пят, 15.11.2019
USD2.06|EUR2.26|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Заробак – $150-200. Як жывуць пасьля глыбокай інтэграцыі з Расеяй

15.10.2019 – 15:18 | 405

Дзе лепш зарабляюць і колькі людзей сядзяць бяз працы: што стала з эканомікай непрызнаных рэспублік пасьля глыбокай інтэграцыі.

8 сьнежня Беларусь і Расея зьбіраюцца падпісаць "дарожныя мапы" і пачаць глыбокую інтэграцыю ў межах саюзнай дамовы. Глядзім, як жывуць на тэрыторыях, якія або сталі часткай Расеі, або прайшлі праз глыбокую інтэграцыю – піша Радыё Свабода.

Крым

"У Расеі заробкі вышэйшыя", – такое часта можна пачуць ад грамадзян Беларусі. Калі браць сярэдні заробак па краіне, гэта сапраўды так: 657 даляраў у сярэднім па Расеі на студзень 2019-га супраць 456 даляраў у Беларусі ў гэты ж пэрыяд. Але ў Маскве ды Санкт-Пецярбургу атрымліваюць удвая, а то і ўтрая больш, чым у некаторых рэгіёнах. Напрыклад, у тых, якія калісьці былі ня ў складзе Расеі.

У непрызнанай рэспубліцы Крым, якая ўвайшла ў склад Расеі, сярэдні заробак на 1 студзеня гэтага году – 438 даляраў (Росстат). У сярэднім па Беларусі на той час зараблялі больш – 456 даляраў (Белстат). У Віцебскай вобласьці зараблялі менш на 52 даляры, а ў Менскай – больш на 18. Цяпер сярэдні заробак у Беларусі – 550 даляраў.

На канец 2018 году ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Крыме – 0,6%, у Беларусі – 0,3%.

Паводле эканамістаў, у Крыме зьніжаецца ўзровень вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы, як і сумы падатку на прыбытак з прадпрыемстваў. Напрыклад, ураджай бульбы ў параўнаньні з 2013 годам зьнізіўся ў 5 разоў, сланечніку – у 2,5 раза.

Абхазія

Не прызнаную міжнароднай супольнасьцю рэспубліку Абхазія ў канфлікце 2008 году з Грузіяй падтрымала Расея. У лістападзе 2014 году Ўладзімір Пуцін і кіраўніцтва Абхазіі дамовіліся аб шчыльнай інтэграцыі. Цяпер заробак у Абхазіі ў раёне 200 даляраў (па паведамленьнях афіцыйных уладаў на канец 2018 году). Гэта ўдвая ніжэй, чым у сярэднім па Беларусі, і ніжэй, чым у любой зь беларускіх абласьцей.

Афіцыйныя паведамленьні абхаскіх уладаў не заўжды супадаюць з рэальнасьцю. Па інфармацыі журналістаў, лекар у Абхазіі атрымлівае каля 170 даляраў на месяц.

У Беларусі сярэдні заробак у сфэры мэдыцыны ў гэты ж пэрыяд быў 358 даляраў.

Дакладных дадзеных пра беспрацоўе ў Абхазіі няма, але ў 2014 годзе журналісты пісалі пра ўзровень беспрацоўя ў 72%. Па афіцыйных дадзеных на 2017 год, працуюць 42 тысячы пры насельніцтве ў 243 тысячы чалавек.

У 2018 годзе ўласныя даходы бюджэту Абхазіі – гэта каля 50 мільёнаў даляраў, Беларусь толькі на адны Эўрагульні патраціла ў 5 разоў болей. Асноўная даходная частка бюджэту – дапамога з боку Расеі.

Паўднёвая Асэтыя

Не прызнаная міжнароднай супольнасьцю Паўднёвая Асэтыя ня першы раз дэкляруе намер увайсьці ў склад Расеі. 6 жніўня пра гэта чарговы раз заявіў кіраўнік гэтай непрызнанай рэспублікі Анатоль Бібілаў.

Афіцыйных дадзеных пра сярэдні заробак у Паўднёвай Асэтыі няма, але, па паведамленьнях журналістаў, ён складае 150-200 даляраў.

Гэта нашмат менш, чым у Беларусі. Па афіцыйнай статыстыцы, узровень беспрацоўя ў Паўднёвай Асэтыі – 2,1%. У Беларусі – 0,3%.

У 2017 годзе 89,6% даходнай часткі бюджэту Паўднёвай Асэтыі – гэта дапамога з боку Расеі. Сама непрызнаная рэспубліка зарабіла толькі 11,4%. Асноўны гандлёвы партнэр Паўднёвай Асэтыі – Расея, але экспарт тавараў туды зьніжаецца (на 4,6% з 2017 па 2018 год).

Прыднястроўе

Непрызнанае Прыднястроўе цяпер выкарыстоўвае сьцяг Расеі як другі дзяржаўны, з сакавіка 2014 году Вярхоўны Савет Прыднястроўя просіць прыняць сваю тэрыторыю ў склад Расеі, але гэтага пакуль не адбылося.

Глыбокая інтэграцыя паміж гэтай тэрыторыяй і Расеяй ідзе з 1990-х гадоў. У 2006 годзе Прыднястроўе правяло рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі. За гэта, па афіцыйных дадзеных, прагаласавалі 97% выбарцаў.

Сярэдні заробак у Прыднястроўі, паводле афіцыйных уладаў, – 275–280 даляраў, гэта менш, чым у любой з абласьцей Беларусі паасобку і ў краіне ў цэлым. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя – 2,5–3%. Гэта беспрацоўныя, афіцыйна зарэгістраваныя на біржы. У Беларусі гэты паказчык – 0,3%.

Падзяліцца