аўт, 29.09.2020
USD2.60|EUR3.03|RUB3.38
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"Чужыя сьвятыні". Як старадаўнія каталіцкія і ўніяцкія храмы марнеюць бязь вернікаў і ўвагі дзяржавы. ФОТА

11.03.2020 – 17:01 | 376

Радыё Свабода наведала на Магілёўшчыне мясьціны, дзе разбураюцца рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія сьвятыні – помнікі архітэктуры нацыянальнага значэньня.

Вакол іх цяпер або няма вернікаў, або засталася зусім нешматлікая грамада каталікоў і ўніятаў. Гаворка пра рэстаўрацыю сьвятыняў не ідзе. Некаторыя зь іх у найлепшым выпадку чакае кансэрвацыя.

Каталіцкія сьвятыні

Магілёўскі раён: Касьцёл сьвятога Мікалая

Будынак касьцёлу стаіць у вёсцы Княжыцы, за 10 кілямэтраў ад Магілёва. У Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў пазначаны як помнік нацыянальнага значэньня (2 катэгорыя). Узьведзены ў стылі віленскага барока паміж 1750 і 1791 гадамі.

Пабудавалі касьцёл манахі-дамінікане, якія пасяліліся ў Княжыцах у другой палове XVII стагодзьдзя і залажылі кляштар. Храм асьвяцілі ў 1780 годзе, калі тутэйшыя землі апынуліся пад расейскай уладай (першы падзел Рэчы Паспалітай – у 1772 годзе).

У 1865 годзе, пасьля паўcтаньня Каліноўскага, расейская ўлада перадала касьцёл праваслаўным, якія перабудавалі яго ў царкву і пераназвалі ў гонар Аляксандра Неўскага. У 1965 савецкая ўлада зачыніла і царкву.

Каталіцкую сьвятыню зьбіраліся рамантаваць у 1970-х гадах, аднак далей за рыштаваньні працы не прасунуліся – праз брак сродкаў. Цяпер будынак разбураецца. Вокны і праходы забітыя дошкамі.

Летась намесьнік старшыні Магілёўскага райвыканкаму Андрэй Заблоцкі абяцаў, што ў 2020 годзе з раённага бюджэту вылучаць 90 мільёнаў рублёў на кансэрвацыю помніку. У студзені ж 2020-га ў адказ на зварот кіраўніка магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алега Дзьячкова намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валер Малашка адпісаў: "З улікам абмежаваных інвэстыцыйных магчымасьцяў бюджэту выдаткі на фінансаваньне працаў на касьцёле сьвятога Мікалая ў 2020 годзе не прадугледжаныя".

Дрыбінскі раён. Касьцёл сьвятога Казімера

Касьцёл узьведзены ў стылі клясыцызму напачатку XIX стагодзьдзя ў вёсцы Ра́сна за 70 кілямэтраў ад Магілёва. Помнік нацыянальнага значэньня.

Паводле даведніка Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, расенскі касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера быў асяродкам мясцовай каталіцкай парафіі ад 1751 году. Пасьля таго як драўляны будынак згарэў у 1804 годзе, на сродкі ордэну езуітаў узьвялі мураваны і асьвяцілі ў 1819 годзе. Касьцёл закрылі ў 1930-х гадах і прыстасавалі пад клюб, а пазьней склад. Сьвятыня ў цэнтры вёскі, на вуліцы Будаўнікоў.

Цяпер помнік у аварыйным стане. Даху няма, цэгла асыпаецца. Ён на ўліку аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і справаў моладзі Дрыбінскага райвыканкаму. Чыноўнікі кажуць, што за ім прыглядаюць, наколькі дазваляюць фінансавыя магчымасьці.

Паводле мясцовых жыхароў, рамантаваць касьцёл браліся спэцыялісты з Польшчы.

"Тыя спэцыялісты знайшлі на Горадзеншчыне будынак у лепшым стане, таму кінулі наш", – кажа старшыня мясцовага сельсавету Цімафей Марціновіч.

Амсьціслаў. Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла

Касьцёл узьведзены ў стылі віленскага барока – помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя нацыянальнага значэньня за 500 мэтраў ад райвыканкаму.

Складае адзіны архітэктурны комплекс з калегіюмам езуітаў. Узьвялі сьвятыню ў 1738 годзе. У 1833 годзе, пасьля забароны дзейнасьці ў Расеі ордэну езуітаў (1820), касьцёл перарабілі ў праваслаўны Мікалаеўскі сабор.

У 1925 годзе і яго зачынілі бальшавікі. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў касьцёле месьціўся Дом культуры, а езуіцкія корпусы займала спэцшкола.

У 2017 годзе абрынуўся мур сьвятыні. Неўзабаве разбурыліся ўсе тры апорныя калёны. Цяпер ідуць працы дзеля кансэрвацыі будынку, каб "стабілізаваць яго". Сутарэньні засыпалі пяском. Цэнтральная частка будынку разбураная.

У траўні 2019 году на кансэрвацыю вылучылі 550 тысяч рублёў. Абяцаюць фінансавую дапамогу з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва.

У Мсьціслаўскім райвыканкаме кажуць, што цяпер працы прыпыненыя, але адновяцца, як паступяць сродкі.

Каталіцкі біскуп пра лёс сьвятыняў: Узьнялі з руінаў храм у Магілёве, а яго забрала дзяржава

Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласьці Аляксандар Яшэўскі кажа, што касьцёлы ў Беларусі ўтрымліваюцца на ахвяраваньні вернікаў, сродкаў на рэстаўрацыю занядбаных сьвятыняў няма. Акрамя таго, перасьцярогай у пытаньнях іх адбудовы стаў нэгатыўны досьвед стасункаў зь дзяржавай у Магілёве. Паводле сьвятара, узьнятую з руін мясцовую катэдру Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Станіслава спачатку перадалі вернікам, а калі працы скончылі, то ў 2004 годзе рашэньнем суду яе забралі ва ўласнасьць гораду.

Аляксандар Яшэўскі спадзяецца, што наступяць "лепшыя часы, калі ўлада Беларусі адрамантуе занядбаныя помнікі архітэктуры, гэтаксама як тое адбываецца ў суседніх краінах, пацярпелых ад атэістычна-камуністычнага рэжыму".

Зь ягоных словаў, акрамя Магілёва і Бабруйску, знакі каталіцкай і ўніяцкай прысутнасьці захаваліся ў 10 паселішчах рэгіёну. Усе іх лічаць сьвятынямі вернікі гэтых дзьвюх канфэсіяў.

Уніяцкія сьвятыні

Амсьціслаўскі раён. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква сьвятога Анупрэя (Ануфрыя)

Царква стаіць у былой вёсцы Ануфрыева (у 1967 далучаная да Сяльца), што за 20 кілямэтраў ад Мсьціслава. Гэта помнік нацыянальнага значэньня з рысамі пераходнага пэрыяду ад барока да клясыцызму.

Узьведзеная ў 1825 годзе манахамі-базыльянамі, царква і часткова ацалелыя "брацкія пакоі" – усё, што засталося ад Анупрэеўскага манастыра, якім два з паловай стагодзьдзі валодалі грэка-каталікі.

Паводле дасьледніка гісторыі рэлігіі, дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку "Нясьвіж" Сяргея Клімава, Анупрэеўскі манастыр быў рэзыдэнцыяй смаленскіх грэка-каталіцкіх архібіскупаў пасьля страты ў 1667 годзе Рэччу Паспалітай Смаленску.

Уніяцкі манастыр стаў праваслаўным, калі беларускія землі ўжо былі пад уладай Расейскай імпэрыі. Сяргей Клімаў кажа, што фармальнаю падставаю для гэтага была скарга ў 1835 годзе праваслаўнага сьвятара Хамы Бакарэвіча пра тое, што "ўніяцкія сьвятары навяртаюць назад у вунію вайсковых" [расьселеных у ваколіцах расейскіх вайскоўцаў]. Праз чатыры гады ў "прысутнасьці афіцэраў" грэка-каталіцкую царкву перасьвяцілі ў праваслаўную. Праваслаўнымі зрабілі і прыхаджанаў.

Праваслаўную царкву закрылі бальшавікі. У Другую ўсясьветную вайну нацысты дазволілі ў ёй праводзіць набажэнствы. Па вайне і да канца 1970-х у сьвятыні была школа. Па яе закрыцьці будынак без гаспадара. Ён аварыйны. Дах абрынуўся. Сьцены пасечаныя расколінамі. Працы дзеля ратаваньня помніку не вядуцца. Высьветліць, ці існуюць такія пляны, не ўдалося.

Пад уніяцкім храмам, на месцы могілак, пастаўлена драўляная праваслаўная цэркаўка.

Амсьціслаўскі раён. Царква Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы

Грэка-каталіцкая царква Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы пасярод праваслаўнага Ўсьпенскага манастыра, больш вядомага як Пустынкі (10 кілямэтраў ад Мсьціслава і 2 кілямэтры да беларуска-расейскай мяжы). Помнікам нацыянальнага значэньня лічыцца ўвесь манастырскі комплекс.

Пабудавалі царкву манахі-базыльяне, якія ад 1644 году пашыралі ўніяцтва на Мсьціслаўшчыне. Асьвяцілі храм у 1808 годзе.

Паводле гісторыка Сяргея Клімава, сам манастыр быў грэка-каталіцкім больш за 200 гадоў. Пасьля таго як Рэч Паспалітая страціла Смаленск, у Пустынках узьвялі катэдральны храм для грэка-каталіцкіх ярархаў.

Са скасаваньнем Уніі ў 1839 годзе манастыр стаў праваслаўным. Калі да ўлады прыйшлі бальшавікі, яго закрылі, а будынкі прыстасавалі пад дзіцячы прытулак (праіснаваў да 1960-х). Паводле мсьціслаўцаў, манастыр выкарыстоўвала служба грамадзянскай абароны для вучэньняў.

Напачатку 2000-х гадоў дзяржава адпісала манастыр праваслаўнай царкве. У ім жывуць шасьцёра манахаў. Яны кажуць, што манастырскія будыніны рэстаўруюць дзяржаўным коштам.

Занядбаную грэка-каталіцкую сьвятыню адбудова не кранула. Рэстаўратар з Амсьціслава Юры Маліноўскі кажа, што ў царкве месцамі ацалеў насьценны росьпіс. Частку фрэсак яму ўдалося ўратаваць. Паводле яго, перад царквой былі могілкі. На іх, імаверна, пахаваны этнограф, фальклярыст і лексыкограф Іван Насовіч (1788–1877).

Грэка-каталіцкі сьвятар пра лёс сьвятыняў: грошай на адбудову ня маем

Грэка-каталіцкі сьвятар з Магілёва айцец Васіль Ягораў кажа, што храмы ў Ануфрыеве і Пустынках грэка-каталікі лічаць сваімі. Ён прыгадвае, як у канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў, калі Пустынкаўскі манастыр яшчэ не перадалі праваслаўным, грэка-каталікі арганізоўвалі да яго пілігрымкі і разам з рыма-каталікамі служылі "Боскую Літургію на руінах". Не забывалі і Ануфрыева.

Сьвятар прызнаецца, што грошай на адбудову сьвятыняў грэка-каталікі ня маюць. Ён сумняецца, што гэтыя цэрквы возьмуцца ратаваць праваслаўныя, бо "яны для іх чужыя і таму наўмысна пакінутыя на разбурэньне".

АБ, svabodа.org