У пятніцу 14 сакавіка ў Дрыбінскім раённым цэнтры культуры адбылася сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. Перад грамадзянамі выступілі вылучэнцы ў абласны і раённы Саветы.
Відовішча цяжка было назваць яркім і запамінальным. Кандыдаты распавялі пра сваю біяграфію, некаторыя з іх абяцалі стаць звяном паміж уладай і выбаршчыкамі, гаварылі, што даваць абяцанняў не будуць – пакуль не абраныя.
Адзін з кандыдатаў адзначыў: "Калі выберыце мяне - вялікі вам дзякуй. Калі ж не выберыце - то яшчэ лепей!" Гэтыя словы людзі сустрэлі апладысментамі.
У цэлым прысутныя ў залі мясцовыя жыхары адрэагавалі на сустрэчу маўчаннем. Людзі не задалі ніводнага пытання.
Андрэй Юркоў, якога не першы раз выбаршчыкі вылучылі ў кандыдаты шляхам збору подпісаў, заявіў, што ставіць на мэце абарону інтарэсаў грамадзянаў перад уладай.
"Кепска, што ў нашых Саветах няма альтэрнатыўных меркаванняў і незалежных ад чыноўнікаў людзей. Таму, напэўна, і няма ў народу асаблівай цікавасці да мясцовых выбараў, – выказаў сваё меркаванне Юркоў.
"Змены ў выбарчым заканадаўстве, якія гарантуюць прадстаўніку кожнага кандыдата месца ў камісіях усіх узроўняў, могуць адновіць цікавасць да выбараў і зробяць нашы Саветы рэальнымі прадстаўнічымі органамі, – упэўнены кандыдат.