пят, 19.07.2019
USD2.03|EUR2.28|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

6 студзеня - урачыстасць Аб'яўлення Госпада (Тры Каралі)

05.01.2014 – 14:46 | 1186 | 1 | даслана чытачом

Мясцовы прыход сардэчна запрашае каталікоў Горак прыняць удзел у святочных Літургіях. Яны адбудуцца а 10.00 і 16.00 у капліцы пры парафіяльным доме (завул. Валадарскага 10).

Дадзенае свята ўжо ў ІІІ ст. была вядома на Усходзе. Прыкладна праз стагоддзе яна з’явілася на Захадзе, дзе стала называцца таксама святам Трох Каралёў.

У літургіі гэта ўрачыстасць непарыўна звязана з Божым Нараджэннем. У Евангеллі святога Мацвея гаворыцца пра мудрацоў, якія, ідучы за зоркаю, прыбылі ў Ерузалем і Бэтлеем, каб адшукаць нованароджанага караля юдэйскага.

«Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру» (пар. Мц 2, 12).

Аб’яўленне, якое па-грэцку называецца Эпіфанія, азначае з’яўленне боскасці ў чалавечай постаці. Пакланенне мудрацоў, якіх да Ісуса прывяла зорка, указвае на тое, што ўвесь сусвет (зорка як сімвал космасу) быў усхваляваны нараджэннем Хрыста. Да Яго прыбылі язычнікі (мудрацы), каб аддаць пашану Богу. Гэта падзея ўказвае на магчымасць пазнання Бога, дзякуючы сумленнаму пошуку праўды пра свет і чалавека.

Мудрацы прынеслі Хрысту дары: золата — сімвал каралеўскай годнасці, кадзіла — сімвал святарскай годнасці, мірру — сімвал спаўнення месіянскіх прароцтваў, а таксама прадказанне смерці Збаўцы. Адначасова гэта было праявай веры ў Хрыста праўдзівага чалавека (мірра), праўдзівага Бога (кадзіла) і Валадара (золата).

З урачыстасцю Аб’яўлення Госпада звязаны звычай асвячэння крэйды, кадзіла і вады. Асвячонай крэйдай на дзвярах пішуць K+M+B і бягучы год. Гэтыя літары з’яўляюцца першымі літарамі імёнаў трох каралёў — Каспар, Мельхіёр і Бальтазар.

У Сярэднявеччы надпіс C+M+B выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстос благаслаўляе гэтаму дому!» («Christus mansionem benedicat!»). Не так шмат ёсць дакументаў-першакрыніц пра асобы Трох Каралёў, але існуе шмат легендаў. Народная пабожнасць з прычыны колькасці дароў вызначыла, што было іх тры. Аднак толькі ў VI ст. аб іх пачалі гаварыць як пра каралёў, а праз 300 гадоў ім былі дадзены імёны Каспар, Мельхіёр і Бальтазар.

У мастацтве Каспар найчасцей прадстаўлены як афрыканец, які прыносіць у дар Ісусу мірру, Мельхіёр — еўрапеец, які ахвяруе золата, і Бальтазар — азіяцкі кароль, які прыносіць да ясляў кадзіла. Паводле легенды рэліквіі Трох Каралёў былі знойдзены св. Аленай і спачатку захоўваліся ў Канстанцінопалі, а пазней — у Мілане.

З ХІІ стагоддзя традыцыя Трох Каралёў звязваецца з Кёльнам. У 1164 г. кёльнскі арцыбіскуп Райнальд фон Дасэль перавёз з Мілана мошчы трох мудрацоў у Кёльн, дзе яны знаходзяцца і сёння. Тры Каралі лічацца апекунамі вандроўнікаў, пілігрымаў, гандляроў, уладальнікаў гасцініц, кушнераў.

Паводле www.kasciol.by

кс. Андрэй Кеўліч, г. Горкі

Падзяліцца