Суддзя Дрыбінскага раённага суда Барыс Пігаль прыняў рашэнне вярнуць матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць Андрэя Юркова ў РАУС для выпраўлення недахопаў.
Справу вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю па фармальных падставах. У прыватнасці, ч.2 арт.17.11 КаАП РБ прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні гэта не ўказана. Акрамя таго, апісанне абставін здзяйснення правапарушэння ў пратаколе не адпавядае дыспазіцыі ч.2 арт.17.11 КаАП РБ. Там таксама не ўказана, "з дапамогай якіх сродкаў распаўсюджвалася інфармацыйная прадукцыя, а ў прыкладзеных да пратакола матэрыялах адсутнічае пратакол агляду сродкаў распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі".
Як вынікае з пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, актывіст размясціў у "Аднакласніках" інфармацыю са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў – апублікаваў "палатно чырвонага колеру з нацысцкай сімволікай".
Андрэй Юркоў тлумачыць, што сам не размяшчаў забароненай выявы, а толькі паставіў смайлік "сумую" пад адным з пастоў. Такім чынам пост аўтаматычна трапіў на старонку карыстальніка. У пасце падаваліся звесткі пра колькасць ахвяр савецкага і нацысцкага рэжымаў, лічбы пазначаліся адпаведнымі сімваламі.