сер, 16.10.2019
USD2.05|EUR2.26|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

20.06.2018 – 23:44 | 353 | 2

Трэці тыдзень у менскім урочышчы Курапаты ідуць пратэсты супраць адкрыцьця рэстарану "Поедем поедим". Як паказала апытаньне Свабоды, частка менчукоў нават ня ведае, што такое Курапаты.

Чаму наагул пратэстуюць?

Пратэстоўцы лічаць пабудову рэстарану незаконнай і амаральнай. Незаконнай – бо яго збудавалі ў ахоўнай зоне мэмарыялу (пазьней ахоўную зону звузілі так, што тэрыторыя рэстарану ў яе амаль не патрапляе, хоць гэта ня робіць ранейшыя парушэньні законнымі). Амаральнай – бо забаўляльная ўстанова месьціцца за 50 мэтраў ад месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў.

На могілках ядуць і п'юць – і што?

Па-першае, як адзначаюць абаронцы Курапатаў, ва ўрочышчы ня могілкі, а месца пакутніцкай сьмерці і неасуджаных забойстваў, пахаваньне невядомых і не ўшанаваных належным чынам ахвяраў. Па-другое, сьвятары хіба ня ўсіх канфэсіяў катэгарычна не рэкамэндуюць есьці і выпіваць і на звычайных могілках.

Колькі там забілі?

Гэта невядома дакладна – архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў. Але, паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі?

Не, бальшавікі. Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах – бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх "нямецкі сьлед", але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Чаму будаўніцтва называюць незаконным, калі рэстаран не ў ахоўнай зоне?

Будаўніцтва комплексу, тады яшчэ вядомага як "Бульбаш-хол", пачалі ў 2011 годзе ў межах ахоўнай зоны мэмарыялу, афіцыйна вызначанай у 2004 г. Толькі пасьля пачатку будаўніцтва – і пасьля прызнаньня парушэньняў Міністэрствам культуры і Генэральнай пракуратурай – межы ахоўнай зоны былі зьмененыя на карысьць комплексу, і гэта, як адзначаюць абаронцы Курапатаў, рабілася са шматлікімі парушэньнямі працэдураў. Вядомыя практычна ўсе імёны адказных за будаўніцтва.

Чаму не пратэставалі раней?

Пратэставалі ад 2012 году безупынна, але ня шляхам пікетаў – зьбіралі подпісы, пісалі звароты, вялі інфармацыйныя кампаніі, зьвярталіся ў суды з пазовамі супраць Міністэрства культуры, Генэральнай пракуратуры і раённых уладаў. Заяўнікі прайшлі ўсе судовыя інстанцыі Беларусі, але безвынікова. Гэта было далёка ня першае змаганьне з уладамі за Курапаты за 30 год з выкрыцьця праўды.

Што прапануюць зрабіць пратэстоўцы і ці ўлічаць яны інтарэсы бізнэсу?

Перадусім пратэстоўцы патрабуюць зачыніць "карчму на касьцях", як яны называюць рэстарацыю. Некаторыя лічаць, што будынкі варта зьнесьці як незаконны самабуд, але гучыць і заклік зрабіць музэй замест рэстарацыі. Адны пратэстоўцы лічаць, што ўладальнікам трэба даць іншую тэрыторыю пад іхны бізнэс і кампэнсаваць страты, другія кажуць, што ва ўсёй гісторыі відавочныя злачынны і карупцыйны складнікі, таму зямлю і пабудовы варта сканфіскаваць, правёўшы паўнавартаснае сьледзтва.

Глядзіце па тэме:

Што кажуць пра гэта ўсё вядомыя людзі – ад Алексіевіч да Ярмошынай

svaboda.org