пан, 20.01.2020
USD2.12|EUR2.36|RUB3.45
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Колькі ж табе засталося, Нежкаўскі бярозавы гай?

16.12.2013 – 14:11 | 510 | 2

Неяк аднойчы, ідучы па справах па вуліцы Якубоўскага ў Горках побач з мостам праз Капылку, звярнуў увагу на рэкламны шчыт. На ім быў выведзены слоган “Довези до урны!", на фоне якога намалявана вялікая пластыкавая бутэлька, шаша і на супрацьлеглым баку яе – сметніца.

Ці ўсе мы давозім адыходы да сметніцы?

Гледзячы на гэты банер, пра сябе спытаўся: “Каго ён больш закране за душу? Чалавека, які па-людску ставіцца да прыроды, або тых вандалаў, якія бессаромна губяць ўсё жывое?”.

Закране, напэўна, першых, а другім, як кажуць, усё па барабану. Яны, як не засвоілі экалагічнай культуры ў школе, каледжы або ВНУ, так і не засвояць ніколі.

Пабольшасці вандаламі людзі становяцца яшчэ ў дзяцінстве, пераважна ў сямейным асяроддзі. Жыццёвым крэдам іх становіцца: разбіць, зламаць, знішчыць, зруйнаваць і г.д. Усё тое, што спалучаецца з нізкімі пачуццямі, накіраванымі толькі на нізкапробнае спажыванне матэрыяльных каштоўнасцяў.

Такія людзі, якога б узросту яны ні былі, гэтакую бутэльку, або кучу смецця да скрынкі не давязуць, а выкінуць у прыдарожны кювет або проста на дарогу. У лепшым да выпадку, на іх меркаванне, завязуць у бліжэйшыя прыдарожныя лесапалосы, гаі і там выкінуць.

Так робіцца на працягу не аднаго года ў адносінах да Нежскаўскага бярозавага гаю, самага бліжэйшага ляснога масіву да Горак.

Без усялякага маральнага сумлення, грамадзянскай і адміністрацыйнай адказнасці некаторыя жыхары Горак вывозяць у гэты лясок горы смецця, у якім сустракаюцца і шкодныя для здароўя рэчывы.

Не адстаюць ад тых небаракаў і нядобрасумленныя гаспадары садовых масіваў “Нежкава” і “Ручаёк”, якія ўпотай робяць сваю "чорную справу", зносячы усялякі хлам ва ўзлесак.

Шмат страт гэтаму лясному масіву наносяць і так званыя “аматары прыроды”, якія прыязджаюць цэлымі групамі “адпачываць”: распальваюць, дзе хочуць, вогнішчы, каб падсмажыць шашлыкі і выпіць пад іх не адну чарку. Пасля такіх “выездаў на прыроду” ў навакольным асяроддзі застаецца шмат смецця, выпаленая зямля, разбітыя бутэлькі, паламаныя кусты, дрэвы і г.д.

Немалыя страты Нежкаўскаму гаю наносяцца падчас дазволеных і недазволеных вырубак дрэў.

Па маіх шматгадовых назіраннях тут ужо зніклі курапаткі, не гняздзяцца на ялінах і не выводзяць птушанят чаплі, змяншаецца колькасць прыдатных да яды грыбоў, некаторых раслін і г.д.

І гэта робіцца ўсё з тым гаем, які прываблівае вока сваёй прыгажосцю круглы год, але асабліва восенню, напрыканцы верасня і на працягу ўсяго кастрычніка, калі лясок прымае залаціста-барвовы колер. У сонечны дзень яго лісце зіхаціць тысячамі розных каляровых адценняў і нельга адарваць позірк ад гэтай прыгажосці.

Але пры варварскім стаўленні несумленных людзей, мабыць, надыдзе час, калі адгаворыць “роща золотая" - як пісаў вялікі рускі паэт Сяргей Ясенін - "берозовым веселым языком”. Але адгаворыць, зразумела, не на зіму, а назаўсёды. Колькі ж табе засталося існаваць, Нежкаўскі бярозавы гай?!

Уладзімір Шчур