аўт, 26.05.2020
USD2.40|EUR2.61|RUB3.35
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Палохае, што гэта мэдык". Як зьмяніўся Крычаў, калі там у жанчыны выявілі COVID-19

02.04.2020 – 08:38 | 1649

На Магілёўшчыне ў Крычаве зарэгістраваны першы выпадак заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй. 33-гадовая жанчына, мэдык, шпіталізаваная ў Магілёўскую інфэкцыйную бальніцу. Радыё Свабода пабывала ў райцэнтры і пагутарыла з жыхарамі пра тое, ці зьмянілася іхнае жыцьцё пасьля зьяўленьня пацыенткі з COVID-19.

Афіцыйна: у шпіталізаванай стан стабільны

Жанчына працуе ў падлеткавым кабінэце Крычаўскай дзіцячай паліклінікі. Яна была на курсах павышэньня кваліфікацыі ў Віцебску і там нібыта і заразілася. Пасьля прыезду прымала дзяцей.

У афіцыйных паведамленьнях гаворыцца, што жанчына была ў Віцебску ў працяглай камандзіроўцы.

"Яна цалкам абсьледаваная, праведзены ўвесь спэктар неабходных проціэпідэмічных мерапрыемстваў, – кажа намесьніца галоўнага ўрача Магілёўскай інфэкцыйнай бальніцы Ірына Бас. – На сёньняшні дзень яе стан стабільны. Яна атрымлівае неабходнае лячэньне".

Адшукаць у Крычаве сваякоў шпіталізаванай ці тых, хто зь ёю кантактаваў, не ўдалося. У ейнай паліклініцы гаварыць пра каляжанку адмовіліся і параілі зьвярнуцца ў Цэнтральную раённую бальніцу. Там прадублявалі камэнтар Ірыны Бас і дадалі, што тых асобаў, зь якімі кантактавала шпіталізаваная, абсьледавалі, і вынікі тэстаў на каранавірус у іх былі адмоўныя.

Пад канец працоўнага дня ў мэдычных установах было спакойна. Стаяў пах хлёркі. Мэдычны пэрсанал быў у масках.

"Хоць пад вечар паспакайнела", – азвалася супрацоўніца бальніцы на заўвагу журналіста, што наведнікаў няшмат.

Крычаўцы пра каранавірус: шок, неспадзяванка, насьцярожвае, што ў мэдыка

Тым часам для жыхароў шпіталізацыя пацыента з COVID-19 зь іхнага райцэнтру – рэзанансная падзея. "Тое, што гэта адбылося ў Крычаве, для нас страшэнная навіна", – кажуць адны зь першых суразмоўніц. Паводле іх, "увесь горад цяпер гаворыць пра гэта".

"Вядома ж, палохае, што першай ахвярай у нас стаў мэдык, – дзеліцца сваімі эмоцыямі жанчына. – І што ўрач, адчуваючы немач, паехаў у дарослую паліклініку, а там жа таксама людзі, патэнцыйныя ахвяры, – гэта бянтэжыць. А з гэтай паліклінікі яе павезьлі ўжо ў бальніцу. Потым тыя, хто зь ёй сядзеў у чарзе, трапілі на абсьледаваньне. Ня думаю, што гэта слушныя паводзіны".

На вуліцах Крычава багата людзей у мэдычных масках. Некаторыя яшчэ і ў пальчатках. Сытуацыю з шпіталізацыяй жанчыны называюць шокам, непрыемнай неспадзяванкай, бо "да іх дайшло".

Наступны суразмоўца набыў маску, як пачуў пра здарэньне зь зямлячкай. Паводле яго, падзея гэтая "безумоўна рэзанансная" для Крычава, але для Беларусі ўжо звыклая.

"Гэта ня першы выпадак. Магілёўшчына не магла заставацца "чыстай" ад вірусу. Недзе павінна было прарвацца. Гэта адбылося ў нас, – выказваецца ён. – Вядома ж, узрушвае, што гэта мэдык. Я чуў, што яна прыняла, быўшы хворай, пад 50 дзяцей. Зразумела, непакоіць, што нашы ўлады нічога ня робяць, каб прадухіліць небясьпеку. Усё кінулі на волю лёсу. Маску купіў, каб хоць неяк бараніцца".

"Уладзе трэба было раней задумвацца"

На ўваходах у крычаўскія аптэкі абвесткі заклікаюць "трымаць дыстанцыю, захоўваць рэсьпіраторны этыкет пры чханьні ды кашлі", а "пры прыкметах хваробы заставацца дома, выклікаць лекара і не ісьці ў мэдычную ўстанову".

Паводле правізараў, попыт на мэдычныя маскі, антысэптыкі ў Крычаве застаецца павышаным ужо не адзін тыдзень. На пытаньне, ці задавальняецца ён цалкам, у адной з аптэк адказалі:

"Усё, што прывозяць нам з Магілёва, у нас ёсьць, але мы залежым ад паставак з абласнога складу...".

Тыя, хто ў масках на вуліцах, кажуць: маскі дазваляюць адчуваць спакой за сябе і сваё здароўе.

"У такой сытуацыі, як шпіталізаваная, мог апынуцца любы, бо ўсе мы людзі. Бываюць выпадкі, калі ад нас мала што залежыць, нават калі ты сам мэдык", – тлумачыць жанчына.

"Вядома ж, гэта нас насьцярожыла, напалохала, – працягваюць гаворку мужчына і жанчына. – Такое магло здарыцца з кожным. Мы ўжо некалькі дзён ходзім у масках, ратуемся. Ды такіх, як мы, ужо нямала ў Крычаве".

Наступны суразмоўца хоць і згаджаецца, што падзея з каранавірусам для Крычава рэзанансная, але "было відавочна, што рана ці позна гэта павінна было адбыцца".

"Уладзе раней трэба было задумвацца, а так мы ж не адзіныя ў краіне, і такія падзеі будуць паўтарацца, – лічыць ён. – Гэта ўсё мінецца ўрэшце, але ахвярамі стануць тыя, у каго аслаблены імунітэт, ды пажылыя. А гэта ж нашы бацькі. Пра іх цяпер трэба клапаціцца і перажываць. Зь імі ў найгоршым выніку ня ўдасца па-людзку разьвітацца...".

АБ, svaboda.org

Глядзіце па тэме:

► Стало известно, кем работает женщина из Кричева, подхватившая коронавирус

► "Гэта баль падчас халеры". Як выглядае Віцебск падчас эпідэміі каранавірусу. ФОТА, ВІДЭА

► Горецкая поликлиника приостанавливает плановые осмотры и госпитализацию и просит ограничить походы к врачам