аўт, 29.09.2020
USD2.63|EUR3.06|RUB3.34
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"У Расеі запраўлялі машыны, куплялі харчы". Што кажуць зь беларускага боку закрытай мяжы

19.03.2020 – 09:48 | 1016

Калі Расея забараніла ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам, гэта стала для жыхароў памежных беларускіх паселішчаў непрыемным сюрпрызам. Яны страцілі магчымасьць купляць у Расеі таньнейшыя тавары ды паліва для аўтамабіляў. Нямала і тых, хто можа страціць працу ў суседняй краіне, бо ўехаць у яе ня будзе як. Апавядае АБ, Радыё Свабода.

Ад сёньня (18 сакавіка) расейскія памежнікі "закрылі" для беларусаў свой прапускны пункт непадалёк ад беларускай вёскі Каськова, за 20 кілямэтраў ад раённага цэнтру Мсьціслава. Кіроўцаў машын зь беларускім грамадзянствам двое вайскоўцаў вяртаюць на радзіму. Сваіх прапускаюць, спраўдзіўшы іхныя пашпарты. З расейскага боку машыны трапляюць у Беларусь безь перашкодаў. Шмат едзе ў Беларусь наладаваных фураў.

"Я хацеў заправіць машыну на расейскім баку. Запраўка адразу за пастом, але мяне вярнулі назад, бо я беларус", – абураецца адзін з кіроўцаў. Суразмоўца не хавае, што ведаў аб праблемах з праездам у суседнюю краіну, але ён спадзяваўся ўгаварыць памежнікаў. Зь ягоных словаў, на літры расейскага бэнзіну можна заашчадзіць да трох рублёў.

"Там на гары іхны пост з памежнікамі стаіць гады тры, і ніколі не было такога, каб не пускалі беларусаў. Заўсёды прыязна ставіліся і ведалі, чаму да іх езьдзім. Толькі правераць пашпарты – і праяжджай", – выгаворвацца кіроўца.

На беларускім баку стаяць два "вагончыкі" са страхавымі агентамі, якія размаўляць з журналістам ня хочуць. Вачыма паказваюць на камэру відэаназіраньня. Памежнікаў няма. Пляцоўка падмеценая. Час ад часу нетаропка праяжджае машына з надпісам на борце "Транспартны кантроль". Да расейскага посту не даяжджае.

Як кажуць аўтамабілісты, шаша Мсьціслаў – Смаленск (у беларускіх даведніках гэта Р73) ніколі не была такой апусьцелай, як цяпер. Паводле іх, такой сытуацыі не было нават у 2017 годзе, калі Расея абмежавала ўезд на сваю тэрыторыю для іншаземцаў у сувязі зь беларускім "пяцідзённым бязьвізам" для грамадзян 80 дзяржаваў.

"Тады больш уважліва глядзелі пашпарты, але не чапіліся. Дый гэтаю дарогаю езьдзяць толькі беларусы ды расейцы", – на разьвітаньне кажа кіроўца.

Пакуль мы з ім гутарылі, праехаў пусты рэйсавы аўтобус "Мсьціслаў – Смаленск". Ён смаленскі, таму расейскі пост праехаў без затрымкі, бо пасажыраў у ім ужо не было, высадзіў перад мяжой.

У вёсцы Сапрынавічы, якая пры самай шашы за пяць кілямэтраў да мяжы, гаспадыні заўважаюць, што ля хатаў пацішэла. Жанчыны кажуць, што цяпер спакойныя за курэй, якіх нярэдка душылі машыны на шашы. На думку мужчын, расейцы закрылі мяжу, бо гэтага не зрабілі своечасова беларусы.

"Пра гэта трэба было парупіцца нашаму кіраўніцтву даўно", – зазначае адзін зь вяскоўцаў. Ён кажа, што ў ягонай вёсцы баяцца каранавірусу, бо ведаюць, што рады яму даць ня могуць.

"Вядома ж, мінусы ёсьць. Мы маглі зьезьдзіць заправіцца на расейскі бок, будаўнічыя матэрыялы ды тыя ж харчы ў Смаленску таньнейшыя. Асабліва калі купляць гуртам, то выгада адчувальная", – тлумачыць суразмоўца і тут жа дадае: "Не такое перажылі, і гэта перажывём"

У горадзе Мсьціславе таксама бядуюць праз закрыцьцё мяжы. У гутарках жыхары раённага цэнтру кажуць пра тыя ж танныя харчы і паліва на запраўках.

"Там купіш пяць кіляграмаў цукру, а ў нас на тыя ж грошы толькі два пачкі, менш за два кіляграмы. Вось і лічыце, ці выгадна", – кажа суразмоўніца. Яе спадарожнік дадае, што ў Расеі працуюць шмат мсьціслаўцаў, і цяпер невядома, як яны будуць вяртацца на радзіму і ці пусьцяць іх назад на працу.

"Расейцы ж ня хочуць рабіць за тыя грошы, што беларусы. Дык мы троху зарабляем. Тут жа не знайсьці працы, каб на яе жыць. А пакуль будзе закрытая мяжа, нашых пазвальняюць. Вось клопат", – даводзіць ён.

Наступная суразмоўніца Тацяна кажа, што праз закрытую мяжу яе дзеці ня могуць адведаць родзічаў у Смаленскай вобласьці. Зьбіраліся днямі туды паехаць, а цяпер пляны ламаюцца.

"У мяне зяць робіць пад Масквой. Двухтыднёвая вахта. Учора тэлефанаваў: пакуль іх ня гоняць адтуль, але непакоіцца, як будзе вяртацца, калі прыедзе на пабыўку ў Мсьціслаў. Усё парушыў гэты каранавірус", – бядуе кабета.

Маладзіца, якая выйшла на прагулянку з малым, лічыць, што закрыцьцё Расеяй мяжы – адэкватны захад, бо "так зараза меней будзе разносіцца па сьвеце". На яе думку, і беларускім уладам варта было парупіцца пра пост на сваім баку.

"Вядома ж, можна заправіцца і ў нас, у Мсьціславе, калі ёсьць неабходнасьць, – разважае яна. – Зразумела, даражэй, але хіба можна эканоміць на здароўі".

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне – не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы – сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў – гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

svaboda.org

Глядзіце па тэме:

► "Нам каранавірус да лямпачкі!" Трактарысты пра выказваньне Лукашэнкі

► Как быть белорусам, которые работают в России? Выпустят ли их? Ответы на вопросы о закрытой границе

► В Беларуси – новые случаи коронавируса