сер, 16.10.2019
USD2.05|EUR2.26|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

5 малавядомых хітрыкаў пошуку ў Google, дзякуючы якім вы захаваеце свае нэрвы

28.08.2019 – 19:50 | 294

Сёньня мы жывем у час, калі амаль любая сяброўская спрэчка за келіхам віна заканчваецца словамі "зараз я “пагуглю” і мы гэта высьветлім".

Без пошукавых сыстэмаў цяжка сабе ўявіць, як выглядала б карыстаньне інтэрнэтам. Ад іх залежаць амаль усе – ад студэнтаў першага курсу да трыццацігадовага бацькі двух дзяцей, які плянуе рамонт у сваёй новай хаце. Звычайна працэс пошуку дастаткова просты – асабліва простым ён здаецца, калі запыт датычыцца чагосьці адносна вядомага ці нават папулярнага.

Тым ня менш, час ад часу кожны з нас сустракаўся з сытуацыяй, калі трэба знайсьці нешта вузкаскіраванае. І гэтыя выпадкі, безумоўна, могуць моцна раздражняць. Таму мы прапануем вам азнаёміцца з 5 маленькімі хітрыкамі пошуку, якія, магчыма, аблегчаць вашае жыцьцё.

Карыстайцеся двукосьсем – яно дапаможа вам знайсьці больш дакладную фразу

Уявіце сабе, што вам трэба знайсьці нешта даволі спэцыфічнае, нешта тэхнічнага характару – напрыклад, вы шукаеце гукавую сыстэму. Вы можаце напісаць Sony HT-Z9F і Google выдасьць вам шматлікія спасылкі на старонкі крамаў, якія гандлююць гэтымі сыстэмамі, на рэцэнзіі карыстальнікаў, на відэа з распакоўкай самой сыстэмы і гэтак далей.

Але ўявім сабе, што нам трэба знайсьці дыямэтар уваходнай адтуліны гэтай музычнай сыстэмы. Можна паспрабаваць шукаць па запыце HT-Z9F дыямэтар уваходнай адтуліны, але ёсьць верагоднасьць, што Google вам тут не дапаможа, бо ў запыце адсутнічае слова "сантымэтры".

Мы раім фармуляваць запыты такім чынам, каб яны адпавядалі тым сказам, якія могуць быць знойдзены на старонцы, якую вы спрабуеце знайсьці.

Двукосьсе ў Google выконвае ролю каманды, якая дазваляе шукаць словы ў адпаведным парадку. Таму калі вы шукаеце Sony HT-Z9F уваходная адтуліна сантымэтры, то пошукавая сыстэма пакажа вам усе старонкі, дзе ёсьць хоць частка гэтага сказу – таму там дакладна будуць старонкі, дзе фігуруе слова "адтуліна" або "сантымэтры", але ня факт, што сярод іх знойдзецца старонка з парамэтрамі гукавой сыстэмы.

Калі паставіць двукосьсе, то ў выніку вы атрымаеце тыя старонкі, дзе ёсьць і гукавая сыстэма і абодва гэтыя словы – напішаце Sony HT-Z9F "уваходная адтуліна ў сантымэтрах", і ў першых жа спасылках будуць пажаданыя парамэтры гукавой сыстэмы.

На самой старонцы з вынікамі пошуку таксама можна арыентавацца з дапамогаю пошуку ў самім браўзэры – для гэтага вам трэба націснуць Ctrl+F і напісаць запыт.

Больш за тое, калі так здарылася, што ў вас ёсьць цяжкасьці з фармуляваньнем запыту або вы забылі нейкае слова ў фразе, заўсёды магчыма паставіць "зорку" замест гэтага слова, і Google зразумее, што гэта прапушчанае слова ў сказе. Напрыклад, уявіце, што вы забылі назву песьні з самага псыхадэлічнага альбома The Beatles – вы можаце напісаць The Beatles Lucy in the * with diamonds і Google вам адразу знойдзе адпаведную песьню.

Карыстайцеся знакам мінуса, каб пазбавіцца ад недарэчных вынікаў пошуку

Вельмі частая сытуацыя, калі ў выніку пошуку вам прапануюць варыянты, якія маюць невялікае дачыненьне да вашага запыту – ці, можа быць, яны і маюць дачыненьне, але вы шукалі ўсё ж такі нешта іншае.

Такое часта здараецца, калі назва прадмета вашага пошуку супадае з назвай чагосьці яшчэ – напрыклад, вы шукаеце нешта, зьвязнае з пісьменьнікам Чарльзам Букоўскі, а Google прапануе вам адзін з тысячы бараў і пабаў, названых у гонар пісьменьніка, якія існуюць амаль у кожным горадзе. У такім выпадку вы пішаце ў радку пошуку Букоўскі -бар -паб і пасьля можаце дадаць нешта яшчэ (у залежнасьці ад таго, што вы шукаеце). Пасьля такіх маніпуляцый хутчэй за ўсё вам першай спасылкай выпадзе тое, што вы шукаеце (ці, што больш верагодна, старонка гэтага пісьменьніка ў Вікіпедыі).

Фільтруйце вынікі пошуку паводле пройдзенага часу

Часам здараецца так, што вам патрэбная толькі нядаўняя інфармацыя па абранай вамі тэме – і тут на дапамогу вам прыйдзе ўбудаваная магчымасьць сартаваць па датах. Для гэтага трэба націснуць на кнопку "Інструмэнты", што знаходзіцца пад пошукавым радком Google, і крыху ніжэй замест "За ўвесь час" выбраць адпаведны часавы пэрыяд – некалькі дзён таму, за мінулы тыдзень альбо за год.

Паспрабуйце знайсьці крыніцу здымка, які вам трапіўся ў пошуку

Хутчэй за ўсё вы ведаеце, што Google дазваляе шукаць здымкі па запытах у пошуку карцінак Google. Але ці ведаеце вы, што гэтая апэрацыя можа быць зьдзейсьнена і ў супрацьлеглым накірунку? Вы можаце перацягнуць карцінку ў пошук па карцінках і Google прапануе вам спасылкі на сайты, дзе гэтая ці падобныя карцінкі маглі зьяўляцца. Напрыклад, такім чынам вы можаце спампаваць карцінку з аднога сайта і праверыць, дзе яшчэ яе апублікоўвалі.

Насамрэч, гэта часта дапамагае праверыць, ці быў скрадзены здымак, які вы атрымалі – калі ў пошуку не зьяўляецца ніякіх іншых сайтаў з гэтай карцінкай, то верагоднасьць таго, што вам даслалі арыгінал, павялічваецца.

Карыстайцеся камандай "site:"

Гэтая каманда дазваляе абмяжоўваць вынікі пошуку нейкім адным сайтам. Напрыклад, вас цікавіць сэрыя "Гарады з памылкамі" на Свабодзе. Для таго каб вынікі пошуку абмежаваць адной толькі старонкай Радыё Свабоды, вам спатрэбіцца прапісаць site:svaboda.org гарады з памылкамі

Гэта асабліва актуальна ў тых выпадках, калі на сайце адсутнічае пошукавая сыстэма ці калі яна кепска функцыянуе.

svaboda.org

Падзяліцца