пан, 19.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

2-3 чалавекі губляюцца "ў грыбах" штодня. Расказваем цікавыя факты пра беларускія лясы

22.07.2019 – 18:35 | 212

Шмат пажараў, 720 камэр фотафіксацыі, зьніклыя грыбнікі і ягаднікі – што яшчэ расказалі журналістам людзі, якія адказваюць за лясную гаспадарку.

Найбуйнейшы лясны пажар тушылі 250 чалавек з авіяцыяй

За першыя паўгода ўжо адбылося 489 лясных пажараў, сказаў 22 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік начальніка ўпраўленьня лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктар Зьвяртоўскі. Зь іх абсалютная большасьць – па віне чалавека.

Калі ўлічыць, што за апошнія 10 гадоў у Беларусі зарэгістравана 4500 пажараў у лесе, то сёлетні год прэтэндуе на рэкорд. Спадар Зьвяртоўскі тлумачыць гэта асаблівасьцямі надворʼя: незвычайнай сьпякотай і адсутнасьцю вільгаці. Ад гэтага першае ўзгараньне было адзначана ўжо 18 сакавіка.

Найбуйнейшы сёлетні пажар адбыўся ў красавіку ў лясным масіве Столінскага раёну непадалёк ад дзяржаўнай мяжы з Украінай, расказаў Сяргей Новік, начальнік упраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Агонь прайшоўся па плошчы 400 гектараў. Тушылі яго 250 чалавек з дапамогай авіяцыі. Берасьцейская і Гомельская вобласьці зьяўляюцца найбольш пажаранебясьпечнымі.

Нават у лесе вас могуць сфатаграфаваць і зьняць на відэа

Асноўная прычына лясных пажараў – чалавечы фактар, паведаміў Віктар Зьвяртоўскі:

"З пачатку году супрацоўнікамі лясной аховы за парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі ў лясах прыцягнуты да адказнасьці 532 чалавекі. Гэта прыкладна на 18% болей, чым за аналягічны пэрыяд летась. Беларускія лесаводы перанялі ў сваіх калег зь Фінляндыі сыстэму фота- і відэафіксацыі. Па стане на 22 ліпеня ў лясным фондзе ўстаноўлена 720 камэр фотафіксацыі. Гэта істотна дапамагае знаходзіць парушальнікаў правілаў наведваньня лясных масіваў".

Штодня ў лясах губляюцца 2-3 чалавекі

Пра гэта журналістаў праінфармаваў Сяргей Новік. Ён паведаміў, што летась у МНС створаны адмысловы пошука-выратавальны цэнтар.

"Каля цягам сьветлавога дня мясцовыя супрацоўнікі не знайшлі чалавека, які заблудзіўся ў лесе, то на наступны дзень туды прыяжджаюць прадстаўнікі нашага цэнтру. Гэта кваліфікаваныя майстры з адмысловай тэхнікай, якая праходзіць і па лясных дарогах, і па балотах. Усе яны могуць аказаць першую мэдыцынскую дапамогу", – падкрэсьліў супрацоўнік МНС.

Спадар Новік заклікаў усіх перад паходам у лес абавязкова паглядзець правілы паводзінаў у лясных масівах, спампаваць з сайту МНС на свой мабільнік праграму для смартфонаў "Дапамога побач".

А найгалоўнейшая парада прадстаўніка Міністэрства надзвычайных сытуацыяў – абавязкова браць з сабою мабільнік з поўнай зарадкай.

Уладзімер Глод, svaboda.org

Падзяліцца