Да 21:00 нядзелі 10 сакавіка можна падтрымаць эсэмэскай музейны пакой у Дрыбінскім раёне, прысвечаны жыццю і творчасці Ніны Кавалёвай. Паэтка не выходзіць з дому ўжо 12 гадоў. Праз цяжкую хваробу жанчына не можа нават сядзець, але працягвае пісаць для дзяцей і дарослых па-руску і па-беларуску.
Літаратурна-краязнаўчы музейны пакой Ніны Дзмітрыеўны Кавалёвай "Паэтычная зорка маленькай радзімы" працуе пры Цемналескай бібліятэцы-філіяле з сакавіка 2014 года. Тут сабрана больш за 150 арыгінальных экспанатаў і 200 копій розных відаў дакументаў. Іх колькасць расце.
Аформлены пакой у стылі 50-80-х гадоў ХХ стагоддзя, на якія прыйшлося жыццё Ніны-школьніцы, студэнткі, а затым і хворай жанчыны.
Праект "Паэтычная зорка маленькай радзімы" ўдзельнічае ў трынаццатым нацыянальным конкурсе Social Weekend. Там розныя ініцыятывы з усёй Беларусі шукаюць падтрымкі мецэнатаў.
Калі вы хочаце, каб гэты дрыбінскі праект перамог, то можаце даслаць эсэмэску на нумар 7755 з кодам 2232. Кошт SMS-паведамлення з улікам ПДВ:
- 1 руб. – для абанентаў Velcom;
- 1,04 руб. – для абанентаў МТС;
- 1,25 руб. – для абанентаў life:)