нядз, 20.10.2019
USD2.04|EUR2.27|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Гарады з "памылкамі" ў назвах: Амсьціслаў ці Мсьціслаў?

29.08.2019 – 19:35 | 445

Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй "немілагучнымі" і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі – пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863-64 гадоў. Радыё Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Афіцыйная назва – Мсьціслаў.

Народнае вымаўленьне – Амсьці́слаў (і нават Амці́слаў).

Першы пісьмовы ўпамін пра горад – у грамаце князя смаленскага Расьціслава ў пэрыяд 1136-1150 гадоў. У сярэдзіне XIV стагодзьдзя горад далучыўся да ВКЛ і надоўга стаў арэнай жорсткіх баёў з маскоўскімі войскамі. Выраз "амсьціслаўцы – недасекі" застаўся ў беларускай фразэалёгіі як сьведчаньне нязломнасьці і гераізму жыхароў, якія выжылі пасьля "трубяцкой разьні" 1654 году. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расеі ды быў паніжаны да цэнтру павету Магілёўскай губэрні. Пачаўся заняпад гораду.

"Форма Амсьціслаў адлюстроўвае адну з характэрных фанэтыка-артаграфічных асаблівасьцяў беларускай мовы (наяўнасьць прыстаўных галосных), а таму цалкам можа прэтэндаваць на нарматыўную", – піша мовазнаўца Валянціна Лемцюгова. Сама яна не пярэчыць форме Мсьціслаў, якая дазваляе, на яе думку, рэканструяваць паходжаньне айконіма ад імя заснавальніка – смаленскага князя Мсьціслава.

Аднак зьбег зычных у пачатку назвы ўсё ж вымагае прыстаўнога – дзеля мілагучнасьці і зручнасьці вымаўленьня. Нездарма сярод дыялектных формаў ёсьць нават больш спрошчаная: Амці́слаў. Прычым формы Амсьціслаў і Амціслаў ужываюцца пасьля папярэдняга слова і на зычны гук, і на галосны.

У нарматыўным даведніку "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь", зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Амсьціслаў фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі "немілагучныя" або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.

• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку – Акцябарскім,
• Дрысу – Верхнядзьвінскам,
• Ігумен – Чэрвенем,
• Кабыльнік – Нараччу,
• Качэрычы – Кіраўскам,
• Прапойск – Слаўгарадам,
• Шацілавічы – Сьветлагорскам.

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а "карэктавалі" адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

"Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, – пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. – Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі".

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны – дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх "подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае" і якім неабходна было надаць "местные русские названия". Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя – стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

Вінцук Вячорка, Ігар Карней, svaboda.org

Падзяліцца