чцв, 7.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У Горках вучыўся каталіцкі святы

02.04.2014 – 18:00 | 1572

У Горках сярод значнай часткі вернікаў-каталікоў у сярэдзiне 19 ст. былi выкладчыкi i студэнты мясцовага земляробчага iнстытута. Самы славуты з іх – былы студэнт Рафал (Юзаф) Калiноўскi, прызнаны Касцёлам Святым.

На сайце horki.info з'явіўся матэрыял горацкага ксяндза Андрэя Кеўліча пад назваю "Кароткі нарыс Горацкай каталіцкай парафіі". Хацеў бы да яго дадаць гэты артыкул.

Рафал (Юзаф) Калiноўскi.

Паступаць у Горкі не хацеў

Юзаф нарадзіўся ў Вільні 1 верасня 1835 г. у сям'і Андрэя Каліноўскага і Юзэфы Палонскай. 9 верасня яго хрысцілі ў віленскім касцёле святога Яна. Да васьмі гадоў вучыўся дома, а ў 1843 разам са сваім братам Віктарам паступіў у Шляхецкі інстытут (закрытая навучальная ўстанова для дзяцей высакароднага паходжання).

Знойдзеная метрыка хросту Юзафа Каліноўскага ў касцёле св.Яна ў Вільні 9 верасня 1835 года.

Цiкава, што мовай выкладання там была руская і французская. Юзаф старанна вучыўся і ў 1850 г. скончыў з залатым медалём. У якасці ўзнагароды імя Ю.Каліноўскага было выбіта на мармуровай дошцы гэтага інстытута.

Паўстала пытанне: дзе вучыцца далей? Да гэтага часу ўніверсітэт у Вільні быў ужо зачынены. Бацька прапанаваў Юзафу i другому сыну Вiктару паехаць на вучобу ў Горы-Горацкi земляробчы інстытут. Віктар ахвотна пагадзіўся, Юзаф жа вагаўся, але не асмеліўся сказаць пра гэта бацьку.

Толькі праз нейкі час, апісваючы сваё жыццё ў "Споведзi", Каліноўскі прызнаецца, што ў душы меў жаданне паступіць у духоўную семінарыю ў Вільні.

Так, у 1850 г. браты Калiноўскiя аказалiся ў Горках. У свой час, мы шукалi дакументы аб вучобе Ю.Калiноўскага ў горацкім iнстытуце, але, на жаль, у Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi знайсцi iх пакуль не ўдалося.

З летнiх канiкул 1852 г. Юзаф у Горкi ўжо не вярнуўся. Вырашыў вучыцца ў Пецярбургу.

Перамены ў душы

Спачатку Ю.Каліноўскі планаваў паступіць у школу, дзе рыхтавалі інжынераў па будаванню дарог і мастоў. Аднак яго не прынялі з прычыны адсутнасьці месцаў. Таму вырашыў ісці вучыцца ў Мікалаеўскую ваенна-інжынeрную акадэмію.

Вучыўся добра, быў дысцыплінаваны. Акадэмію скончыў у 1855 і атрымаў дыплом інжынера-механіка будаўнічых работ. У пачатку ліпеня 1856 Юзаф атрымаў чын падпаручніка расійскай арміі, а праз год, у чэрвені 1857, скончыўшы навучанне, – чын лейтэнанта.

Добрага студэнта пакiнулi працаваць ад’юнктам матэматыкі. Вядома, што ў тыя часы Юзаф далучыўся да падпольнага польскага рэвалюцыйнага гуртка Дамброўскага-Серакоўскага.

Якраз тады ў гурток уваходзiў i Людвіг Звяждоўскі, будучы кiраўнiк паўстання ў Горках у красавiку 1864 г. Ён у той час вучыўся ў ваеннай акадэміi Генштаба. Несумненна, што Звяждоўскі і Ю.Каліноўскі сустракалiся.

Аднак хутка планы ў Юзафа памянялiся i ў пачатку красавіка 1859 г. ён адмовіўся ад выкладчыцкай працы ў Пецярбургу і паехаў у Курск. Там працаваў на будоўлi чыгуначнай лініі  Курск – Канатоп.

У гэты перыяд, як ён пісаў у лісце да брата Віктара, няспынная праца над сабой, далёка ад людзей, здзейсніла вялікую перамену ў душы. Юзаф "распазнаў велізарную патрэбу ўсталяваных рэлігійных паняццяў і канчаткова да іх звярнуўся".

Унутраную перамену Каліноўскі прыпісваў уплыву "Споведзі" Святога Аўгусціна (філосафа, прапаведніка, хрысціянскага багаслова і палітыка, Святога каталіцкай царквы), якую шмат разоў перачытваў.

Аднак хутка спынiлася фінансаванне будаўніцтва чыгункi, i Юзаф папрасіў перавесці яго ў фартэцыю ў Берасце, куды прыбыў у пачатку лістапада 1860.

Да 1863 г. служыў інжынерам-капітанам у Берасцейскай фартэцыі. Жывучы ў Берасці, Юзаф працягваў духоўныя разважанні над "Споведдзю" Святога Аўгусціна. Гэта прывяло Ю.Каліноўскага да пераканання: неабходна прысвяціць жыццё служэнню каталiцкай царкве.

Удзел у паўстанні і ссылка

У траўні 1863 Ю.Каліноўскі дэмабілізаваўся з войска па стане здароў’я. Вярнуўся ў Вільню, пачаў там працаваць настаўнікам геаметрыі ў гімназіі.

У гэты час Юзаф падтрымліваў кантакты з многімі кіраўнікамі паўстання і ўвайшоў у склад Нацыянальнага ўраду паўстання. Як былому ваеннаму яму ў чэрвенi 1863 г. даручылi ўзначалiць ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы.

Пасля падаўлення паўстання Ю.Каліноўскі 13 сакавіка 1864 г. быў арыштаваны. Дагэтуль за ўдзел у паўстанні ўжо былі пакараны яго браты: Віктар – выхаванец Горы-Горацкага земляробчага iнстытута, Караль і Габрыель.

2 чэрвеня 1864 г. Юзафу абвясцілі прысуд: смяротнае пакаранне праз расстрэл. Гэтую вестку ён прыняў спакойна. Рыхтуючыся да смерці, паспавядаўся і прыняў святое Прычасце. Аднак сям’я выкарыстала ўсе магчымасьці, каб дабіцца адмены смяротнага прысуду. I ў выніку вырак быў заменены на 10-гадовую ссылку.

Пазбаўлены шляхецкіх правоў і матэрыяльных дабротаў, з сабой у дарогу Ю.Каліноўскі ўзяў крыж, Новы Запавет i кнігу Тамаша Кемпійскага "Следам за Хрыстом".

Ва Усоллі, куды Ю.Каліноўскага накiравалi ў ссылку, знаходзіліся саляныя крыніцы і варніцы, дзе працавалі ссыльныя. Ён жыў у бараку, у якім месцілася каля ста вязняў. Тады ўжо думаў пра ўступленне ў манаскі ордэн, шмат маліўся. Удасканаліў свае веды у лацінскай, англійскай, французскай мовах.

У ссылцы Юзаф Каліноўскі быў абраны адным з суддзяў. Стараўся дапамагаць іншым нe толькі маральна, але і фізічна.

24 ліпеня 1872 г. Юзаф быў вызвалены з сібірскай ссылкі і адправіўся ў Вільню. Аднак яму не дазволілі пасяліцца ў родным горадзе, некаторы час давялося жыць у Смаленску. У красавіку 1874 года Ю.Каліноўскі змог прыехаць у Варшаву.

"Трэба мець чыстае сэрца"

15 ліпеня 1877 г. Ю.Каліноўскі прыбыў у дом айцоў-кармелітаў у Грацы (Аўстрыя), дзе ўступіў у Ордэн кармелітаў босых і 26 лістапада 1877 прыняў манаскае імя – брат Рафал.

Ордэн кармелітаў атрымаў сваю назву ад гары Кармель, якая знаходзіцца ў Ізраілі. Яна была месцам, на якім узвялі капліцу ў гонар Дзевы Марыі яшчэ перад узяццем яе на нябёсы. А называецца Ордэн "босых кармелітаў", бо належаў да так званых рэлігійных "ордэнаў жабрацтва". Яны не мелі ўласнасці і прымалі зарок беднасці з мэтай прысвяціць усю сваю энергію і час рэлігійнай працы.

Да 1881 г. Рафал-Юзаф вучыўся ў г.Рааб у Венгрыі, а ў студзені 1882 г. атрымаў пасвячэння дыяканату, а праз тыдзень – святарства. Служыў настаяцелем кляштару ў в.Чэрна каля Кракава, а пасля – у Вадавіцах.

З 1899 г. – Генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Праславіўся святасцю і асаблівым дарам спаведніка.

Акрамя службы Рафал пiсаў рэлігійна-філасофскія трактаты. Быў аўтарам цiкавых успамінаў пра паўстанне 1863-1864 гг.

Памёр у 1907 г. ад сухотаў. Ягонае цела было перавезена і пахавана на кляштарных могілках у Чэрнай, якія сталі месцам пілігрымавання мноства вернікаў.

Рафал (Юзаф) Калiноўскi быў прызнаны каталіцкім святым.

Рафал-Юзаф быў прылічаны да ліку блаславёных Папам Янам Паўлам ІІ у 1983 г., кананізаваны – у 1991 г. Каталіцкая Царква лічыць, што Святы Рафал Каліноўскі – апякун афіцэраў і салдат, заступнік у цяжкіх і безнадзейных сітуацыях.

Чым ён заслужыў такую павагу? Як адзначае айцец Аркадзь Куляхаe, "Рафал Каліноўскі гарэў вялікай любоўю да Касцёла і прагнуў яго еднасці, таму ў сваіх малітвах прасіў Бога аб паяднанні паміж хрысціянамі і да такой малітвы заахвочваў іншых. Ён ведаў дасканала як праваслаўных, так і пратэстантаў…

Сваё пакліканне айцец Рафал бачыў перадусім у служэбнай любові і прысвячэнні сябе іншым. Маліўся ён так: "Божа, калі я павінен жыць, то ўчыні, каб ужо толькі дзеля Цябе жыў праз учынкі, здзейсненыя з любові да Цябе".

Сучаснікі называлі святога Рафала хадзячай малітвай. Ён сам вучыў: "Для таго каб маліцца, трэба мець чыстае сэрца".

Для верніка-каталіка Рафал стаў апекуном і заступнікам у розных жыццёвых сітуацыях: аддаленні ад Бога, пошуках веры, працэсе навяртання, а таксама з’яднання ў веры.

"Нам нельга сумнявацца ў тым, што Бог у сваёй міласэрнасці кожнаму вызначыў заданне, якое ён павінен выканаць на гэтым свеце. Калі хочаш стаць святым, стаць дасканалым, будзь верным выканаўцам сваіх абавязкаў", – верыў Рафал.

Малітоўны ўспамін святога Рафала Каліноўскага ў каталіцкай царкве ў Беларусі адзначаецца штогод 20 лістапада. Добра было, калi б такi ўспамiн пра былога студэнта Горы-Горацкага земляробчага iнстытута, якi стаў святым, адбываўся i ў Горках.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email