суб, 26.09.2020
USD2.60|EUR3.03|RUB3.38
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Настаўнік біялёгіі з Магілёва зарабляе на мурашах. Рэнтабэльнасьць 100%

14.12.2019 – 15:56 | 558

Жыхар Магілёва Андрэй Кавалёў захапленьне мурашамі зрабіў бізнэсам. Зь ягоных словаў, продаж мурашыных фэрмаў дае неблагі прыбытак, бо яны становяцца модным заняткам. Ён спадзяецца, што сярод пакупнікоў знойдуцца тыя, хто разгадае нераскрытыя таямніцы жыцьця мурашоў. Піша Радыё Свабода.

Пра Андрэя Кавалёва сьцісла

  • 45 гадоў. Зарэгістраваны рамесьнікам.
  • Мае вышэйшую адукацыю і 17-гадовы стаж настаўніка біялёгіі й хіміі.
  • У настаўніцкай карʼеры зрабіў 5-гадовы перапынак, каб "пазбыцца адчуваньня, што пэдагог пераўтвараецца у робата".
  • Пакуль быў бяз сталага занятку, шукаў тое, што "да душы". Захапіўся разьвядзеньнем і продажам мурашоў.
  • Сёлета вярнуўся ў настаўніцтва – на паўстаўкі працуе ў сельскай школе.

"За тры месяцы прадаў амаль 100 мурашыных калёніяў"

Пачаць бізнэс на мурашах Андрэй задумаў год таму. Шэсьць месяцаў шукаў інвэстыцыяў. Кажа, што ў бытнасьць беспрацоўным яму пашанцавала стаць уладальнікам бязвыплатнай дзяржаўнай субсыдыі ў 1000 даляраў на пачатак справы. Ён з усьмешкай згадвае, як, зьбіраючы неабходны пакет дакумэнтаў на дапамогу, мусіў даказваць, што мурашы – "таксама жывёлы", бо ў пераліку істотаў, на якіх можна ў Беларусі зарабляць, іх не было.

Субсыдыю яму выдалі сёлета ў траўні, а ў ліпені мужчына прадаў першы мурашнік. За наступныя тры месяцы зарабіў досыць, каб вярнуць дзяржаве тую дапамогу.

"Неўзабаве прадам юбілейную, сотую мурашыную фэрму", – хваліцца ён, паказваючы сваю майстэрню, уладкаваную ў памяшканьні былой прамысловай базы на ўскрайку гораду.

Андрэй кажа, што асноўны кантынгент пакупнікоў – бацькі, якія ня выстаялі перад просьбамі дзяцей. Цана ягоных мурашнікаў вагаецца ад 56 да 139 рублёў, рэнтабэльнасьць сягае 100 працэнтаў.

Ён кажа, што папулярнасьць гадаваньня свойскіх мурашоў у Беларусі расьце, спрыяе рэкляма на розных інтэрнэт-пляцоўках. Адзначае, што яшчэ тры гады таму прадавалі блізу 1000 мурашыных калёніяў за год. Сёлета патрэба рынку ад 3 да 7 тысяч.

Паводле суразмоўцы, летась толькі ў сьнежні у Беларусі прадалі пад 500 калёніяў на суму больш як 20 тысяч даляраў. Завозяць мурашоў пераважна з Украіны і Расеі.

"У кожнай мурашынай калёніі свой мэнталітэт"

Андрэй кажа, што сам заняўся мурашамі з прафэсійнай цікавасьці. Спачатку яго, настаўніка біялёгіі, захапіла назіраньне за жыцьцём мурашынай калёніі ў сваім фармікарыі (гадавальніку мурашоў). Ён прызнаецца: калі яго засяляў, то "дрыжаў ад хваляваньня, бо хацеў раскрыць таямніцу, як мурашы абменьваюцца між сабою інфармацыяй". Са словаў біёляга, існуюць пакуль толькі тэорыі на гэты конт.

"Прабірку з мурашамі, якія меліся распаўзьціся па фармікарыі, я назіраў хвілінаў пятнаццаць, – згадвае Андрэй. – На імгненьне адвёў вочы, а калі паглядзеў зноў на прабірку, то ў ёй не было ўжо ні ежы, ні расплоду. Так хутка мурашы перанесьлі ўсё гэта ў той куток мурашніка, які ўпадабалі".

Уцягнуўшыся ў справу, суразмоўца прыкмеціў, што ў тэмпе засяленьня гадавальніка выяўляецца характар калёніі. У кожнай мурашынай сямʼі свой мэнталітэт, падкрэсьлівае ён. Кажа, што падсяляць мурашоў з адной калёніі ў другую недапушчальна, нават калі яны аднаго віду.

"Гэта прывядзе да вайны на зьнішчэньне, – падкрэсьлівае Андрэй. – Яна ня спыніцца, пакуль адны не перамогуць другіх. Гэта як у людзей. Як толькі адзін народ саступае другому, то зьнікае бясьсьледна ў гісторыі".

Чаго баяцца мурашы і як жывуць у хатніх умовах

Андрэй прадае мурашоў-жняцоў, якія водзяцца пераважна ва Ўкраіне, а таксама "нашых" звычайных садовых. Паводле яго, для догляду гэтых відаў ня трэба адмысловых ведаў. Пры гэтым, заўважае ён, трэба ўлічваць, што мурашы з Украіны жывяцца расьліннаю ежаю, а беларускія – драпежнікі.

Прадаваць экзатычныя віды ён пакуль не гатовы, бо яны даражэйшыя і вымагаюць ад пакупніка дадатковых ведаў у біялёгіі.

Канструкцыя фармікарыю імітуе мурашнік. Андрэй паказвае празрысты блёк з хадамі ў сярэдзіне. Яны злучаныя з больш прасторнай сэкцыяй – арэнай. Зь яго словаў, насельнікі фармікарыю ўспрымаць арэну як сьвет па-за мурашнікам.

"Такім чынам, – кажа ён, – уладальнік фармікарыю можа назіраць за складаным і да канца ня вывучаным жыцьцём мурашніку, якое ў дзікай прыродзе схавана ад вачэй чалавека".

Паводле яго, мурашы дужа баяцца вібрацыі і сьвятла – і гэта можа загубіць калёнію.

Назіраць за жыцьцём калёніі можна цягам 25 гадоў

Андрэй зьвяртае ўвагу, што ў стартавай калёніі абавязкова мусяць быць матка, некалькі дзясяткаў дарослых асобінаў і расплод (яйкі, лярвы, капшучкі). Найчасьцей пакупнікі выпытваюць, колькі жыве мурашыная калёнія.

"Адказ іх зьдзіўляе, – кажа ён. – 25 гадоў можа жыць матка жняцоў. Столькі жыве і калёнія, згуртаваная вакол яе".

Андрэй прызнаецца, што доўга разважаў, ці фармікарый ня ёсьць турмою для мурашоў. Паводле яго, пакуль калёніі хапае месца, ежы і яна размнажаецца, то мурашоў такое жыцьцё задавальняе.

"Я б ня меў такой асалоды ад назіраньня за імі, каб ведаў, што яны пакутуюць на фэрме і яна для іх турма", – даводзіць ён.

Паводле Андрэя, многія бацькі, набываючы мурашыныя фэрмы, спадзяюцца, што імі адцягнуць дзяцей ад "павальнага захапленьня гаджэтамі" і што ў іх зьявіцца пачуцьцё адказнасьці за жыцьцё незвычайных гадаванцаў. З такімі думкамі пакупнікоў настаўнік біялёгіі згодны.

"Праз дагляд мурашніка, – кажа, падсумоўваючы гутарку, Андрэй, – да дзіцяці прыйдзе разуменьне таго, што яно само ёсьць складнікам жывой прыроды, пра якую варта клапаціцца, і што памылка ў гэтым можа прывесьці да фатальных наступстваў".