суб, 22.02.2020
USD2.21|EUR2.39|RUB3.44
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Былы кіраўнік Магілёўскай вобласьці Пётар Руднік хоча спагнаць са СМІ 5,2 мільёна эўра. Грошы пойдуць на мадэрнізацыю

27.01.2020 – 17:44 | 1050

Дырэктар "Магілёўхімвалакна" і былы кіраўнік адміністрацыі Магілёўскай вобласьці Пётар Руднік абурыўся непраўдзівай інфармацыяй пра сваё затрыманьне і ідзе ў суд. Піша Алесь Пілецкі, Радыё Свабода.

24 студзеня шэраг СМІ апублікавалі інфармацыю пра незвычайнае вяртаньне самалёта авіякампаніі "Белавія", які ляцеў зь Менску ў Мюнхэн. Борт вярнулі ў Горадню, дзе, паводле папярэдняй вэрсіі, з самалёта папрасілі выйсьці людзей з прозьвішчамі Крыштаповіч і Руднік. Некаторыя журналісты палічылі, што гэта дырэктар цукровага камбінату ў Гарадзеі Міхаіл Крыштаповіч і дырэктар "Магілёўхімвалакна" Пётр Руднік.

Больш канкрэтная інфармацыя пра здарэньне зьявілася толькі ў панядзелак, 27 чысла. Аказалася, што сярод зьнятых з авіярэйсу сапраўды быў дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч. А вось замест Пятра Рудніка гэтым жа самалётам ляцеў, хутчэй за ўсё, дырэктар Слуцкага цукровага камбінату Мікалай Пруднік. Афіцыйнай інфармацыі пра яго затрыманьне пакуль няма. На прадпрыемстве кажуць, што дырэктар у адпачынку.

Тым часам дырэктара "Магілёўхімвалакна", былога магілёўскага абласнога начальніка Пятра Рудніка публікацыі пра яго магчымае затрыманьне ў Горадні абурылі. Як сказаў Свабодзе яго намесьнік па ідэалягічнай працы Віталь Зянькоў, начальнік распарадзіўся зьвярнуцца ў суд з пазовам на 5,2 мільёна эўра.

"Пётар Міхайлавіч абураны гэтымі публікацыямі, – сказаў Свабодзе Зянькоў. – Цяпер наша служба бясьпекі працуе над зборам публікацый зь імем Пятра Міхайлавіча. Мы маем намер зьвярнуцца ў суд з пазовам да ўсіх СМІ, якія апублікавалі гэта.

Пётар Міхайлавіч сказаў, што яму асабіста ад СМІ нічога ня трэба, а вось для прадпрыемства хай аплацяць другую чаргу мадэрнізацыі. Будзе такі першы ўзнос. Распаўсюдзілі неправераную і ілжывую інфармацыю пра нашага кіраўніка і наша прадпрыемства. Ідэя спагнаць грошы належыць асабіста Пятру Міхайлавічу".