўна, каб яго ніхто не бачыў. Ён сціснуты з бакоў сельскімі сядзібамі і дамамі, “аздоблены” лініяй электраперадач, а калі ідуць працяглыя дажджы – ля самага ўваходу з’яўляецца вялізная лужына…

Касцёл у Расне.

Ужо ў 1744 г. існавала тут супольнасць каталікоў, якая прыналежыла да аршанскага дэканату віленскай дыяцэзіі.

Ад 1747 г. засноўваецца езуіцкая місія, якая падпарадкоўвалася клегіюму ў Мсціслаўі.

1751 г. – пабудова драўлянай святыні як філіяльнай айцоў дамініканцаў.

1777 г. – заснаванне незалежнай парафіі пры іезуіцкім кляштары.

1804 г. – знішчэнне драўлянага храма пажарам. Багаслужэнні здзяйсняліся ў часовым будынку.

1812-1819 гг. – пабудова мураванай святыні. Ахвяравальнікамі былі: айцы-іезуіты, Лявон Парчэўскі, граф Міхал Пацей. Айцы-іезуіты працавалі ў парафіі да 1820г.

1849 г. – парафія прыналежыць да чавускага дэканату Магілёўскай архідыяцэзіі.

Архітэктура святыні так апісваецца гісторыкамі:

“Форма касцёла падоўжаная, з франтоннымі калонамі з трох бакоў. На галоўным франтоне - драўляны крыж, дах накрыты ліставой бляхай. Падлога з сасновых дошак, скляпенне мураванае.

У касцёле чатыры алтары. Галоўны алтар, імя св. Казіміра, з абразом на поўны рост, зверху другі абраз Сэрца Збаўцы. Пад абразом св. Казіміра - герб ахвярадаўцаў Ельяшэвічаў.

Другі алтар, па правым баку, з Укрыжаваным Ісусам Хрыстом, у падножжы 3 абразы: св. Апостала Пятра, св. Магдалены і Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Трэці алтар, па левым баку, мае абраз Божай Маці ў сярэбранай рызе з Пацкоўскага касцёла. Ніжэй - абраз-копія Божай Маці Чанстахоўскай. Зверху – абраз Бога Саваофа са Збаўцам, які ўскладае карону на галаву Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Чацвёрты алтар, па левым баку, з драўлянай выявай Збаўцы каля слупа (з Пацкоўскага касцёла) і абраз св. Антона.

Стацый Дарогі Крыжовай Ісуса Хрыста - 14, рэліквіяраў з мошчамі святых - 2. Абразоў усяго 4, акрамя тых, што знаходзяцца ў алтарах.

Ля касцёла драўляная званіца з 5 званамі і цвінтар, даўжыня - 14, шырыня - 13 саж.”

Акрамя вышэйузгаданага, да парафіі належалі гаспадарчыя пабудовы: плябанія драўляная, свіран, лядоўня, канюшня, пуня, вазоўня і інш.

1923 г. – касцёл св. Казіміра пералічваецца ў спісе храмаў без адказнага душпастыра.

Касцёл Святога Казiмiра зачынiлi ў 1930-х гадах, павыкiдвалi труны святароў i пераўтварылi будынак спачатку ў клуб, а потым у склад.

I ўсё ж найбольш пацярпеў храм у вайну. Як самы высокi будынак, ён стаў арыенцiрам для прыстрэлкi, а аднаўленнем, зразумела, ужо нiхто займацца не стаў. Сёння ад касцёла класiчнага стылю засталiся толькi цагляныя сцены i зводы…

У 90-х гадах ХХ ст. была спроба аднавіць каталіцкую супольнасць. Быў адказны святар, які пры дапамозе вернікаў нават арганізаваў часовую капліцу (якая, па-сутнасці, існуе і да гэтага часу)…

Выкарыстаная літаратура:

Кс. У. Завальнюк, Касцёлы Царскай Расіі, Мінск, 2009, с. 156-157.

Расна. Касцёл Святога Казіміра, у: http://www.radzima.org/be/object/2586.html

Скарбы старой Расны, у: http://zviazda.by/globus/skarby-staroj-rasny.

Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, Tom IX, с. 529, у: http://dir.icm.edu.pl/pl/Slownik_geograficzny/Tom_IX/529

Дзяржкантроль знайшоў у Магілёўскай вобласці помнікі архітэктуры, якія нікому не належаць, у:https://novychas.info/hramadstva/dziarzkantrolj_znajshou_u_mahi/

Касцёл і сядзіба ў Расна. Фотаздымкі, у: http://old.horki.info/content/view/1729/46/

кс. Андрэй Кеўліч, г. Горкі

Падзяліцца