суб, 19.10.2019
USD2.04|EUR2.27|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Выпускніка БДСГА абклалі матам і выгналі з першага працоўнага месца. Толькі не ўсё так проста

03.10.2019 – 11:41 | 2464

Тэлеграм-канал "Нехта" выклаў аўдыязапіс эмацыйнай размовы дырэктара з падначаленым. Кіраўнік страшэнна крычыць на суразмоўцу, багата паліваючы таго мацюкамі. Спасылка не ўказваецца, бо СМІ не маюць права распаўсюджваць нецэнзурную лаянку – піша "Наша Ніва".

Гісторыя адбылася на прадпрыемстве "Неўскі-Агра", якое знаходзіцца ў Бабруйскім раёне.

Як паведаміў блогер, супрацоўнік прадпрыемства прыйшоў да дырэктара папрасіць службовае жыллё. Скончылася ўсё крыкамі.

"Ходзіш, бл***, як пудзіла, як індык!", "я так зраблю, што ты х** куды ўладкуешся", "ты ніх** не робіш днямі, бл***!", "будзеш, бл*** пастухом працаваць!" – вось толькі некаторыя з эмацыйных выкрыкаў дырэктара Аляксандра Атрохава.

Праўда, на самай справе, не ўсё так адназначна ў гэтай гісторыі.

Суразмоўцу дырэктара завуць Яўген Белавусаў. Ён два гады быў бухгалтарам на "Неўскім-Агра". Сёння хлопец ужо не працуе на прадпрыемстве.

Прычым да Белавусава назбіралася шмат прэтэнзій не толькі ў дырэктара, але і ў шараговых калег хлопца.

"Гэты чалавек падрабіў дакументы. Па падробленых дакументах прыйшоў на працу, нічога пра гэтую працу не ведаючы, – распавёў "Нашай Ніве" Аляксандр Атрохаў, дырэктар ААТ "Неўскі-Агра". – Абавязкі свае не ведаў, паводзіў сябе па-хамску. Працу не выконваў, за яго па выніку працавалі іншыя. На заўвагі мае ён проста не рэагаваў, матываваў гэта тым, што ён інвалід".

Белавусаў сапраўды мае трэцюю групу інваліднасці – у яго праблемы са зрокам.

"Мы правялі праверку. Была камісія МРЭК у Магілёве. І на камісіі прызналі, што Белавусаў не можа займаць пасаду, на якой працуе. Ён не адпавядаў пасадзе, якую займаў. Мы яго звольнілі", – сказаў Атрохаў.

Сітуацыю, якая трапіла на аўдыязапіс, Атрохаў назваў "невялікім канфліктам".

"Адбыўся невялікі канфлікт, падчас якога я намагаўся даказаць яму, што ён не мае рацыі", – паведаміў дырэктар.

Прэтэнзіі ў дырэктара былі як да працы, так і да выгляду супрацоўніка.

"Ён хадзіў неахайны, ад яго непрыемна пахла, ён не адпавядаў пасадзе і як спецыяліст, і як чалавек. А калі жыў у інтэрнаце… Свінні жывуць лепш, чым жыў ён, разумееце? – паведаміў Атрохаў. – Мы яго цярпелі-цярпелі, але ж любое цярпенне калі-небудзь заканчваецца. Як кажа прэзідэнт нашай краіны, грошы трэба зарабляць, а не атрымліваць. А Белавусаў іх атрымліваў!"

Незадаволеныя Белавусавым і ў бухгалтэрыі, дзе ён прапрацаваў два гады:

"Ён нічога не рабіў, за яго працавалі іншыя. Ён толькі сядзеў і чухаў патыліцу".

"Наша Ніва" звязалася з Яўгенам Белавусавым. Ён распавёў сваю версію падзей.

"Я адвучыўся ў Горках на эканаміста. Пасля трапіў па размеркаванні на "Неўскі-Агра". Размеркаванне – 5 гадоў. Два з іх я адпрацаваў, пасля мяне звольнілі.

Мяне звольнілі 27 верасня. Размова з дырэктарам была запісаная раней. Увогуле, яна складаецца з двух кавалкаў. Адзін кавалак я запісаў у красавіку, другі ў маі", – паведаміў Яўгені.

Хлопец кажа, што запісваў крыкі дырэктара на ўсялякі выпадак, "для сябе".

"Я толькі звярнуўся наконт жылля, і дырэктар мяне абмацюкаў. Пасля пачаліся камісіі, начальства пачало мяне дабіваць. Дабіліся, каб мяне звольнілі па зроку. У мяне была трэцяя група інваліднасці, пасля камісій мне паставілі другую групу, а яна "непрацоўная". І мяне звольнілі, – кажа Белавусаў. – Першы год я працаваў нармальна. Цяжка было, бо я эканаміст, а не бухгалтар, але праблем не было. Пасля, калі прыйшоў Атрохаў, пачаліся праблемы. Ён пасадзіў сваю знаёмую галоўнай бухгалтаркай, яна не разумее ў працы нічога. Хадзілі чуткі, што ён хацеў мяне звольніць, каб пасадзіць свайго чалавека на пасаду.

Ці можа, ён вырашыў мяне звольніць, каб я не скардзіўся? Праблема была ў чым: я жыў у інтэрнаце. Пасля яго закрылі на рамонт, мяне выселілі. Я быў вымушаны здымаць жыллё.

У інтэрнаце палову рамонту зрабілі, пасля закінулі. Затое цяпер тыя ж людзі робяць рамонт у доме галоўнага заатэхніка.

Я прыйшоў прасіць, каб мне далі засяліцца назад у інтэрнат. Мне адмовілі. Затое ў інтэрнат засялілі чорнарабочых, без усякіх праблем.

Пасля камісій мне далі другую групу інваліднасці на год. Праз год новая камісія можа вярнуць 3 групу, і я вярнуся да працы па спецыяльнасці.

Па трэцяй групе інваліднасці я атрымліваў дапамогу 170 рублёў плюс заробак быў 400. Колькі дапамога па другой групе, я не ведаю нават, бо пакуль яшчэ ані разу не паспеў атрымаць.

Што буду рабіць далей, я пакуль не ведаю. Мне далі накіраванне ад МРЭКа у Бабруйскае таварыства таварыства слабавідушчых, каб праз іх знайсці працу".

Цікава, што Белавусаў у вольны час запісвае рэп пад псеўданімам "Бел Юджын". Ён паабяцаў "перадаць прывітанне галоўнаму бухгалтару" ў наступным трэку.