пят, 15.11.2019
USD2.06|EUR2.26|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Усе непаўналетнія, якія сядзяць за наркотыкі, падпадуць пад амністыю", – Міністэрства ўнутраных спраў

17.10.2019 – 07:59 | 170

Да ўсіх 83 непаўналетніх, якія адбываюць пакараньне паводле 328 артыкула аб распаўсюдзе наркотыкаў, будзе прыменена амністыя – паведамляе Радыё Свабода.

Пра гэта заявіў журналістам палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч, начальнік галоўнай управы па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Колькі з 83 падлеткаў ужо сёлета выйдзе на волю, а якой частцы тэрмін пакараньня будзе скарочаны на 2 гады, міліцыянт не паведаміў. Паводле Генадзя Казакевіча, амністыю прыменяць да 1600 вязьняў, асуджаных па 328 антынаркатычным артыкуле.

"Ужываюць інструкцыі спэцслужбаў з 30-х гадоў"

Генадзь Казакевіч прызнаў, што сёлета за першыя 9 месяцаў году падлеткі зьдзейсьнілі ўдвая больш злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, чым у адпаведны пэрыяд мінулага году. Прычын гэтаму некалькі, мяркуе палкоўнік Казакевіч. Большасьць гэтых падлеткаў былі ўцягнутыя ў распаўсюд наркотыкаў праз інтэрнэт, чвэрць такіх злачынстваў учынена ў складзе арганізаваных групаў, паведаміў міліцыянт. Пры гэтым Генадзь Казакевіч не пагадзіўся з тлумачэньнем, што маладыя людзі ў асноўным становяцца ахвярамі сваёй неінфармаванасьці.

"Гэта няпраўда, што яны не разумеюць, куды іх запрашаюць, калі бачаць аб’явы пра добрую працу кур’ерам. У 90% выпадкаў падлеткі добра ўсьведамляюць, што гэта праца „мінёра“ і гэта злачынства", – мяркуе палкоўнік Казакевіч.

Паводле міліцыянта, працадаўцы маладых наркадылераў не хаваюць ад іх, што прапануюць ім злачынны бізнэс, але пры гэтым абяцаюць навучыць, як хавацца і пазьбегнуць адказнасьці.

"Нават ужываюць інструкцыі спэцслужбаў 30-х гадоў", – заўважыў палкоўнік міліцыі.

Новы фактар, паводле Казакевіча, – тое, што частка моладзі ставіцца да распаўсюду наркотыкаў "як да бізнэсу", і таму звычайныя прафіляктычныя захады на іх ня дзейнічаюць.

"Ёсьць падлеткі, якія асэнсавана пайшлі на гэтае злачынства, для іх галоўнае – карысьлівы матыў, атрыманьне прыбытку. Мы канстатуем, што для гэтай катэгорыі моладзі звычайныя прафіляктычныя захады ня дзейнічаюць. Цяпер мала павесіць інфармацыю пра адказнасьць у школе ці пагаварыць на гэтую тэму на бацькоўскім сходзе. Словы павінны дайсьці, быць зразумелымі", – заўважыў Генадзь Казакевіч.

Міліцыянт прапанаваў працаваць сумесна з актывістамі грамадзкіх арганізацый, у тым ліку з тымі, якія выступаюць за іншыя падыходы ў вырашэньні праблемы наркотыкаў, як рух "Маці 328".

Раней на кантакт з актывісткамі гэтай арганізацыі ў МУС ішлі неахвотна. Старшыня руху "Маці-328" Ларыса Жыгар вітала прапанову больш шчыльнага супрацоўніцтва з праваахоўнікамі. Але на інфармацыю пра ўжываньне амністыі да ўсіх непаўналетніх вязьняў-328 Ларыса Жыгар глядзіць скептычна.

"Што 100% амністыя ў іх будзе, ня веру, бо сярод падлеткаў ёсьць і 4 частка 328 артыкула, зь якой справы аб амністыі адразу адкладаюць убок. Мы галадоўку праводзілі, каб гэтую 4 частку зьнялі зусім, бо там вельмі няпэўныя крытэры, шмат спраў прыцягнутыя да гэтай часткі штучна, бяздоказна, але нічога пакуль не ўдаецца.

Да таго ж некаторыя непаўналетнія вязьні-328 маюць спагнаньні за парушэньні парадку ў калёніі, што пазбаўляе іх шанцаў на амністыю. „Маці-328“ скардзіліся на такую практыку ў прадстаўніцтва ААН у Беларусі, але станоўчага выніку гэта не дало.

Што да амністыі да дарослых вязьняў-328, дык яна, па маіх зьвестках, ідзе пакуль вельмі марудна. Да тых, каго асудзілі за час пасьля амністыі па 328 артыкуле, тым 2 гады здымаюць, але ня ведаю яшчэ ніводнага факту, каб каго вызвалілі з калёніі", – пракамэнтавала сытуацыю Ларыса Жыгар з руху "Маці-328".

"Мы закрылі 400 сайтаў"

Чаму, прыкладаючы вялікія намаганьні, не ўдаецца апэратыўна закрываць сайты, якія прапануюць працу па распаўсюджваньні наркотыкаў і псыхатропаў? Паводле палкоўніка Генадзя Казакевіча, Міністэрства ўнутраных спраў накіравала ў Мінінфармацыі 399 паведамленьняў аб абмежаваньні доступу да сайтаў, на якіх была зьмешчана незаконная інфармацыя пра наркотыкі.

"Гэтыя захады дзейнічаюць, але цяпер час інтэрнэту", – сказаў Генадзь Казакевіч і адзначыў, што закрываць інтэрнэт, як у Паўночнай Карэі, немагчыма.

Паводле Генадзя Казакевіча, з 2014 году ў паўтара раза скарацілася колькасьць нарказлачынстваў, атручэньняў псыхатропамі стала ў 4 разы меней, у 1,7 раза меней зафіксавана перадазовак са сьмяротным вынікам. Пры гэтым наркапагроза ня стала меншай: у параўнаньні з тым жа 2014 годам наркотыкаў і псыхатропаў вымаюць удвая больш, прызнаў міліцыянт.

На двух былых супрацоўнікаў наркакантролю завялі справы

Пераважная большасьць наркотыкаў на рынку краіны – прывазны тавар. Наркотыкі вязуць з Расеі, Кітаю, Эўропы, Афрыкі. Ці даходзяць у праваахоўнікаў рукі ня толькі да дробных гандляроў і закладчыкаў наркотыкаў, але і да буйных наркадылераў, якія дзейнічаюць у зьвязцы з замежнымі злачынцамі?

Начальнік управы наркакантролю МУС Генадзь Казакевіч паведаміў, што сёлета было выяўлена і перакрыта 20 каналаў паставак наркотыкаў з-за мяжы. У судах прайшлі і ідуць цяпер гучныя працэсы, на лаве падсудных апынуліся дзясяткі абвінавачаных у арганізацыі распаўсюду наркотыкаў. У якасьці прыкладу палкоўнік Казакевіч прывёў працэс над 37 наркадылерамі, які нядаўна завяршыўся ў Менскім гарадзкім судзе, а праходзіў на "Валадарцы".

Сярод асуджаных за распаўсюд наркотыкаў аказаўся і былы прапаршчык міліцыі.

"Важна ня тое, што ён міліцыянт, а тое, што мы гэтага не хаваем і адказнасьці ён не пазьбег", – сказаў Генадзь Казакевіч і паведаміў журналістам пра завядзеньне крымінальных спраў на двух былых супрацоўнікаў управы наркакантролю.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла 16 кастрычніка ў Міністэрстве ўнутраных спраў, аб выкананьні дзяржаўнай праграмы па супрацьдзеяньні наркотыкам распавялі таксама прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі, а таксама працы і сацыяльнай абароны.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі "Маці 328" правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • "Маці 328" лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Алег Грузьдзіловіч, svaboda.org

Падзяліцца