пан, 13.07.2020
USD2.43|EUR2.74|RUB3.41
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

На Магілёўшчыне ўспышка каранавірусу ў Чэрыкаўскім раёне. Жыхароў заклікаюць не выходзіць на вуліцу, закрылі школы

05.05.2020 – 09:00 | 3902

У райцэнтры Чэрыкаве на карантын зачынілі ўсе школы. COVID-19 выявілі ў пэдагогаў, мясцовыя ўлады кажуць пра "сур'ёзную сытуацыю", але не называюць лічбаў. Піша Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода.

У аддзеле адукацыі Чэрыкаўскага райвыканкаму кажуць пра тры закрытыя школы. Сытуацыю ацэньваюць як сур'ёзную. Высьветліць колькасьць настаўнікаў, у якіх выявілі каранавірусную інфэкцыю, не ўдалося.

У прыватнай гутарцы адзін з пэдагогаў, які папрасіў захаваць ананімнасьць, паведаміў пра шпіталізацыю прынамсі трох настаўнікаў школы №2 з COVID-19. Паводле яго, цяпер рыхтуюцца пакоі для ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню.

"Абстаноўка ў нас дужа неспакойная, – кажа адзін з жыхароў райцэнтру. – Чутак шмат. Разабрацца, дзе што праўдзівае, а што выдуманае, складана. Афіцыйных паведамленьняў пра сытуацыю ў раёне няма..."

1 траўня раённая газэта "Веснік Чэрыкаўшчыны" зьвярнулася да жыхароў раёну, каб тыя "бязь пільнай неабходнасьці не пакідалі свае дамы".

"Пераканаўча просім бацькоў, чые дзеці сталі кантактамі 1-га ўзроўню, забясьпечыць самаізаляцыю дзіцяці і заставацца зь ім дома, сышоўшы ў сацыяльны ці працоўны водпуск", – гаворыцца ў звароце.

Свабодзе таксама стала вядома, што, акрамя настаўнікаў, COVID-19 выявілі ў 5 чэрыкаўскіх работнікаў аб'яднаньня "Магілёўэнэрга". Іхныя кантакты першага ўзроўню ізаляваныя.

Чэрыкаўскі раён – адзін з самых пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 25 вёсак былі адселеныя, а сядзібы закапаныя. З раёну зьехала 40 працэнтаў насельніцтва.

"Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба"

Намесьніца старшыні Чэрыкаўскага райвыканкаму Ларыса Асмалоўская не назвала карэспандэнту Свабоды лічбы хворых на каранавірус у горадзе і раёне, але запэўніла, што "дзясяткаў няма".

"Для нашага невялікага раёну гэта трывожная лічба. Таму мы адпрацоўваем усе кантакты 1-га і 2-га ўзроўню. У школах мы пайшлі на індывідуальнае навучаньне. Калі настаўнік захварэў, то ў яго будуць кантакты, таму ў гэтай сытуацыі лепш засьцерагчыся. У сваіх інтэрнэт-СМІ мы адкрыта інфармуем, просім бацькоў, калі іх дзеці былі кантактамі 1-га ўзроўню, то забясьпечыць самаізаляцыю. Было прынята рашэньне каардынацыйнага штабу абмежаваць кантакты – і бацькі да гэтага паставіліся спакойна. Ва ўсіх дзяцей створаны чаты па клясах", – сказала чыноўніца.

Паводле Асмалоўскай, ніводзін чалавек у раёне не ляжыць на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

"Тых, хто захварэў на пнэўманію, забралі ў Магілёў у тубдыспансэр, гэта больш надзейна. Хворых з пнэўманіяй без COVID-19 у Чэрыкаве ў лякарні ляжыць чатыры чалавекі. Магчыма, нехта ўжо выпісаўся. А тых, у каго станоўчы аналіз па каранавірусе – гэта два чалавекі, мы накіравалі ў Магілёў. Усюды сёлета ўспышка пнэўманій. Усім, хто трапляе да нас з пнэўманіяй, мы робім тэст на COVID-19", – сказала намесьніца старшыні Чэрыкаўскага райвыканкаму.

Галоўны здымак – ілюстратыўны, фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода