суб, 19.10.2019
USD2.04|EUR2.27|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Вось што трэба ведаць, каб не зарабляць менш за мінімалку

24.09.2019 – 23:32 | 763

Калі маеце стабільную, але нізкааплатную працу і жадаеце мець больш, але не ведаеце як і не маеце веры, што нешта можна змяніць, то вы трапілі ў пастку беднасці.

Гэтая з'ява характэрная для людзей, рэгіёнаў і для Беларусі цалкам.

Сутнасць пасткі ў тым, што грошай бракуе на павышэнне кваліфікацыі, адукацыю, пошук лепшай працы, бо трэба забяспечыць сям'ю хаця б неабходным тут і цяпер. Даводзіцца пагаджацца на тое, што даюць. Аднак адсутнасць зменаў часцей за ўсё толькі пагаршае сітуацыю.

Летась за рысай беднасці былі 5,6% беларусаў: іх сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы былі ніжэйшыя за бюджэт пражыткавага мінімуму.

Калі ўлічваць, што летась у краіне жылі 9,477 млн. чалавек, то за рысай беднасці былі 530,7 тыс. чалавек: гэта цэлы горад памерам з Гомель.

На рукі: 270 рублёў

Юрый, слесар-рамонтнік, Глыбоцкі раён

Спадар Юрый жыве ў Глыбоцкім раёне. Працуе ў калгасе слесарам-рамонтнікам. З прычыны маленькіх заробкаў, якія плоцяць працаўнікам сельскай гаспадаркі, ужо звальняўся. Але высокааплатнай працы ў раёне гэтак і не знайшоў, таму вярнуўся. "Бруднымі" яму налічваюць 330 рублёў. Пасля вылічэння падаткаў на жыццё застаецца менш за 270 рублёў.

На рукі: 100 рублёў

Уладзімір Яўхута, жывёлагадоўца, Слонімскі раён

Такія парушэнні, як заробак, ніжэйшы за мінімалку, ды эксплуатацыя работнікаў, – з'ява ў Беларусі не новая. З тае прычыны, што іншай працы ў вёсках няма, работнікі калгасаў выконваюць не толькі ўласныя абавязкі, але і працу тых, каго калгас вырашыў не наймаць. "100 рублёў, 120, 180 сама больш", – распавядае пра свае заробкі Уладзімір Яўхута.

Спадар Уладзімір працаваў жывёлагадоўцам на ферме ў вёсцы Вострава Слонімскага раёна. Даглядаў кароў: карміў і паіў жывёлу, выкідаў гной. Апроч сваіх абавязкаў, выконваў таксама і працу вартаўніка. Часам працаваць даводзілася без выходных. "30 дзён, 30 начэй на працы. Па 300 гадзінаў. Больш за мінімалку не атрымліваў", – кажа мужчына.

У снежні ферму ў Востраве закрылі, а ўсіх працаўнікоў перавялі на іншую. Яна таксама ўваходзіць у склад сельскагаспадарчага прадпрыемства "Міжэвічы". Не знайшлося там месца толькі Уладзіміру Яўхуту – яго скарацілі.

Пасля скарачэння спадар Уладзімір працягнуў судзіцца з кіраўніцтвам калгаса. І спагнаў з наймальніка даплату за звыштэрміновыя работы і даплату да мінімальнага заробку.

"Устаноўлены мінімальны заробак, які на гэты момант складае больш за 300 рублёў. Натуральна, чалавек, які прапрацаваў поўны працоўны час і нават больш за тое, не павінен атрымліваць менш", – каментуе сітуацыю спадара Уладзіміра прадстаўнік прафсаюза РЭП Ігар Комлік.

"Кожнаму чалавеку трэба самому пра сябе паклапаціцца"

Міхал Залескі, эканаміст, эксперт тэлепраграмы "Асабісты капітал"

Чаму адны рэгіёны бяднейшыя за іншыя і шторабіць, каб у бедным раёне жыць лепш?

Нават у савецкія часы працаёмістыя прадпрыемствы стараліся будаваць не ў буйных гарадах, а ў сярэдніх ды малых. Каб людзі ў рэгіёнах без работы не сядзелі. Але начальства цяпер дзікае, савецкую практыку размяшчэння вытворчых сілаў забылася. І еўрапейскай палітыцы падтрымання бяднейшых рэгіёнаў таксама не навучылася. Таму кожнаму чалавеку трэба самому пра сябе паклапаціцца. Не разлічвай толькі на зарплату з адной работы. Рабі тое, што ў цябе найлепей атрымліваецца, спрабуй сам знайсці пакупніка на свае паслугі. Гэта называецца бізнес.

Незаконнае звальненне

Што рабіць, калі гоняць з працы, а ты не хочаш сыходзіць?

Летась, паводле афіцыйнай статыстыкі, наймальнікі з буйных і сярэдніх прадпрыемстваў краіны звольнілі прыблізна 700 тысяч чалавек. Частка з іх былі звольненыя незаконна.

Калі вы разумееце, што працадаўца несправядлівы ў дачыненні да вас, можна звярнуцца па дапамогу ў незалежны прафсаюз і пайсці ў суд.

І пажадана не адкладаць гэтай справы. Бо, згодна з беларускім законам, абскардзіць звальненне магчыма толькі цягам месяца.

Калі звальненне лічыцца незаконным?

Барані свае правы

Што трэба ведаць, каб не зарабляць менш за мінімалку?

Не плаці з кішэні

Што трэба ведаць, калі ты матэрыяльна адказная асоба?

Калі вы выконвалі больш працоўных абавязкаў, чым прадугледжвае кантракт, звяртайцеся ў суд і патрабуйце даплаты за выкананую працу. У якасці сведак могуць выступіць вашыя калегі.

Па юрыдычную кансультацыю можна бясплатна звярнуцца да незалежнага прафсаюза РЭП праз тэлефон (8 017) 342 46 51, а таксама папрасіць дапамогі ў судзе.


Ірына Чарняўка, рэдакцыя ТВ-праграмы "Асабісты капітал" БЕЛСАТ ТБ

ТАА "Выдавецкі дом "Iнтэкс-прэс", УНП 200687896

Падзяліцца