Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" выпусціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі. Аплікацыю Ptushki можна спампаваць з Play Market.
Калі пабачаная птушка добра вам запомнілася або ў вас атрымалася яе сфатаграфаваць – адкрывайце мабільны вызначальнік і абірайце з прапанаваных відавочныя параметры: месца і сезон назірання, адносныя памеры птушкі, колеры апярэння і ног, форму, памеры і колер дзюбы. Праграма адфільтруе віды па гэтых характарыстыках, і з некалькіх здымкаў вы зможаце выбраць пабачаную птушку.
У спісе птушак 325 відаў, якіх можна сустрэць у нашай краіне. Спіс можна сартаваць па алфавіце (беларускім, рускім або лацінскім), а таксама па групах (атрадах): вераб'іныя асобна, гусі і качкі асобна і г.д.
Для кожнага віду даецца апісанне, розныя фота, запіс голасу, адзначаюцца асаблівасці: напрыклад, як адрозніць самца, самку і маладую птушку.
Гэты мабільны дадатак унікальны для Беларусі. Ён створаны на базе электроннага вызначальніка florafauna.by, распрацаванага Вольгай Янчурэвіч і Віталём Сахвонам. Фота птушак для яго зрабілі Дзмітры Якубовіч, Аляксандр Вінчэўскі, Дзмітры Вінчэўскі, Аляксей Падалякін і Валер Юрко. Гэта адзін з першых рэлізаў мабільнага дадатку, таму цяпер асабліва важныя каментары і парады карыстальнікаў.
Стварыць мабільны вызначальнік дапамагла кампанія EPAM. Адметна, што каардынаваў распрацоўку вызначальніка выпускнік Акадэміі бёрдвочынгу пры АПБ.