пят, 13.12.2019
Unable to download currency data.
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Дык што там адбылося ў Гомелі з настаўніцай, якую аднавіў на працы прэзідэнт? Галоўнае за адну хвіліну

19.09.2019 – 20:52 | 3216

Гомельская школа №15 стала вядомая на ўсю Беларусь. І ўсё дзякуючы публікацыі ў інтэрнэце відэа, на якім настаўніца Людміла Чацвярткова лаялася матам на вучня, замахвалася (або не?) на яго партай і пагражала забіць. Жанчыну спачатку звольнілі, а пасля аднавілі на працы – на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі.

Вось як сцісла гэтую гісторыю паказвае і апісвае Радыё Свабода

Гомельскае выданне "Сильные новости" апублікавала 13 верасня відэа, знятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасці, настаўніца кажа: "Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе".

Настаўніца на відэа – Людміла Чацвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсці на пенсію. Звычайна яна выкладала ў 2 класе, у 4 клас у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сцвярджаецца, што яна пасля здарэння напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеянні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намеснік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сітуацыю, папрасіў прабачэння і абвясціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсліў, што ягоны сын не ставіў настаўніцы падножку: гэта версія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым класе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўлення яе на працы. Бацькі вырашылі збіраць подпісы пад петыцыяй за вяртанне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасці, "строга папярэдзілі" прэм'ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзідэнта і віцэ-прэм'ера, адказнага за адукацыю.

19 верасня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы "галаву б адкруціў шчанюку". Таксама ён заявіў, што са здзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны "абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі".

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.