пят, 3.12.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

У Магілёўскай вобласці беларускаму пісьменніку паставілі помнік. Грошы на яго збіралі людзі

11.11.2019 – 11:28 | 299

У пасёлку Глуша Бабруйскага раёна на малой радзіме пісьменніка і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча з'явіўся помнік. Грошы на бюст за два гады сабралі людзі. Ініцыяваў гэта бабруйчанін Андрусь Архіпенка. Аўтары скульптуры – Гэнік Лойка і Яўген Білей.

У Глушу на адкрыццё першага ў Беларусі помніка аўтару несавецкай "Вайны пад стрэхамі" сабраліся землякі Адамовіча, грамадскія актывісты з Бабруйску, Магілёва, Мінску, а таксама кіраўнікі Бабруйскага райвыканкаму. На ўрачыстасці была і дачка пісьменніка Наталля Адамовіч.

"Гэта заслуга моладзі, якая сабрала грошы і дамаглася ўсталявання помніка, – кажа дачка пісьменніка. – Я дапамагала парадамі і фотаздымкамі. Я рада, што ёсць у нас такая моладзь. Можа з ёй і да адкрыцця музею дойдзем. Сёлета 25 год як няма майго таты і так выйшла, што ў гэты год з'явіўся ў роднай Глушы ягоны бюст, – сказала Наталля Аляксандраўна ў каментары для Радыё Свабода.

Старшыня Глушанскага сельскага савету Марыя Сушчанка называе бюст Адамовіча "народным помнікам". Да яго адкрыцця рыхтаваліся амаль год. Яна перакананая, што з часам з'явіцца і музей Алеся Адамовіча ў Глушы.

Фота: Радыё Свабода