сер, 23.10.2019
USD2.04|EUR2.27|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Чаму беларускі бегаюць маратоны па ўсім сьвеце. 7 захапляльных гісторый

14.08.2019 – 09:45 | 82

У розных краінах сьвету рэгулярна праходзяць маратоны і паўмаратоны, у якіх бяруць удзел шмат беларусак і беларусаў. Што дае бег? Як шматкілямэтровыя забегі мяняюць погляд на сьвет, на сябе і свае магчымасьці, расказваюць беларускі, для якіх бег – ня толькі фізычнае практыкаваньне.​

Сьцісла

  • Я пачала бегаць у 49 гадоў, у 53 гады не баюся бегчы 42 кілямэтры.
  • Ёсьць клюб Mikkeller Running Club Minsk, удзельнікі якога п’юць піва, каб хутчэй аднавіцца пасьля забегу.
  • Калі бяжыш другую палову дыстанцыі, думаеш, што памрэш, а пасьля фінішу плянуеш наступны маратон.
  • Я даўно ня маю прастуды, бегаю ўзімку ў мароз і выдатна сябе адчуваю.
  • Пачала зь 5-кілямэтровага жаночага начнога забегу "Ноч належыць нам"
  • Бег – вялікі матыватар і клясная прычына для падарожжа.
  • Большасьць бегуноў абʼядноўваюцца ў групкі, гэта называецца бегавая сямʼя.

"Апошнія 4 гады інклюзіўны спорт – самае вялікае захапленьне"

Ірына Дзяргач, 53 гады, кіраўніца спартовага клюбу "Крылы анёлаў". Журналістка і маці хлопца з аўтызмам. У 2016 і 2017 гадах займала прызавое месца на Wizz Air маратоне ў Кіеве ў сваёй узроставай катэгорыі.

– Гадоў пятнаццаць таму я апынулася ў складанай жыцьцёвай сытуацыі. У мяне было двое малых дзяцей, у малодшага сына Цімура – аўтызм. Дзеці з аўтызмам у малым узросьце маюць асацыяльныя паводзіны. Выйсьці зь імі некуды асабліва нельга, а калі выходзіш, трэба сваю ўвагу цалкам канцэнтраваць на дзіцяці. Я аказалася ў сацыяльнай ізаляцыі, мая асабістая прастора, як шчыгрынавая скура, звужалася. Усе тое, што праходзяць семʼі зь дзецьмі зь інваліднасьцю, прайшла і я, бо засталася з двума дзецьмі адна.

Спачатку я стала выхадзіць на паўгадзінныя ранішнія прабежкі. Гэта быў глыток асабістай свабоды і магчымасьць падумаць пра нешта сваё, ня думаючы, як паводзіць сябе ў гэты час маё дзіця. І Цімур у той час спаў ці быў пад даглядам старэйшага сына. Я ніколі не была зьвязаная са спортам. Урэшце сацыяльная ізаляцыя прымушае такіх мацярэй, як я, выходзіць у сацыяльныя сеткі, шукаць сабе кампанію і суразмоўцаў. Я стала выкладваць трэкі ў Фэйсбук, што, напрыклад, сёньня тры кілямэтры прабегла. Адразу знайшліся сябры. Бегуны любяць выкладаць трэкі, расказваць, як яны бегаюць пяць, дзесяць кілямэтраў. "А я ўвогуле менскі паўмаратон прабягу", сказала я ў 2015 годзе. І прабегла першы паўмаратон без падрыхтоўкі, у лідзкіх красоўках, у якіх бегаць на доўгія дыстанцыі ўвогуле нельга, бо гэта траўманебясьпечна. Ледзь не памерла на дыстанцыі, тым ня менш пераканалася, што я гэта магу.

Там я сустрэла Дзьмітрыя Цімашкова. Гэта быў ягоны першы забег зь дзіцём у вазку. Празь некалькі месяцаў, калі Дзьмітрый зарэгістраваў установу "Каманда анёлаў", мы сталі працаваць разам. З таго часу я – намесьніца дырэктара каманды "Крылы анёлаў". Цягам апошніх 4 гадоў інклюзіўны спорт – мая справа і самае вялікае захапленьне.

У 2016 і 2017 гадах я бегла міжнародны Wizz Air маратон у Кіеве, поўную дыстанцыю 42 кілямэтры ў складзе каманды "Крылы анёлаў". Абодва разы заняла другое месца ва ўзроставай групе "Дзеўчыны 50+". Шчыра кажучы, гэта здарылася не таму, што я хутка бегаю, а таму, што дзеўчыны 50+ звычайна ня бегаюць, і невялікая канкурэнцыя ў гэтай узроставай групе. Хлопцаў 50+ колькі заўгодна. А куды падзеліся дзеўчыны ў гэтым узросьце, ня ведаю. Я пачала бегаць у 49 гадоў, у 53 гады не баюся бегчы 42 кілямэтры і атрымліваю вялікае задавальненьне. Разам бягуць тыя, хто падзяляе мае каштоўнасьці, хто прытрымліваюцца здаровага ладу жыцьця.

Мы стварылі каманду "Крылы анёлаў", арганізоўваем трэніроўкі, на якія ўваход вольны для ўсіх, незалежна ад стану здароўя. Ва ўстанове, дзякуючы намаганьням Дзьмітрыя, ёсьць парк бегавых вазкоў, і мы бегаем зь дзецьмі, якія ня могуць хадзіць. Цяпер я – кіраўніца спартовага клюбу "Крылы анёлаў", які працуе круглы год.

Я не лічу, колькі кілямэтраў прабягаю за тыдзень, за колькі бягу 10 ці 21 кілямэтар. Для мяне бег – камунікацыя і адпачынак. Калі бяжыш, у галаве выбудоўваюцца лягічныя ланцужкі, і праблема, якую адкладаў, вырашаецца сама сабой. Бегаюць абодва мае сыны. Старэйшы ўжо дарослы, жыве асобна, малодшаму – 17 гадоў, мы зь ім бегаем разам. Можам прачнуцца рана (у яго цяпер вакацыі) і пабегчы на Цнянку, папіць там чаю з урукам, гледзячы на ваду, пагаварыць.

"Калі бяжыш, інакш бачыш горад і людзей"

Тацяна Печань, 31 год, выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, намесьніца дэкану па інфармацыйнай, ідэалягічнай і выхаваўчай працы. Прабегла паўмаратоны ў Барсэлёне, Адэсе, Лісабоне, Кіеве, Коўне, Менску і Баранавічах, а таксама маратон "Горадня-Друскенікі".

– Бегаю з 2015 году. Гэта быў выклік самой сабе, бо да гэтага амаль ня бегала. Мяне зацікавіў менскі паўмаратон, спонсарам якога была кампанія "Volkswagen". Я яго добра прабегла. Потым мне прыйшло запрашэньне прабегчы забег у Барсэлёне. Я ўсьведамляла, што ўзімку гэта будзе больш складана, але прыняла запрашэньне. Кампанія IRUN RACES арганізавала групу з 25 аматараў бегу, і ў выніку 14 лютага 2016 году на Дзень сьвятога Валянціна мы прабеглі паўмаратон у Барсэлёне. У мяне пачалі зьяўляцца ў Фэйсбуку сябры-бегуны з розных краінаў сьвету. Далей я прабегла свой трэці паўмаратон у Адэсе. Было горача, але вельмі цікава. Калі бяжыш, інакш бачыш горад, людзей, інфраструктуру. Нешта іншае адкрываецца, што звычайнаму турысту ня бачна.

Потым быў менскі, а пасьля кіеўскі паўмаратон, паездку куды арганізавала Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі і рух FollowMinsk, якія сабралі аўтобус аматараў бегу. У Менску ёсьць клюб Mikkeller Running Club Minsk, удзельнікі якога пʼюць піва, каб хутчэй аднавіцца пасьля забегу. Разам з чальцамі гэта клюбу я паехала на паўмаратон у Партугалію. Пасьля Лісабону вырашыла бегчы маратон 42 кілямэтры. Адкрыла каляндар маратонаў па ўсяму сьвету і выбрала сымбалічны маратон з Гародні ў Друскенікі. Чаму б не прабегчы за мяжу, бяз пашпарту 42 кілямэтры? Першы маратон стаў цікавым экспэрымэнтам. Усё атрымалася. Цяпер рыхтуюся да свайго 9-га паўмаратону – менскага.

Мужчыны бягуць маратон хутчэй. Для жанчын маратон за 4 гадзіны 15 хвілінаў – выдатны вынік, а мужчыны імкнуцца прабегчы за 3 гадзіны 30 хвілінаў. У маім бегавым асяродзьдзі заўсёды такія лічбы.

"Я прабегла 21 кілямэтар, і гэта стала маёй страсьцю і магчымасьцю адпачываць"

Ксенія Лешык, 24 гады, супрацоўніца кампаніі WARGAMING. Прабегла пяць паўмаратонаў, два ў Беларусі, тры за мяжой – на італьскім возеры Гарда, у Гамбургу і Рызе.

– Пачала бегаць год таму. Мне было цікава, як людзі вытрымліваюць дыстанцыі, якія мне падаваліся неверагоднымі. 21 і 42 кілямэтры – гэта было фантастыкай. Я вырашыла паспрабаваць прабегчы менскі паўмаратон. Так атрымалася, што ў нас у кампаніі вырашылі падтрымаць гэтую актыўнасьць і знайшлі трэнэраў, якія дапамагалі рыхтавацца да паўмаратону. За тры месяцы нас падрыхтавалі. Я раней займалася спортам, таму гэта стала магчымым, а тыя, хто не займаўся спортам, прабеглі "дзясятку" ці "пяцёрку".

Я прабегла 21 кілямэтар, і гэта вельмі хутка стала маёй страсьцю і магчымасьцю адпачываць. Бег пераключае з працоўнага рэжыму. Прыходзіш з працы і бяжыш адну-дзьве гадзіны сам насам. Калі бяжыш, няма іншых забаваў, акрамя як думаць пра нешта, і раптам знаходзіш рашэньне задачы. Праз тры месяцы пасьля менскага забегу я паехала ў Італію, бегла на возеры Гарда. Я зразумела, што гэта крутая тэма – бегчы і глядзець сьвет.

Бліжэйшы мой забег будзе ў Малдове ў жніўні, наступны – у верасьні. Мы бегаем невялікай групай, якая засталася пасьля праекту на працы. Большасьць людзей, якія бегаюць, абʼядноўваюцца ў невялічкія групкі, гэта называецца бегавая сямʼя, у якой дзеляцца інфармацыяй пра забегі, хто як прабег, як лепей трэніравацца.

"У Стамбуле на маратоне жанчын было вельмі мала"

Алена Лысакова, 26 гадоў, юрыстка. Прабегла паўмаратоны ў Гданьску, Стамбуле і Рызе.

– Бегаць пачала ў 2018 годзе. Проста спадабалася бегаць кожны дзень. Спачатку вырашыла паўдзельнічаць у масавым 5-кілямэтровым забегу ў Менску на 8 сакавіка. Гэта крута – браць удзел у масавых забегах, дзе бягуць вельмі розныя людзі – сталыя ўдзельнікі, прафэсійныя спартоўцы, людзі розных узростаў з розным бэкграўндам. Я трэніравалася сама і паехала ў Польшчу ў Гданьск, дзе прабегла свой першы паўмаратон. Пасьля знайшла трэнэра, зараз трэніруюся ў бегавым клюбе. Сёлета я прабегла паўмаратоны ў Стамбуле і Рызе. Было шмат забегаў на іншыя дыстанцыі – 5, 10, 12 кілямэтраў – у Вільні, Коўне, Баранавічах, Салігорску, Горадні. Зараз рыхтуюся да менскага паўмаратону, буду бегчы 21 кілямэтар.

Бег вельмі ўплывае на эмацыйны стан. Як бы не было цяжка, пасьля трэніроўкі ці забегу зьяўляецца столькі эндарфінаў. Вельмі крутое адчуваньне. Калі бяжыш ужо другую палову дыстанцыі, то думаеш, што зараз памрэш, што ніколі ня будзеш у гэтым удзельнічаць, але пасьля фінішу адразу думаеш пра тое, дзе і калі будзеш бегчы наступны раз.

Вядома, гэта каштуе грошы, таму што ўсе афіцыйныя забегі платныя. Гэта нармальная практыка ва ўсіх краінах, бо забег трэба арганізаваць – мэдалі ўдзельнікам, ахова трасы і гэтак далей. Прапорцыя мужчын і жанчын у маратоне залежыць ад краіны. У Эўропе звычайна 50 на 50. А ў Стамбуле на маратоне жанчын было вельмі мала, і была пэўная рэакцыя ў некаторых на жанчын-удзельніц. Звычайна забегі плянуюцца загадзя, за год ты ўжо ведаеш, дзе будзеш удзельнічаць. Мае пляны – увосень паўмаратон у Кракаве, наступнай вясной – паўмаратоны ў Коўне і Вільні.

"Стан здароўя істотна палепшыўся"

Вольга Швайкоўская, 40 гадоў, праграмістка. Прабегла маратоны ў Рызе і Вільні, паўмаратоны ў Рызе, Коўне, Вільні, Нэапалі, Гомелі, трэйлавыя паўмаратоны па перасечанай мясцовасьці – у Крэве і Раўбічах.

– Бегаю тры гады. Я маю сядзячую працу, была звычайнай неспартовай дзеўчынай. Пайшла спачатку ў трэнажорную залю, а потым мне проста захацелася бегаць. Аднойчы я была ў падарожжы, сядзела ў прыгожым парку і пабачыла, як бяжыць шмат людзей. Калі я вярнулася дадому, мне захацелася адзець красоўкі і бегчы па вуліцы. Я купіла красоўкі, выйшла і прабегла два з паловай кілямэтры. Мне вельмі спадабалася, і я стала бегаць рэгулярна. Гэта быў пачатак лета, а ў верасьні я ўжо зарэгістравалася на свой першы забег у Менску на 5 кілямэтраў.

Спачатку баялася, таму што там было шмат людзей, а я ня вельмі камфортна сябе адчувала ў натоўпе, але калі прыйшла на забег, атмасфэра мяне проста натхніла. Праз тыдзень я паехала на новы забег у Вільню на кароткую дыстанцыю. У Вільні была цудоўная арганізацыя, нашмат лепшая чым у Менску. Цудоўная атмасфэра мяне яшчэ болей натхніла, і я стала рыхтавацца да паўмаратону ў Рызе.

Частка майго жыцьця і часу цяпер зьвязаныя зь бегам. Здароўе істотна палепшылася. Натуральна, калі празьмерна трэніравалася, былі траўмы, бо калі пачынаеш, робіш нейкія памылкі. Я трэніруюся сама і не заўсёды ўсё раблю слушна, але агульны стан здароўя істота палепшыўся. Я даўно ня маю прастуды, бегаю ўзімку ў мароз і выдатна сябе адчуваю. Бліжэйшы мой забег – паўмаратон у Капэнгагене ў верасьні. Вельмі хачу прабегчы трэйлавы забег па перасечанай мясцовасьці "Дарога замкаў" ад Мірскага замку.

"Самы клясны фармат – бегавы турызм"

Анастасія Сяргеева, 38 гадоў, працуе ў сфэры юрыспрудэнцыі ў Вільні. Бегае паўмаратоны ў розных краінах сьвету.

– Калі я пераехала жыць у Вільню, была ўражаная колькасьцю гарадзкіх спартовых падзей – роварныя заезды, гарадзкія забегі, у якіх бярэ ўдзел шмат расслабленых людзей з усьмешкамі, якія адзін аднаго падтрымліваюць. Немагчыма было заставацца ў баку і не ўдзельнічаць у гэтым. Адразу не было думак пра маратоны ці паўмаратоны. Нават "дзясятка" падавалася нечым недасягальным. 7 гадоў таму я пачала зь 5-кілямэтровага жаночага начнога забегу, які арганізоўваў NIKE пад лёзунгам "Ноч належыць нам". Гэта было цяжка, але я адчула смак і атмасфэру. Цяпер у Вільні праходзяць дзённыя жаночыя забегі, раней былі начныя, хутчэй позьневячэрнія. Мы беглі ў цемры, у прыемным змроку, беглі дзеўчыны і маці з вазочкамі. Натоўп быў вельмі разнастайны і прыгожы.

Пакуль я бегаю толькі паўмаратоны. Гэта даволі прыемны занятак. Рыхтуесься загадзя з трэнэрам, ведаеш свае здольнасьці і рэзэрвы. Я не штурхаю сябе на рэкорды, я бягу дзеля задавальненьня. На маратоны пакуль не замахваюся, бо яны патрабуюць цяжкай падрыхтоўкі. Маратон ня толькі цяжка бегчы, рыхтавацца яшчэ больш цяжка.

Цяпер я рыхтуюся да паўмаратону ў Капэнгагене ў верасьні. Я не навічок, ведаю, што магу гэта зрабіць. Трэнэр распрацаваў для мяне праграму. Я не магу проста думаць пра паўмаратон, я павінна рухацца, шукаць час, рабіць практыкаваньні, ня толькі бегавыя, але і сілавыя. Гэта патрабуе, я мінімум, 10 часоў у тыдзень. Як правіла, гэта ня вельмі камфортна, бо гэта намаганьні, якія штурхаюць цябе да межаў тваіх магчымасьцей. Гэта не забава, а праца.

Бег ня толькі забірае шмат часу, але і дае вельмі шмат. Ты становісься больш эфэктыўнай, дзень расьцягваецца. А чым больш заняты, тым больш пасьпяваеш. Зьяўляецца радасьць на ўзроўні цела. А чым цела здаравейшае, тым яно лепей спраўляецца з тым, што ўзьнікае ў жыцьці на ўсіх узроўнях. З забегу вяртаесься з добрым настроем і новымі ідэямі. Для мяне цяпер самы клясны фармат – бегавы турызм, калі я выяжджаю на забегі ў іншыя краіны і бяру з сабой дзяцей і сяброў і сумяшчаю гарадзкія забегі з аглядам гарадоў.

Вільня – цудоўны горад для прабежак. "Дзясятачку" я бягу лёгка. Для мяне бег – сацыяльная падзея. Калі мы гаворым пра маратоны, то гэта ня проста прабегчы 42 кілямэтры, гэта ўдзел у нечым масавым, у якім бярэ ўдзел шмат людзей з усяго сьвету. Мне падабаецца рабіць гэта разам зь блізкімі людзьмі, такім чынам я дзялюся зь імі сваімі каштоўнасьці і паказваю ім сьвет. У мяне двое дзяцей, старэйшы сын і малодшая дачка. Амаль паўсюль, дзе я бягу сама, я арганізую для яе ўдзел у дзіцячым забегу.

"Ідэя суполкі Mikkeller Running Club Minsk – бегаем і потым пʼём піва"

Тацяна Клікун, 29 гадоў, брэнд-мэнэджэр, займаецца маркетынгам. Бегла маратон у Варшаве і Токіё.

– Бегаю чатыры гады. Пачыналася гэта як пошук спорту, які б дапамог крыху зьнізіць вагу і падтрымліваць сябе ў добрым стане. І гэтым стаў бег. Гэта проста і лёгка, бо не прывязана да нейкага раскладу. Мне падабаецца сам працэс бегу. Стала павялічвацца хуткасьць, пачалі расьці дыстанцыі. Паўтары гады таму я прабегла самую вялікую дыстанцыю 42 кілямэтры. Я прабегла маратоны ў Варшаве і ў Токіё, пляную сёлета маратон у Дубліне. У нас ёсьць суполка Mikkeller Running Club Minsk, у якой абʼяднаныя людзі, якім падабаецца бегаць і камунікаваць. Мы бегаем і пʼём піва пасьля забегу. Як ня дзіўна, гэта вельмі добра суадносіцца. Бег цікавы ня толькі таму, што гэта добры спорт, а таму што ў гэтым ёсьць вялікая сацыяльная актыўнасьць.

Бег – вялікі матыватар і клясная прычына для падарожжа. Едзеш у новую краіну, глядзіш яе, а цэнтральнай часткай падарожжа будзе твой забег. Гэта ня танна. Усё за свой кошт робіцца, але гэта шмат чаго і дае табе. Калі б не маратон у Токіё, я б ніколі не паехала ў Японію самастойна. На гэтым маратоне найвялікшай адметнасьцю была падтрымка мясцовых жыхароў. Гэта існуе паўсюль, але ў Токіё мела проста масавы характар. Уздоўж усёй 42-кілямэтровай трасы 4-5 гадзін стаялі людзі, якія прыйшлі цябе падтрымаць.

Пакуль мужчын на маратонах больш. Верагодна з той прычыны, што грамадзтва да гэтага часу даволі традыцыйнае, і жанчынам больш чым мужчынам даводзіцца займацца сямʼёй і домам. А маратонская падрыхтоўка забірае шмат часу. Але сытуацыя мяняецца, і жанчын на маратонах будзе ўсё болей.

Ганна Соўсь, svaboda.org

Падзяліцца