чцв, 2.05.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Першы беларускі музыка-электроншчык, які выступіў у Нью-Ёрку, пражыў у Горках 25 гадоў

20.02.2020 – 10:38 | 915

Павел Няхаеў, калі яшчэ быў студэнтам нашай акадэміі, ладзіў электронныя вечарыны ў Палацы культуры. Зараз арганізоўвае фэсты і выкладае ва ўніверсітэце ў Вільнюсе, але і для Горак мае цікавыя ідэі.

Прарэктар зрываў афішы і выклікаў на размову

Павел Няхаеў пачаў цікавіцца электроннай музыкай дзесьці ў 1992-1993 гг. Тады такія кліпы часам паказвалі па тэлевізары, а штосьці можна было запісаць на касеты ў музычных кіёсках. Брытанскія артысты Future Sound Of London, Orbital, The Orb і Aphex Twin – тыя, хто заклаў музыкальны густ. Аматары самай рознай музыкі з усёй Беларусі знаёміліся тады праз абвесткі ў "Музычнай газеце" ды абменьваліся касетамі і дыскамі.

"Мне пашанцавала знайсці сяброў з блізкімі поглядамі на музыку. У 1998 годзе, калі я быў студэнтам экфака, мы з групай аднадумцаў пачалі ладзіць у Палацы культуры электронныя вечарыны, якія называлі "Электратэкі". А знаёмыя хлопцы рабілі "Металтэку". Такое вось спалучэнне металістаў і электроншчыкаў у адзін вечар", – успамінае Павел.

У 1999 годзе ён, як і многія студэнты акадэміі, трапіў у Англію, дзе збіраў трускаўкі. Так з'явілася магчымасць паслухаць любімых артыстаў і прывезці новую музыку, дзякуючы якой Павел пачаў дыджэіць у Віцебску на вечарынах промагрупы Orion-1. Вечарыны ў Палацы культуры ладзіліся некалькі разоў за год. Часам яны былі бясплатныя, часам Палац культуры прадаваў квіткі. Звычайна прыходзіла па 30-50 чалавек, але бывала і больш.

Не ўсё было гладка. Часта прыходзілася выслухваць "рэкамендацыі" адміністрацыі: "Чаму вы граеце музыку без перапынкаў? Лепш паміж песнямі раскажыце пра артыстаў…" Было такое, што сам прарэктар акадэміі бегаў па карпусах і інтэрнатах – зрываў афішы, выклікаў на размову. Але і госці вечарын хацелі чуць у асноўным адно і тое ж, самае папулярнае – The Prodigy і іншы брэйкбіт.

Беларускае тэхна і брытанскі дабстэп выдатна спалучаюцца

У 2003 годзе Павел пачаў пісаць уласныя трэкі і на гэтым скончыў з дыджэінгам. З 2008, калі матэрыялу набралася дастаткова для паўнавартасных выступаў, грае толькі сваю музыку. У той жа год у Беларусь прыехаў славуты польскі фестываль Unsound. Павел стаў адным з удзельнікаў. Падчас фэсту беларускія і замежныя артысты запісвалі сумесны дыск. Павел працаваў з Робам Элісам (Pinch), знакамітым музыкам у жанры дабстэп. Беларускае тэхна і брытанскі дабстэп выдатна спалучыліся. Адзін трэк запісалі ў Мінску, іншы – у Брысталі. Яшчэ выдалі пласцінку.

Дзякуючы працы з Unsound Festival, Павел стаў першым электронным музыкам з Беларусі і тым больш з Горак, які выступіў у ЗША – у Нью-Ёрку. Там прадстаўляў таксама і еўрапейскую музыку. Праз палітычнае абвастрэнне паміж ЗША і Беларуссю, амерыканскае пасольства ў Мінску віз тады не выдавала. Падрыхтоўка да паездкі была складанай, бо на збор усіх папер сышло паўгода.

2010_tehna-demanstracyya_budapesht.jpg

Адукацыйны электронны фэст – як гэта?

У 2010 годзе Павел пераехаў у Мінск, што дало магчымасць заняцца арганізацыяй музычных і культурных падзей. У 2011 разам з сябрамі і мінскай Галерэяй "Ў" дапамаглі італьянскай камандзе правесці Live Performers Meeting – чатырохдзённы фэст-з'езд артыстаў, што займаюцца жывым відэа. Тады ў Беларусь з аўдыёвізуальнымі выступамі прыехала больш за 120 артыстаў з 20 з нечым краін. Павел займаўся іх візавай падтрымкай. Гэта цяпер у Беларусь можна прыляцець без візы, а да 2017 зладзіць выступ замежнікаў было нашмат складаней.

Потым было некалькі выпускаў мастацка-адукацыйнага фэсту Artes Liberales. Акрамя публічных лекцый былі канцэрты эксперыментальных кампазітараў з розных краін. Павел кіраваў аўдыёвізуальнай праграмай. Рэалізаваўшы шэраг музычных і культурных падзей, Павел, яго жонка Вольга Салахеева, ды іх сябры Віктар Камянецкі і Юлія Кавязіна, упэўніліся, што здольныя арганізаваць уласны фэст. Так паўстаў Mental Force – супраца двух музычных лэйблаў – Foundamental Network і Force Carriers, на якім Павел выдае музыку беларускіх тэхна-музыкаў.

Ідэя ў тым, каб гэта быў менавіта аудыёвізуальная, а не проста музычная імпрэза. На першы фэст у 2015 годзе акрамя беларусаў запрасілі артыстаў з Германіі. Яны правялі лекцыі пра найноўшыя аудыёвізуальныя тэхналогіі, якія самі распрацоўваюць.

Наступны раз у 2017 годзе маштабы павялічыліся – Mental Force аб'яднаўся з польскім Unsound і правёў трохдзённы фэст, дзе можна было пачуць як акустычна-электронны праект па творах беларуска-польскага пісьменніка Сакрата Яновіча, ці выступ, прысвечаны мастаку Язэпу Драздовічу, так і тэхна ды эксперыментальную музыку беларускіх і замежных артыстаў. А яшчэ – інтэрактыўныя інсталяцыі, дыскусіі, лекцыі і майстар-клас па працы з сінтэзатарамі.

"Такія фэсты хочацца рабіць! Праўда, каштуе такі праект шмат, трэба шукаць партнёраў і спонсараў і працаваць, як мінімум, паўгода", – расказвае Павел. Трэба так наладзіць усю працу каманды, падзяліць абавязкі, каб не было бяссонных начэй і кожны працаваў над сваёй часткай. У арганізацыі фестываляў дапамагаюць і валанцёры, якія атрымліваюць добры досвед – бачаць, як ствараецца фэст знутры.

Музычная і арганізатарская дзейнасць працягваюцца, хоць выкладанне і даследванні займаюць усё больш часу. Сярод больш чым сотні выступаў – на лясных оўпэн-эйрах, у клубах, галерэях сучаснага мастацтва і арт-кінатэатрах – былі выступы ў Рыме, Барселоне, на тэхна-дэманстрацыі перад парламентам у Будапешце. Але найчасцей – у Беларусі, Польшчы і Літве.

Фолкавыя матывы і электронная музыка

Яшчэ на першай "Электратэцы" ў Горках апроч музыкі быў візуальны шэраг – праекцыі абстрактных фота Паўла, якія, дарэчы, выстаўляліся ў Горацкай карціннай галерэі ў 2003. Для свайго першага жывога выступу Павел падрыхтаваў відэа з уласнай камп'ютарнай графікі. А потым у яго з жонкай Вольгай выдатна склаўся аудыёвізуальны дуэт. Увесь відэашэраг яны ствараюць самі.

Так, летась для выступу, прысвечанаму Мікалаю Каперніку, яны перагарнулі дзясяткі старажытных навуковых трактатаў – "ажывілі" зорныя мапы і гравюры.

"Мы з Вольгай, відаць, былі першыя, хто ў 2011 годзе пачаў выкарыстоўваць этнічныя, фолкавыя матывы ў віджэінгу – "жывым" відэаарце. Звычайна віджэі (VJ) паказваюць камп'ютарныя абстракцыі. А ў нас жа з'явіўся беларускі арнамент – спачатку лічбавы, а потым сапраўдная вышыўка, якую рабіла Вольга. Не проста так, дзеля прыгажосці – таго патрабавала музыка. Напрыклад, у мяне ёсць трэк, запісаны разам з маёй бабуляй – песня пра шэрую зязюлю. Ілюстраваць беларускую баладу трэба чымсьці такім жывым. Прыемна, што іншыя артысты потым сталі спалучаць сучаснасць і традыцыю", – дзеліцца Павел.

2013_-_vystup_u_belastoku._ilyustracyya_da_pesni_yakuyu_spyavala_babulya_paula.jpg

"У нас нельга быць проста вольным мастаком ці музыкам"

У грамадскім, ці, як гаворыць сам Павел, цывільным жыцці наш суразмоўца – выкладчык у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільнюсе. Яшчэ працуючы ў Горках, дзе ён выкладаў міжнародныя эканамічныя адносіны (і, дарэчы, стварыў лагатып, якім экфак карыстаецца да сёння), паралельна вучыўся ў магістратуры ЕГУ. Пасля яе заканчэння ў 2008 годзе Паўлу прапанавалі распрацаваць свой курс пра ролю музыкі, гуку і аўдыёвізуальных тэхналогій у сучаснай культуры.

Яшчэ праз некалькі гадоў Павел стварыў курс пра крэатыўныя індустрыі – першы курс на гэтую тэму, накіраваны менавіта на аналіз беларускай крэатыўнай эканомікі. Студэнты аналізуюць дзейнасць фэстаў, галерэй, IT-кампаній, музыкаў, мастакоў, рэжысёраў, фэшн-дызайнераў ды іншых творцаў у беларускім асяроддзі. Як гаворыць сам Павел, пяць-сем гадоў назад тэмай культурных і крэатыўных індустрый нарэшце пачалі актыўней цікавіцца і ў нашай краіне. На жаль, пакуль не на дзяржаўным узроўні.

"У нас няма дзяржаўнай сістэмы крэатыўных індустрый. Яна не зафіксавана ні ў заканадаўстве, ні ў эканамічнай статыстыцы. Але ў Беларусі яна даволі моцная і дынамічная. На занятках студэнты маглі прапанаваць сваё бачанне развіцця гэтай сферы, якая яднае культуру і эканоміку", – тлумачыць суразмоўца.

Па ўсім свеце творчыя людзі часта не абароненыя кантрактамі, не маюць прафсаюзаў, якія б адстойвалі іх правы. Творчая праца – гэта ненармаваны працоўны дзень, нестабільны заробак, неабходнасць пастаянна засвойваць новыя навыкі, нават мяняць спецыяльнасці. У Беларусі гэта яшчэ абцяжарваецца "дэкрэтам пра дармаедаў" – у нас нельга быць проста вольным мастаком ці музыкам. Тэарэтычна можна атрымаць статус творчага работніка, каб дзяржава не лічыла вас дармаедам, але трэба прайсці сертыфікацыю, што, на думку Паўла, ганебна. Многія сучасныя творцы працуюць адначасова ў некалькіх сферах – напрыклад, ствараюць музыку ці мультымедыйныя творы і інсталяцыі пры дапамозе праграмнага коду: "У такіх выпадках камісія падвісае – не разумее, як гэта класіфікаваць”.

Студэнты на курсах Паўла пачынаюць знаёмства з музыкай ад самых яе каранёў – даведваюцца, як яна ўзнікла, як, дзякуючы музыцы, песні і танцу паўсталі розныя грамадствы са сваімі адметнымі культурамі. Паступова даходзяць да вывучэння сучасных гукавых тэхналогій, спрабуюць стварыць уласныя трэкі, падкасты, ці агучку для фільмаў, аналізуюць сучасную музычную індустрыю. Сёння музыкі мусяць самі рэкламаваць сваю творчасць альбо наймаць менеджара. З аднаго боку, зараз больш магчымасцяў стаць вядомым, з іншага – стрымінгавыя музычныя сэрвісы выкарыстоўваюць музыку і яе аўтараў проста як прынаду, збіраючы маркетынгавую інфармацыю пра слухачоў і зарабляючы на яе перапродажы іншым карпарацыям. Усё гэта не зусім адпавядае рамантычным уяўленням многіх музыкаў і іх аматараў.

Альтэрнатыва былой савецкай культуры

Расказаў нам Павел і пра гісторыю беларускай электроннай музыкі. Яна з'явілася ў 1992-1993 гг., калі прайшлі першыя такія вечарыны. Ужо ў 1997 годзе ў Мінскім кінатэатры "Салют" адбыўся першы фэст, на якім выступілі паўтара дзясяткі праектаў з уласнай музыкай. Пад канец 90-х у нашай краіне склалася дастаткова спелая сцэна электроннай музыкі, прычым многія артысты таксама былі не з Мінску. З некаторымі з іх Павел трымае сувязь і сёння.

Той перыяд быў вельмі важным для краіны, бо моладзь будавала новую ідэнтычнасць – альтэрнатыву былой савецкай культуры і "ўраўнілаўцы". Апошнія 25 гадоў – таксама ў вялікай ступені стагнацыя і культурная ізаляцыя краіны. Адрознасць жа электроннай музыкі ў тым, што для яе няма межаў і моўнага бар'еру – камунікацыя ідзе на эмацыйным узроўні праз музыку, танец і візуальныя вобразы.

Музыкі, дыджэі і мастакі часта працавалі як культурныя дыпламаты, навязвалі кантакты з усім светам ды годна прадстаўлялі нашу культуру за мяжой, калі дзяржава не рабіла гэтага зусім ці падтрымлівала толькі асобныя часткі культуры. Цяпер электронны рух стаў моцным і складаным – беларуская сцэна вырасла настолькі, што ахапіць усё, што на ёй адбываецца – немагчыма.

Крыху ідэй для Горак

У канцы размовы Павел прапанаваў Горкам некалькі ідэй. Адна з іх – часцей выкарыстоўваць амфітэатр для канцэртаў і фэстаў: "Выдатнае месца, дзе можна ладзіць не толькі гарадскія святы, але і міжнародныя фэсты".

"У Горак вялікі культурны патэнцыял, бо тут заўсёды шмат разумнай, таленавітай моладзі. Я б хацеў калі-небудзь нешта арганізаваць тут. Пакуль, шчыра кажучы, не хочацца мець справу з нашай бюракратыяй, бо цябе заўсёды імкнуцца змусіць да кампрамісаў, якія не найлепшым чынам адбіваюцца на якасці падзеі і ўражаннях яе ўдзельнікаў. Але з задавальненнем прыеду з нейкай лекцыяй", – кажа наш суразмоўца.

А яшчэ можна выдаць кнігу-гід пра Горкі ці адзін з раёнаў. Нядаўна Павел стаў суаўтарам гіда-комікса пра мінскі спальны раён Серабранка. Гэта сумесны праект маладых архітэктараў, урбаністаў, мастакоў і мясцовых жыхароў, падчас якога яны хацелі звярнуць увагу на гэтую частку беларускай сталіцы, разбіць медыйныя міфы пра крымінальнасць і нецікавасць раёна і сапраўды даведацца пра тое, чым жывуць мясцовыя жыхары. Героямі кнігі сталі 9 жыхароў раёна ад 18 да 75 гадоў.

Павел працаваў як сацыёлаг – збіральнік вуснай гісторыі: "Маёй працай былі інтэрв'ю з жыхарамі Серабранкі. Падчас прагулак з героямі па раёне, я запісваў іх аповеды, аналізаваў ды складаў заданні для мастачак-ілюстратарак", – расказвае Павел. Гісторыі і маршруты праілюстравалі тры мастачкі, а Павел стварыў тэкст комікса.

Такі праект можна зрабіць пра любы горад ці раён і выдаць нават зусім без грошай – хаця б у электронным выглядзе. Галоўнае – сабраць каманду! Павел гатовы яе пракансультаваць, "перадаць тэхналогію".

Валерыя Прыгарына, фота: асабісты архіў Паўла Няхаева

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email