нядз, 18.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Словамі і зёлкамі. Як на Палесьсі загаворваюць цукеркі ад пʼянства і шэпчуць дзяцей ад зьляку

07.07.2019 – 15:31 | 408

Навукоўцы шукаюць новыя лекі ад раку, лекары пішуць пра шкоду мяса ці карысьць цукру. На Палесьсі дагэтуль спрабуюць даць рады хваробам замовамі і зёлкамі. Свабода выправілася ў Янаўскі раён на Берасьцейшчыне, каб пашаптаць зьляк (пярэпалах) і зьняць сурокі.

Тэлефонаў і адрасоў палескіх варажбітак і знахарак не знайсьці ў інтэрнэце. Яны не рэклямуюць свае паслугі. У пошуках дапамогуць праваднікі зь ліку мясцовых.

Фатаграфавацца знахаркі катэгарычна адмаўляюцца. Ня дзіва, калі ў суседнім раёне жыве іншая "бабка", якая можа сурочыць праз здымак да трэцяга калена. Уся гэтая сфэра магічнай дзейнасьці напоўнена прымхамі і забабонамі. Ластаўка ўляціць у хату – дрэнны знак. Прысьняцца пацукі ці парасяты – бывайце, грошы. Заўважыш каля ганку рассыпанае зерне ці жоўты пясочак, на гарышчы пустыя яечкі – усё, бадай прапаў, нехта табе "падрабіў". Шукай "бабку", каб пашаптала, адвяла гора ад хаты.

Кожная знахарка мае сваю вузкую спэцыялізацыю. Яны падзяляюцца на тых, хто шэпча ад

  • зьляку
  • алькагалізму
  • эпілепсіі
  • "надрыву жывата"
  • "крыксаў" у дзяцей
  • удару
  • сурокаў
  • рожы
  • "ветру" (калі чалавек трапіў у віхор на полі)
  • зубнога болю

У вёсцы Стрэльна Янаўскага раёну 13 гадоў таму стварылі музэй – "Дом траўніка".

Тут можна даведацца пра гаючыя ўласьцівасьці расьлін, а яшчэ – прачытаць замовы ад хвароб і сурокаў. Не сьпяшайцеся перапісваць тэксты – яны вам наўрад ці дапамогуць. Да зёлак і замоў трэба валодаць пэўнай сілай.

"Зёлкамі і словамі лячыліся спрадвеку. Я ва ўсё веру"

Дырэктарка музэю – Галіна Вайцяшчук. 39 гадоў яна выкладала ў школе біялёгію.

"Працавала ў Стрэльніцкай школе, якую пабудаваў мой бацька. Мне няма даражэй куточка, чым наша вёска. Тут прайшло маё дзяцінства, маладосьць, сталасьць і старасьць. Цяпер я хачу ўшанаваць усё лепшае нашага краю. Мы не згубілі час – мы сабралі ўсё лепшае, што маем", – кажа дырэктарка музэю.

Яна зазначае, што за апошні год "Дом траўніка" наведалі дэлегацыі з Ісьляндыі, Бэльгіі, Галяндыі, Швэцыі. Сюды едуць мэдыкі, фармацэўты, прадстаўнікі Акадэміі навук.

Галіна верыць у магічную сілу зёлак, да якіх абавязкова трэба прыкласьці "добрае слова".

"Мая бабуля пражыла 97 гадоў. Яна ня ведала ні дактароў, ні лякарняў. Лячылася толькі зёлкамі. Я зь дзяцінства назірала, як мая бабуля дапамагала дзеткам – ад крыксаў ці сурокаў. Я бачыла, як дзіця крычыць, стаіць прутам і ня можа ноччу спаць. Бабка пачытае над ім замову – і дзіця засынае. Я ва ўсё веру", – кажа дырэктар музэю.

У музэі сабраная інфармацыя пра зёлкі і іх гаючыя ўласьцівасьці. Тут склалі картатэку мясцовых знахарак, запісалі іхнія замовы.

Досьведам музэю зацікавілася Акадэмія навук. Інстытут генэтыкі і цыталёгіі заключыў з музэем дамову, згодна зь якой супрацоўнікі Дому траўніка маюць дзяліцца з навукоўцамі сваім досьведам у галіне "традыцыйных ведаў, зьвязаных з генэтычнымі рэсурсамі".

"Я толькі зьляк лячу. Астатняе ня ўмею"

Пошукі знахарак прывялі нас у вёску Гарбаха. Заўважылі такую адметнасьць – "бабкі" звычайна жывуць на ўскрайку вёсак. На хаце 85-гадовай Вольгі Іванаўны вёска канчаецца. Далей – поле. Перад хатай – могілкі.

Раней Вольга Іванаўна варажыла на картах – навучылася ад маці. Да яе ехалі людзі з усяе вобласьці. Гасьцей цікавіў лёс зьніклых рэчаў, ці варта выходзіць замуж за таго ці іншага хлопца, ці ехаць у абласную лякарню па здароўе.

"Гэта ў мяне ад маці. Яна варажыла на картах да апошняга. Ёй было 84 гады. Маці сказала: „Я хутка памру – так карты паказалі і так сон сасьніла“. Мой муж схаваў тыя карты, каб ня брала дурное ў галаву. І я казала: „Кінь ты тыя карты, не памрэш“. Але як яна сказала – так і адбылося. Цяпер я рэдка варажу, бо моцна баліць галава, ціск скача. Варажба ўплывае і на галаву, і на сэрца. Трэба разгадаць карту – ня так лёгка. Адна карта мае шаснаццаць значэньняў. Гэта так здаецца – раскінуў карты, і ўсё ведаеш", – кажа Вольга Іванаўна.

Да яе прывозяць дзяцей "паглядзець" ад зьляку. Мясцовыя "бабкі" менавіта так называюць свае магічныя дзеяньні – "паглядзець". Якраз у час нашага візыту да брамкі пад'ехаў чорны "Фольксваген". Маладыя бацькі прывезьлі сваё дзіця "паглядзець ад зьляку".

"Дзіця малое прывозяць – трэба ж дапамагчы. Я сама навучылася глядзець ад зьляку ў 12 гадоў – мяне вадзілі да бабкі, калі я сабак спужалася. Яна мяне навучыла. Ня ўсе людзі могуць навучыцца. Вось я спрабавала нявестку сваю навучыць – ня вучыцца яна. Ці трэба дар нейкі мець, ці што – хто яго ведае?" – разважае "народная лекарка".

Вольга Іванаўна кажа, што ня мае таксы за свае паслугі. "Хто дзякуй скажа, хто шакалядку прынясе. Гадасьці я ніколі нікому не рабіла. Хто так робіць – гэта ня людзі, а зьвяры, калі на людзей нешта насылае", – кажа жыхарка Гарбахі.

Да чаго можа прывесьці зьляк

Вольга Іванаўна ў маладосьці сама зьвярталася да знахарак.

"Я ў маладосьці неяк моцна стукнулася. Хадзіла да бабкі, каб яна мяне паглядзела – мне лягчэй зрабілася. І ад зьляку лячылася – бо сама сябе не паглядзіш. І роднага чалавека, калі кроў на кроў – не паглядзіш", – кажа пэнсіянэрка.

У маладосьці Вольга Іванаўна рабіла даяркай. На ранішнюю дойку мусіла выбірацца на фэрму каля трэцяй гадзіны ночы – бо а шостай кароў гналі на пашу. Жанчына жыве каля могілак, але ніколі не баялася мерцьвякоў.

"Жывых трэба баяцца. Чалавек памёр, закапалі – чаго яго баяцца?" – зьдзіўляецца Вольга Іванаўна.

У тую ноч яна заўважыла, што брамка на могілкі расчыненая. Потым пачула нечы стогн ці енк. На фэрму прыбегла "белая, як сьмерць".

"І ногі пачалі падкошвацца ў мяне, і сіл няма ніякіх – такі моцны быў зьляк. Потым мы паглядзелі, што там на могілках трава была прымятая, і ад ровара таксама. Відаць, нейкі п'яніца пасьля заробку трапіў туды ды заснуў. Я пачала слабець, млела, мне ў грудзях балела. Жанчыны мне кажуць: „Трэба шукаць нейкай рады ад зьляку – бо ты памрэш“. Пайшла я да Каці – жыла такая ў нас жанчына, і яна мяне паглядзела ад зьляку. Не паверыце – проста сонца ў вочы засьвяціла! Да гэтага я і есьці не магла – нічога ня лезла. Пасьля таго як яна мяне паглядзела, пайшла я дахаты, і такі апэтыт зьявіўся! Так смачна бульба мне пахла! А цяпер да мяне прыяжджае дачка той Каці, нябожчыцы – каб я яе паглядзела", – распавяла Вольга Іванаўна.

"Бязь веры няма чаго жыць"

Пэнсіянэрка Валянціна Лагодзіч верыць у магічныя ўласьцівасьці каменьчыкаў, ікон, вады, гузікаў. Усе гэтыя рэчы яна "замаўляе" – каб яе не сурочылі.

"Мая маці дапамагала людзям. Яна глядзела ад зьляку, ад удару. Я сама хадзіла на мыліцах. Дактары сказалі, што ўвогуле ня буду хадзіць – у ложку буду ляжаць. Я ўжо хацела атруціцца – як гэта мне ляжаць у ложку? Цяпер бачыце – хаджу. Розныя малітвы чытала. Ці малітвы дапамаглі, ці сама сабе дапамагла. Ня ведаю. Але ёсьць Бог перад намі", – кажа Валянціна Андрэеўна.

Яна сьцьвярджае, што ўмее "паглядзець ад эпілепсіі".

"Раней глядзела свайго сына. Пакуль загаворвала яго – не было прыступаў у яго. Потым перастала загаворваць – і прыступы пачаліся. Ён цяпер у інтэрнаце. Зусім загаварыць яго я не магу – бо гэта адна кроў. Каб чужы быў – загаварыла б", – кажа жыхарка Варацэвічаў.

Калі яна сама ня можа даць рады розным жыцьцёвым праблемам і хваробам – зьвяртаецца да варажбітоў і знахарак.

"І пад Драгічынам ёсьць бабкі. І пад Пінскам жыве такі дзед, што толькі гляне на цябе – усё будзе ведаць. Ён і па фатаграфіі можа дапамагчы. Ён што хочаш можа зрабіць на адлегласьці", – кажа Валянціна.

Яе стрыечны брат даволі скептычна ставіцца да расповедаў сваячкі.

"Ат, глупства адно. Ня верце ёй з той магіяй!" – раіць вясковец. Але дадае: "Бязь веры чалавеку няма чаго жыць. Хоць у якую веру трэба верыць, хоць у што".

Сам ён верыць у сны. Асабліва баіцца, каб не сасьніць парасят ці пацукоў.

"Калі прысьняцца – абавязкова гора здарыцца, грошай ня будзе, будзеш голы і босы!" – упэўнены вясковец.

"Загаварыла цукерку. П'яніца зьеў – і больш ня біў жонку"

Марыя жыве ў вёсцы Варацэвічы. Нашаму візыту яна не была надта рада.

"Хто вам сказаў пра мяне? От ужо людзі! От ужо людзі! Я нічога не хачу афішаваць – мне гэта ня трэба!" – папярэдзіла пэнсіянэрка.

Але сёе-тое пагадзілася распавесьці. Кажа, што ўменьне "глядзець" людзей у яе пайшло "неяк само сабой".

"Людзі едуць і едуць – просяць дапамагчы. Ад ветру, ад рожы, дзетак вязуць маленькіх – ад зьляку. Лекары ім самі кажуць, каб шукалі бабак. Бо ёсьць такія хваробы, што і лекары ня могуць ні распазнаць, ні дапамагчы. Да нас зьвяртаюцца як да апошняй інстанцыі. Проста пачытаць замову – не дапаможа. Трэба мець дар. Мая маці малілася, бабулька таксама. Дапамагае гэта тым, хто верыць. Хто едзе да мяне – і моцна верыць, што я дапамагу, а ня так проста, прыехаў і ўсё", – кажа Марыя.

Яна распавяла, як жанчына з адной вёскі не магла даць рады мужу, які піў, завёў каханку ды яшчэ жонку біў.

"Прыехала да мяне. Я пачытала малітвы, замовы, загаварыла цукерку. Ён потым яе зьеў – і як адрэзала. Адчапіўся ад каханкі, і жонку больш ня біў", – кажа Марыя.

Як у яе спалучаюцца малітвы – зварот да Бога, і замовы – зварот да "нейкай сілы"? Царква ж забараняе варажбу і чарадзейства. Ці верыць яна ў Бога?

"Веру, канечне. Бог не сьвятло – ня выключыш", – кажа Марыя.

svaboda.org

Падзяліцца