чцв, 2.04.2020
USD2.59|EUR2.84|RUB3.29
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Што азначае нафтавае пагадненьне з Расеяй?

24.03.2020 – 17:33 | 162

Расейскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь бяз прэміі, паведаміў 24 сакавіка журналістам прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, якога цытуе БелТА. Якія цяпер будуць умовы гандлю нафтай з Расеяй. Тлумачыць Юры Дракахруст, Радыё Свабода.

Колькі нафты Беларусь цяпер будзе купляць у Расеі?

Індыкатыўны балянс паставак нафты, складзены летась, прадугледжваў, што Беларусь будзе купіць у Расеі 24 мільёны тонаў у год, прыкладна па 2 мільёны тонаў у месяц.

Такі аб'ём нафты адпавядае поўнай загрузцы магутнасьцяў двух беларускіх НПЗ – Мазырскага і Наваполацкага.

Паколькі заяўлена, што бакі вяртаюцца да ранейшых адносінаў, то выглядае, што прыкладна па 2 мільёны тонаў Беларусь і плянуе купляць у Расеі ў наступныя месяцы году, у прыватнасьці, у красавіку.

Ці будзе Беларусь сапраўды купляць такую колькасьць нафты ў Расеі?

Неабавязкова. Уласныя патрэбы Беларусі складаюць прыкладна 6 мільёнаў тон у год, адпаведна паўмільёна тонаў у месяц. Астатнія 1.5 тонаў у месяц ішлі на перапрацоўку ў нафтапрадукты, а нафтапрадукты экспартаваліся. Цяпер цэны на нафту ўсіх гатункаў, у тым ліку і на расейскую Urals, істотна ўпалі. Цэны на Urals у параўнаньні з пачаткам году зьменшыліся амаль утрая.

Але ўпалі і цэны на нафтапрадукты. Беларусі з пункту гледжаньня яе экспарту па сутнасьці няважная цана нафты, ёй важная розьніца паміж цаной нафты і нафтапрадуктаў.

Акрамя таго, у краінах-імпартэрах зьмяншаецца попыт на нафтапрадукты. З улікам гэтага падзеньня попыту і магчымага зьмяншэньня розьніцы паміж цаной на нафтапрадукты і на сырую нафту, Беларусі можа стаць нявыгадна прадаваць на экспарт столькі нафтапрадуктаў, колькі яна прадавала ў мінулыя гады.

Па якой цане Беларусь будзе купляць расейскую нафту?

На 23 сакавіка ўсясьветная цана расейскай нафты Urals складала 23,25 даляраў за барэль. У тоне 7.28 барэляў расейскай нафты, такім чынам усясьветная цана за тону Urals – 169,26 даляраў. Беларусь – чалец Эўразійскага эканамічнага саюзу, у які ўваходзіць і Расея. У межах саюзу пастаўкі нафты ажыцьцяўляюцца без аплаты экспартнага мыта. Сёлета гэтае мыта ў Расеі складае 20% (яно зьніжаецца ў межах падатковага манэўру – у 2018 годзе яно складала 30%, летась – 25%). Цана нафты для Беларусі без экспартнага мела б скласьці 169,26*0,8=135,4 даляры за тону.

Расейскія кампаніі патрабавалі ад Беларусі выплаты прэміі у памеры 11.7 даляраў за тону. Цяпер расейскія кампаніі гатовыя зьнізіць памер прэміі на 7 даляраў, а 4.7 даляраў прэміі ім гатовы плаціць урад Расеі. Такім чынам цана расейскай нафты для Беларусі павінна быць 135,4 даляры за тону. Пры гэтым 4.7 даляры на тоне будзе выплачваць расейскім кампаніям за пастаўкі ў Беларусь расейскі ўрад.

Па якой цане Беларусь купляла нафту ў Расеі на пачатку году?

Паводле дадзеных Белстату, у студзені 2020 году Беларусь плаціла за імпарт сырой нафты па 361,3 даляраў за тону. Як бачым, цяперашні абвал цэнаў на ўсясьветным рынку нафты значна зьнізіў гэтую цану.

Ці будзе Беларусь працягваць альтэрнатыўныя закупкі нерасейскай нафты?

У вялікіх аб'ёмах – наўрад ці. Расейская нафта, прынамсі пакуль, будзе абыходзіцца таньней. Альтэрнатыўныя пастаўкі былі інструмэнтам гандлю, спосабам прымусіць расейскія кампаніі і расейскі ўрад да саступак. Мэта дасягнутая, цяпер альтэрнатыўныя пастаўкі – гэта толькі дадатковыя выдаткі. Аднак пэўная доля іх можа і застацца, каб мець магчымасьць пашырыць іх у выпадку новага ўскладненьня адносінаў з Расеяй. Як тлумачыў Лукашэнка, "каб штогод 31 сьнежня не стаяць на каленях перад Расеяй".

Падзяліцца