суб, 4.07.2020
USD2.42|EUR2.73|RUB3.44
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Рэстаран гатуе мэдыкам абеды, а чыноўніца аддала аўтамабіль. Рэпартаж з Асіповічаў, дзе на COVID-19 захварэлі 12 мэдыкаў

20.04.2020 – 11:05 | 630

У Асіповічах Магілёўскай вобласці на каранавірус захварэлі 32 чалавекі, 12 з іх – мэдыкі. Пра гэта 17 красавіка паведміў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік. Як райцэнтар змагаецца з хваробай, высьвятлілі Алесь Пілецкі і Уладзь Грыдзін са Свабоды.

asipovicy_1.jpg

"Аддала мэдыкам свой службовы аўтамабіль"

Намесьніца старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Ганна Землянухіна адразу паведамляе, што ў раёне для мэдыкаў "арганізавана ўсё, што магчыма". Чыноўніца кажа, што агучаныя міністрам лічбы адпавядаюць рэчаіснасьці. 12 лекараў мясцовага шпіталя маюць станоўчы аналіз на COVID-19. Дадае, што агулам у раёне больш за 900 мэдычных работнікаў, зь іх 158 – дактары мясцовага шпіталя.

"Я кожны дзень зь імі ў кантакце, хворыя лекары адчуваюць сябе добра, – кажа намесьніца кіраўніка асіповіцкага райвыканкаму. – Жартуюць, што калі б яны не здавалі аналізы, не рабілі б тэсты, то, магчыма, і далей працавалі б у бальніцы".

Па словах чыноўніцы, цяпер хворыя лекары не кантактуюць з пацыентамі і праходзяць курс лячэньня.

Асіповіцкая бальніца не закрывалася на карантын, аднак там уведзены спэцыяльны рэжым. Забаронена родным наведваць хворых, самім хворым нельга выходзіць на вуліцу, пераходзіць з палаты ў палату і нават перамяшчацца паміж паверхамі.

"Робім усё, што магчыма ў раёне, – кажа Ганна Землянухіна. – Прыняты плян дзеяньняў, арганізаваны апэратыўны штаб. Стварылі мабільныя групы з мэдыкаў і міліцыянтаў, яны сочаць, каб кантакты 1-га ўзроўню захоўвалі самаізаляцыю. Наведваюць іх, правяраюць самаадчуваньне. Я нават свой службовы аўтамабіль аддала адной з такіх груп, каб яны маглі апэратыўна рэагаваць. Мы ў райвыканкаме скінуліся, набылі мэдыкам у бальніцу садавіну. Учора дабрачынны рахунак стварылі, зьбіраем грошы ад людзей. Публікуем падзякі ў нашай раёнцы".

Па словах чыноўніцы, большасьць выпадкаў захворваньня на каранавірус у Асіповічах – завозныя. Да Менску ўсяго 100 кілямэтраў – гадзіна на хуткасным цягніку або на аўтамабілі.

Асіповіцкія мэдыкі, перакананыя ў райвыканкаме, таксама маглі заразіцца праз кантакт зь некім звонку. Такую ж вэрсію агучыў і міністар Каранік.

Трапіць у райвыканкам, дарэчы, можна толькі пасьля апрацоўкі рук антысэптыкам. Частка асіповіцкіх чыноўнікаў перамяшчаецца па будынку ў масках. Маскі таксама на тварах асіповіцкіх міліцыянтаў.

У фае шпіталя абвесткі пра спэцрэжым і забарону перамяшчацца без бахілаў і спэцыяльных халатаў. Усіх наведнікаў сустракаюць двое мэдыкаў з плястыкавымі экранамі на тварах.

"Будзем гатаваць абеды для мэдыкаў, колькі спатрэбіцца"

32 афіцыйных хворых – адносна няшмат для Асіповіцкага раёну, дзе жыве амаль 47 тысяч чалавек. Але мясцовыя жыхары расказваюць, што вынікі эпідэміі ўжо можна пабачыць у райцэнтры.

Дырэктарка камбінату грамадзкага харчаваньня Кацярына Цераш кажа, што "як толькі ўсё гэта пачалося", людзі перасталі хадзіць у кавярні і рэстарацыі. Выручка зьнізілася ў пяць разоў, частку супрацоўнікаў прыйшлося адпусьціць у адпачынкі. З 9 красавіка ў рэстаране "Пралеска", якім кіруе Кацярына, пачалі гатаваць бясплатныя абеды для лекараў мясцовага шпіталя.

asipovicy_2.jpg

"Пачыналі мы з трох абедаў штодзённа, цяпер ужо 14 гатуем, – кажа Кацярына. – Мэдыкі самі даюць нам заяўку, колькі трэба. Заключылі дамову на спонсарскую дапамогу працягласьцю на два месяцы. Будзем два месяцы гатаваць абеды, калі спатрэбіцца. Дамову працягнем пры неабходнасьці".

Кацярына кажа, што цяпер яе кавярні ў Асіповічах працуюць пераважна ў пятніцу і суботу і толькі абмежаваны час. Наведваюць іх 1-2 чалавекі за дзень.

"Хацелася неяк дапамагчы, пабачылі, што ў Менску так робяць ужо ў кавярнях, – кажа яна. – Пралічылі, неяк дапамагаем. Дапамагаць рэсьпіратарамі, пальчаткамі – гэта ня так проста. Мы сабе можам знайсьці іх упрытык. А вось што можам, тое робім. Гатуем ежу. Адзінае, што папрасілі нам дапамагчы аднаразовым посудам. З намі зьвязаліся ўжо, абяцалі дапамагчы".

Па словах дырэктаркі, адзін абед для лекараў каштуе прыкладна 15 рублёў. У рэстарана няма магчымасьці гатаваць вячэры, таму ў абед адразу кладуць падвойную порцыю.

"Гэта ўсё наша заснавальніца Натальля Пархоменка арганізавала, – кажа Кацярына Цераш. – У яе 99% акцый прадпрыемства, яна зьвярнулася з прапановай пралічыць усе выдаткі. Каб ведаць, колькі мы можам дапамагаць. Вось пралічылі, што можам два месяцы карміць".

asipovicy_3.jpg

Асіповіцкія чыноўнікі пераконваюць, што мясцовыя мэдыкі забясьпечаныя ўсімі неабходнымі сродкамі засьцярогі. Удзень 17 красавіка ў Магілёў выехаў аўтамабіль па новую партыю рэсьпіратараў і спэцкамбінэзонаў.