суб, 22.02.2020
USD2.21|EUR2.39|RUB3.44
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Беларускамоўны ютуб-канал зрабіў кавэр на саўндтрэк "Ведзьмара"

24.01.2020 – 18:42 | 113

Ютуб-канал Youbel запісаў відэакавэр на саўндтрэк тэлесэрыялу "Вядзьмар" (The Witcher) ад Netflix, зьнятага па матывах апавяданьняў польскага пісьменьніка Анджэя Сапкоўскага – піша Радыё Свабода.

"Вядзьмар" стаў адным з самых папулярных тэлешоў Netflix.​

Тэкст для кавэру пераклаў паэт Віталь Рыжкоў, сьпявала – Валерыя Суравіцкая.

Летась канал Youbel распачаў краўдфандынг на відэаабсталяваньне, каб ствараць на сваім ютуб-канале беларускамоўны кантэнт. На праект ахвяравалі 143 рублі, хацелі сабраць 1000 рублёў.

Раней свой кавэр на саўндтрэк "Ведзьмара" запісваў фальклёрны ансамбль "Тутэйшая Шляхта".

Што яшчэ рабілі беларускія фанаты "Ведзьмара"?

Перакладчыцкая суполка "RэZэрвацыя" сабрала на Talaka.org 4120 рублёў на пераклад і агучваньне па-беларуску тэлесэрыялу "Вядзьмар". Усяго праекту неабходна 7780​ рублёў.

Суполка хоча ня проста агучыць па-беларуску першы сэзон (8 сэрый, кожная па 60 хвілін, выйшаў у канцы 2019 году), але і выдаць пераклад легальна на сэрвісе Netflix, а таксама зрабіць плятформу для далейшай супрацы з Netflix. Апошняе дасьць магчымасьць пасьля перакласьці і агучыць, напрыклад, "Чорнае люстра" (Black Mirror) ці "Дзіўныя справы" (Stranger Things).

Што важна ведаць пра "Ведзьмара"?

Сьвет "Ведзьмара" падобны да сярэднявечнай Усходняй Эўропы, але населены ня толькі людзьмі, але і эльфамі, і монстрамі. Ведзьмары – адмыслова натрэніраваныя паляўнічыя на монстраў, яны перажылі фізычныя мутацыі. Яны згодныя зьнішчаць неразумныя стварэньні, якія замінаюць людзям, але ў канфлікты людзей ведзьмары звычайна ня ўвязваюцца. Галоўны ж герой кніг Сапкоўскага, Геральт з Рыўі, пастаянна ўцягваецца ў людзкія войны і інтрыгі супраць уласнай волі.

Анджэй Сапкоўскі распачаў сэрыю кніг "Вядзьмар" у 1986 годзе, цяпер выйшла 5 кніг "асноўнай" сагі, 2 зборнікі кароткіх апавяданьняў і асобны "дадатковы" раман з тымі ж героямі, а таксама іншыя апавяданьні пра сьвет "Ведзьмара". Па матывах кніг ужо:

  • здымалі польскі тэлесэрыял (Wiedźmin, 2002);
  • выпусьцілі 3 відэагульні The Witcher (апошнюю, The Witcher 3: Wild Hunt, нярэдка называюць адной з найлепшых гульняў дзесяцігодзьдзя);
  • зьбіраюцца здымаць мультфільм (Netflix ужо працуе над ім з камандай свайго сэрыялу "Вядзьмар" і карэйскай студыяй Mir).

 АП, svaboda.org