сер, 26.02.2020
USD2.23|EUR2.42|RUB3.42
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як хочуць зьмяніць дзяржаўны герб

13.02.2020 – 15:09 | 293

Каб зрабіць дзяржаўны герб "больш сучасным", дададуць залатога колеру, а зорку зробяць "менш мілітарысцкай". Піша Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода.

"Зьмяніліся канцы асьцюкоў калосься"

Распрацоўвала праект закону аб зьменах у закон аб дзяржаўных сымбалях Міністэрства юстыцыі. Там карэспандэнту Свабоды паведамілі, што прапануюцца "нязначна адрэдагаваныя" эталённыя выявы дзяржаўнага герба ў адным, двух і многіх колерах.

Над зьменамі ў выяве герба, якія ў міністэрстве называюць "тэхнічнымі", працавала геральдычная рада пры прэзыдэнце Беларусі.

У верхняй частцы герба падкарэктавана выява зоркі, яна прадстаўлена ў плоскасным варыянце з контурнай абводкай, і краі промняў маюць нязначны нахіл, там мяняецца градыент.

"Гэта робіцца дзеля таго, каб выява герба была больш аб’ёмная. Цяпер усё часьцей кажуць пра 3Д-выяву, і трэба, каб герб глядзеўся яшчэ прыгажэй", – сказалі ў прэс-службе міністэрства.

  • Мадэляваньне формы каласоў у правай і левай частках прыведзена ў дэкаратыўным варыянце.
  • Зьмяніліся канцы асьцюкоў, выявы кветак канюшыны і лёну сталі больш аб’ёмнымі.
  • Удакладнена выява стылізаванага контуру тэрыторыі дзяржавы.
  • Выявы мацерыкоў сталі больш выразнымі і геаграфічна выверанымі.
  • Сеткі паралеляў і мэрыдыянаў ня будуць ярка выяўленымі, стануць танчэйшымі.
  • Больш выразным будзе мастацкае рашэньне стужкі з надпісам "Рэспубліка Беларусь".

Падставай для зьменаў сталі прапановы грамадзян.

"Менавіта ад грамадзян гучала прапанова зьмяніць грані зоркі, бо ў папярэднім варыянце грані вельмі выразныя, і быў нейкі мілітарысцкі характар, як у вайсковай зоркі. Дык вось ад гэтага адышлі, зорка стала больш аб’ёмнай. І таксама многім не падабаліся лініі мэрыдыянаў, таму яны сталі сьвятлейшымі. У выніку цяперашні стандарт стаў больш тэхнічна дасканалым", – сказалі ў прэс-службе.

Акрамя таго, зялёны контур Беларусі замянілі на залаты, каб ён лепш спалучаўся з сонечнымі промнямі.

У Міністэрстве юстыцыі патлумачылі, што канкрэтныя тэрміны замены старога гербу на абноўлены ва ўстановах ня вызначаныя. "Да эталёну мы прыйдзем паэтапна, паступова. Ня трэба будзе імгненна выдзяляць фінансавыя сродкі для замены", – сказалі ў міністэрстве.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Віктар Сьвіла сказаў карэспандэнту Свабоды, што замена афіцыйнага герба зь зялёным контурам на герб з залатым контурам будзе адбывацца паступова, і гэта не запатрабуе дадатковых сродкаў зь бюджэту.

"Каштаваць ня будзе ніколькі, бо зьмест нашых сымбаляў не мяняецца. У законапраекце прадугледжаны пераходны пэрыяд. Ён не вымушае ўласьнікаў траціць нейкія сродкі на іх замену проста цяпер, адразу як будзе прыняты гэты закон. Наогул, бюджэт не панясе выдаткаў", – сказаў дэпутат.

 svaboda.org

Падзяліцца