суб, 20.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Андрэй Юркоў: "Вось чаму я за незалежнасць"

21.01.2020 – 19:06 | 771

Ужо гадоў 20 наша Беларусь амаль кожны Новы год сустракае з трывогай: будзе газ, нафта і цяпло ў хатах ці не? Будуць расці заробкі ды пенсіі, ці цэны і курс долара? У рэшце, будзе наша краіна, ці не? За доўгія гады жыцця ў падвешаным стане становіцца зразумела, што такі ход падзей вельмі выгадны нашым уладам.

Чаму? Бо яны прымушаюць нас жыць у пастаянным страху за заўтрашні дзень і думаць не пра тое, хто і як намі кіруе, а спадзявацца на нашых чыноўнікаў, каб не далі памерці з голаду і холаду. Гэтым наша кіраўніцтва штогод па-майстэрску карыстаецца, ведучы перамовы з Расіяй пра танныя нафту і газ.

Безумоўна, танная сыравіна – гэта добра. Але нашы суседзі за апошнім часам неяк навучыліся жыць па рэальных коштах і адчуваюць сябе не горш за нас. Польшча, Літва, Латвія, а цяпер ужо і Украіна неяк знаходзяць на гэта грошы. Канечне, у іх няма такой, як у нас, арміі чыноўнікаў, сілавікоў, кантралёраў-рэвізораў... Таму лягчэй. Думаю, калі б скараціць хаця б на палову гэтай нашай арміі – не трэба б было баяцца ніякіх расійскіх падаткавых манёўраў.

Я цудоўна разумею, што гэта не простая задача. Але вырашаць яе трэба, як мага хутчэй. Бо што мы бачым сёння? Расце з кожным днём разрыў паміж заробкамі і пенсіямі чыноўнікаў і працоўных. Улады паказваюць сярэдні заробак па нашым рэгіёне даволі аптымістычна, як і пенсію. Але людзей гэтымі лічбамі не падманеш. Некаторыя нашы землякі ўжо даўно "галасуюць нагамі" – з'язджаюць з Беларусі. Мясцовы бізнес засыхае. Бо так, адчыніць прадпрыемства сёння лёгка. Але як плаціць такія падаткі? Калі ў суседніх краінах да 26-27 гадоў моладзь наогул не плаціць падаткаў з даходу, туды лепшыя нашы грамадзяне і з'язджаюць.

Карыстаючыся тым, што наш народ знаходзіцца ў такім прыдушаным стане, наша суседка рэгулярна нагадвае, што не супраць нас "праінтэграваць" (а можа, і праглынуць?). Што дасць беларускаму народу такая інтэграцыя? Танныя газ і нафту? Ну так, яшчэ на некалькі гадоў. Але ці будзе гэтак далей? Расійскі бюджэт зусім не бяздонная бочка – нездарма там паднялі пенсійны ўзрост, а яшчэ планамерна растуць кошты. Інвестыцыі? Дык пад заходнімі санкцыямі расіяне тыя інвестыцыі самі днём з агнём шукаюць і бізнес стаіць з працягнутай рукой у чарзе перад чыноўнікамі. Абарону? Ад каго? Акрамя Расіі мы даўно нікому не патрэбны. Памяняюцца нашы чыноўнікі на расійскіх? Ну, красці болей будуць – бадай і ўсе перамены…

Хто не верыць мне, параўнайце, як развіваюцца нашы памежныя з Расіяй вобласці і раёны і  памежныя з Польшчай. Як кажуць у Адэсе: "Две большие разницы".

Што ж яшчэ хутчэй за ўсё атрымаем, дык гэта труны, бо Расія ўжо ваюе і калі скончыцца тая вайна, а калі пачнецца новая – хто ведае. Што яшчэ? Эміграцыя моладзі. Моладзь у Расіі даўно ўжо не дурная – паміраць за алігархаў і крамлёўскіх правадыроў не хоча. Згортванне нашага ІТ-сектара. Бо ён завязаны на Захаду, а той падтрымліваць расійскіх хакераў падчас глабальных канфрантацый і санкцый не стане. Хаця б з мэтаў бяспекі. Нашы праграмісты проста з'едуць.

Знікненне заходніх "санкцыйных" тавараў у нашых крамах і медыцынскіх прэпаратаў, як зараз адбываецца ў суседняй дзяржаве. Наогул, на доўгі час знікнуць перспектывы. Вось чаму я за незалежнасць, за Беларусь. Нашы сённяшнія праблемы ў стане вырашыць толькі мы самі. Зменімся, перастанем баяцца, будзем змагацца за праўду, вучыцца і будзе жыць наша краіна, будзем добра жыць і мы.

Андрэй Юркоў

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email