пят, 30.10.2020
USD2.60|EUR3.05|RUB3.34
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Як ратуюцца ад каранавірусу студэнты горацкай сельгасакадэміі

28.03.2020 – 13:11 | 2441

Студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі расказалі Свабодзе, ці баяцца каранавірусу, як ставяцца да захадаў прафіляктыкі, чаго не хапае і як бараніцца.

Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія (Магілёўская вобласьць) – адна з найвялікшых навучальных устаноў Беларусі. Тут вучацца блізу 10 тысяч студэнтаў. У 1985 годзе яе скончыў па спэцыяльнасьці "эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасьці" Аляксандар Лукашэнка.

"Мыць часьцей рукі і захоўваць дыстанцыю..."

Студэнты на згадку пра небясьпеку ад каранавірусу аджартоўваюцца "наказамі бацькі", што "вірус труцяць 40–50 грамамі гарэлкі", а калі што якое, дык іх "вылечыць трактар", калі пачнецца практыка. Маладыя людзі лічаць, што "падчапіць" хваробу ім няма дзе, бо ў аўдыторыях і інтэрнаце рэгулярна праводзіцца дэзінфэкцыя.

"Нам раяць часьцей мыць рукі, не зьбірацца вялікімі кампаніямі і захоўваць мэтровую дыстанцыю падчас гутаркі", – пералічваюць рэкамэндацыі акадэмічнай адміністрацыі трое студэнтаў, ідучы з заняткаў.

На пытаньне, ці ставяцца да такіх парадаў сур’ёзна, студэнты рэагуюць сьмехам. "Некалькі дзясяткаў афіцыйна агучаных выпадкаў хваробы" яны "не ўспрымаюць як надыход маштабнай эпідэміі".

Маладзёны адзначаюць, што толькі адзінкі ў акадэміі ходзяць у мэдычных масках.

Студэнткі: маска справакуе паніку

Наступныя суразмоўніцы, студэнткі, упэўненыя, што маскі трэба насіць, калі чалавек ужо захварэў. Калі ж здаровы, то "ад іх няма толку". Дзяўчаты мяркуюць, што калі хадзіць у масцы, людзі навокал будуць панікаваць.

"Яны будуць успрымаць, што чалавек заразны, будуць цурацца яго. А гэта дужа непрыемна", – кажуць яны.

Суразмоўніцы адзначаюць, што ў мясцовых аптэках маскі хутка разьбіраюць, а "невялікія пузыркі" антысэптыку занадта дарагія для студэнтаў. Не хаваюць, што каранавірусу баяцца.

Спосабы засьцерагчыся называюць тыя самыя: часта мыць рукі, пазьбягаць вялікіх кампаній і захоўваць дыстанцыю. Дадаюць, што ў акадэміі на лекцыях вялікія групы "разьбіваюць", каб было менш за 30 чалавек. Працягласьць лекцый скарацілі да 30 хвілін.

У мясцовых аптэках запэўнілі: усё, што трэба для прафіляктыкі, у продажы ёсьць. "25 сакавіка прывезьлі шмат антысэптычных шматразовых масак па 1,95. Хопіць усім", – сказалі ў аптэцы, што непадалёк ад акадэмічнага гарадка. Танных аднаразовых масак у продажы няма.

Студэнты з Кітаю ведаюць, што такое беларускі карантын

Каб пабачыць студэнтаў у масках, давялося нямала пахадзіць па акадэмічным гарадку. На ўваходзе ў адну зь мясцовых паліклінік аб’ява нагадвае: хворым на прастуду неабходна прыходзіць у мэдычных масках". У дужках дададзена: "Студэнты не выключэньне".

"Мы хадзілі ў бальніцу, таму давялося начапіць маску, – кажа студэнт з Туркмэністану. – Але, прызнаюся, я ня ведаю, ці ёсьць небясьпека захварэць на каранавірус тут у Горках. Па людзях глядзіш – усе спакойныя. Ходзяць як нічога ніякага. Нас гэта супакойвае".

Студэнты з Кітаю – адзіныя ў акадэміі, хто прайшоў карантын па вяртаньні з вакацый у лютым. Тэставаньне ня выявіла ў 13 іншаземцаў каранавірусу, але іх усё адно зьмясьцілі ў адмысловы блёк, дзе стварылі ўмовы карантыну з улікам інкубацыйнага пэрыяду для COVID-19.

Па словах студэнтаў з Кітаю, у ізаляцыі яны прабылі два тыдні. На ўмовы карантыну не наракаюць. На вуліцы ходзяць у масках.

"Няёмкасьці не адчуваю, – кажа адна з замежніц. – Да маскі я прывыкла, і яна мне не перашкаджае..."

Падзяліцца

telega.jpg viber2.jpg