аўт, 25.09.2018
USD2.08|EUR2.45|RUB3.15
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Інстаграме Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

"Раней таксама думаў, што немагчыма". Выпускнік мінскай гімназіі Максім Багдановіч паступіў у Гарвард

12.06.2018 – 00:00 | 1196 | 2

"Сёння нашы выпускнікі разляцяцца хто куды", – казалі ва ўсіх школах Беларусі 9 чэрвеня. 16-гадовы Максім Багдановіч з мінскай гімназіі № 4 паляціць наўпрост у Гарвард. Восенню мінулага года ён здаў амерыканскія экзамены (на выдатна), прайшоў інтэрв'ю (бліскуча) і атрымаў запрашэнне ад аднаго з лепшых універсітэтаў свету. "Калі прачытаў той ліст, скакаў ад падлогі да столі. Бацька сказаў: "Супакойся". А маці дагэтуль не вельмі рада, што я паеду на іншы кантынент", – распавядае студэнт амерыканскага універсітэта з Лігі плюшчу.

– Толькі можна не факусаваць увагу на мне? – просіць Максім, калі пагаджаецца на інтэрв'ю. – Хацелася б паказаць іншым, што гэта магчыма, і натхніць кагосьці, а не распавядаць пра сябе. Я ж не ўнікальны.

"Неўнікальны" Максім Багдановіч вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі № 4 горада Мінска. Вершы не піша, але паэзію шануе. Асабліва "Пагоню" – любімае з творчасці свайго цёзкі і з усяго белліту.

– Верш круты, імпануе гэтай падлеткавай рамантычнасці. Не скажу, што я рамантык, але настрой верша вельмі сугучны з тым, што адбываецца ў маім узросце.

Сустрэцца Максім прапануе ў Пушкінскай бібліятэцы, дзе ён рыхтаваўся да амерыканскіх іспытаў. Тут ён – амаль легенда, якую пакуль не пазнаюць у твар.

– А вы ведаеце, што хлопчык з чацвёртай гімназіі паступіў у Гарвард? – звяртаецца да яго чытач з сівой барадой. – Наконт гэтага гутарыць будзеце?

– Ну-у-у, так, пэўна, – бянтэжыцца Максім.

– То, можа, гэта ты і ёсць?

– Ну, так.

– Ты? Шуткуеш ці на самой справе? – разгублена глядзіць на яго незнаёмец.

Максім ніякавее, але ўсміхаецца.

Прозвішчам хлопец абавязаны бацьку, імем – бабулі.

– Бабулі вельмі падабалася імя Максім. Яна прапанавала, і ўсе пагадзіліся. Хаця з дзяцінства думаў, што маму бянтэжыла сугучнасць з біяграфіяй пісьменніка. Але нядаўна высветліў, што яна нармальна ставілася да імені. Таму нічога асаблівага ў гэтай гісторыі няма. 

– Вялі ўлік, колькі разоў пры знаёмстве людзі рабілі здзіўлены твар: "Максім Багдановіч"?

– Спачатку мне нават падабалася, было смешна. Асабліва настаўнікі ў пятым класе дзівіліся: "Арцімовіч. Наступны Багдановіч. Багдановіч?!" Амаль пры кожнай сустрэчы незнаёмцы падкрэсліваюць, што я цёзка беларускага паэта. Але прызвычаіўся, таму зараз не звяртаю ўвагі.

Да іспытаў рыхтаваўся па відэа ў Youtube. Па агульным тэсце SAT атрымаў 1540 балаў са 1600

Яшчэ год таму на пытанне "Кім ты бачыш сябе праз год?" Максім Багдановіч упэўнена сказаў бы: "Студэнтам медыцынскага ўніверсітэта". Хлопец збіраўся паступаць на фармацэўтычны факультэт і нават не думаў з’язджаць за мяжу.

– У мяне ніколі не было зневажальнага стаўлення да беларускай адукацыі і жадання абавязкова з’ехаць адсюль. Проста так атрымалася.

Каб так атрымалася, Максім вывучыў англійскую мову, на выдатна здаў чатыры экзамены, напісаў пераканаўчае эсэ і ўпэўнена прайшоў інтэрв'ю з прадстаўніком Гарвардскага ўніверсітэта. Да іспытаў Максім рыхтаваўся пераважна сам - па кансультацыю і дапамогу рэпетытара звяртаўся ўсяго чатыры разы.

– Амерыканскія тэсты нашмат цікавейшыя за ЦТ. Само адчуванне ад падрыхтоўкі зусім іншае. Калі ЦТ – гэта маркота, а кожная гадзіна – прымус, то тут было вельмі цікава. Шмат, напрыклад, рыхтаваўся па відэа, якія знаходзіў у Youtube. Таксама адкрыў для сябе цудоўны сайт khanacademy.org. Калі б гэта было сумна, я не займаўся б.

Да паступлення ў Гарвард амерыканскія школьнікі рыхтуюцца ледзь не з дзіцячага садку. У Максіма на гэта сышло 6−7 месяцаў. У выніку – міжнародны тэст па англійскай мове TOEFL ён здаў на 109 балаў са 120, агульны экзамен SAT – на 1540 са 1600, экзамен па хіміі – на 790 з 800, па біялогіі – на 760 з 800. А вось вынік па матэматыцы Максім не помніць.

– Мне вельмі пашэнціла з настаўнікамі. Усё, што я ведаю, – з таго, чаму сам навучыўся і што мне дала школа. У нас, канешне, шмат праблем у адукацыі, але на сваім досведзе ўпэўніўся: ёсць настаўнікі, якія даюць моцныя веды, з якімі можна паступіць нават у Гарвард.

Апроч гэтых вынікаў, Максім падаваў выпіску школьных адзнак, эсэ, тры рэкамендацыі ад настаўнікаў і апісваў свае пазашкольныя захапленні.

Пра тое, што ён вучыўся ў музычнай школе адразу на двух інструментах, пісаць не варта, кажа Максім. А вось пра тое, што займаўся фехтаваннем, – дазваляе: гэтае захапленне дапамагло яму пры паступленні.

– Пункт, звязаны з заняткамі па-за межамі школы, дапамагае ўніверсітэту зразумець, хто ты такі. Таму ён вельмі важны, не менш за іншыя. У адрозненні ад беларускіх вну, амерыканцам важна стварыць гарманічныя ўмовы, каб на кампусе жылі і вучыліся разам людзі з розных культур, якія будуць дапамагаць табе расці.

Нягледзячы на процьму выдаткаваных сіл і часу, ажно да студзеня паступленне ў ЗША Максім лічыў проста спробай. Да магчымай няўдачы ён ставіўся лёгка. Бацькі не вельмі падтрымлівалі яго ідэю і не асабліва цікавіліся працэсам. Падрыхтоўкай дакументаў ён займаўся сам, без падказак з чыйго-небудзь боку.

– Падаваў дакументы з думкай: "Жывем адзін раз. Калі не зраблю гэтага зараз, то пасля магчымасці не будзе". Так, заяўка забірае шмат часу і працы, аднак пасля вы будзеце адчуваць сябе супермэнам.

Калі Максіма запрасілі на інтэрв'ю, яго няўпэўненасць у поспеху захісталася.

– Спачатку мне патэлефанавалі з Прынстанскага ўніверсітэта. Інтэрв'ю з ім прайшло нармалёва, але не вельмі: калі яно скончылася, столькі харошых думак прыйшло ў галаву! З Гарвардам атрымалася інакш. Замест стандартнай паўгадзіны мы размаўлялі 70 хвілін. Пра кнігі, антрапалогію, сітуацыю ў Беларусі. Распавядаў, як выступаў на канферэнцыях па гісторыі. Былі пытанні пра сям’ю, мае цікавасці. Адчуванне было касмічным.

"Галоўнае, каб бацькі і вучні адразу не адкідвалі магчымасць з-за таго, што гэта нерэальна"

У адзін з апошніх дзён сакавіка Максім прачнуўся, адкрыў электронную пошту і знайшоў у ім пісьмо з запаветным "Congratulations!". Ад радасці пачаў тэлефанаваць сябру і крычаць у трубку нешта неразборлівае.

– Бацька сказаў: "Супакойся". Гэта было… – Максім, здаецца, у дэталях помніць той дзень. – Твой сын паступіў у Гарвард, і першае, што ён кажа: "Супакойся"? Маці сказала: "Сур'ёзна? Правер яшчэ раз! Ты правільна пераклаў? Правер!"

Наогул, маме, кажа Максім, ідэя паехаць у заакіянскія далі спадабалася не вельмі: хвалюецца, бо ён там будзе адзін. Сам Максім Багдановіч гэтага не баіцца.

– Я ўдзячны бацькам. На працягу ўсяго жыцця яны стваралі ўмовы, каб я мог займацца тым, што мне цікава. У іх не было ідэі-фікс: "Мой сын мусіць быць музыкам ці навукоўцам, таму не выйдзе са свайго пакоя, пакуль не дапрацуе". Не. Ніколі не было спрэчак у сям'і. Адна справа нешта вывучаць, калі ў тваёй сям'і ўсё добра, і зусім іншая, калі вы прыходзіце дадому і не хочаце там быць. Мне вельмі пашэнціла.

Бацька Максіма працуе тэрапеўтам у паліклініцы, маці – спецыялістам у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці.

– Менавіта яны прывялі мяне на фехтаванне, яны далі сродкі на экзамены. Наогул, тэсты абышліся ў суму каля 1000 даляраў. Гэта не тыя грошы, якія бацькі могуць проста даць са словамі: "Ідзі паспрабуй, можа, нешта і атрымаецца". Так, я пайшоў на рызыку. Затое цяпер маю поўнае фінансаванне сваёй вучобы і пражывання, а гэта 80 тысяч даляраў на год. Я сам доўга лічыў: паступіць нерэальна. У мяне нават блок быў на гэты конт. Цяпер я хацеў бы сказаць: галоўнае, каб бацькі і вучні, якія разглядаюць гэтую магчымасць, не адкідвалі яе адразу з-за таго, што гэта немагчыма. Магчыма!

27 жніўня ў Максіма пачнецца вучоба ў прэстыжным універсітэце і новае жыццё за акіянам. На працягу будучых чатырох гадоў ён плануе вывучаць нейрабіялогію.

– Раней я не разглядаў карьеру вучонага як магчымую для сябе. У Беларусі навукоўцам быць складана. А зараз усё больш думаю пра гэта. Мае прафесійныя мары хутка змяняюцца. Я ведаю толькі тое, што нічога не ведаю. Але ж мне вельмі хочацца працаваць ў той сферы, якая мне сапраўды цікавая і ў якой я магу прыносіць карысць. Зараз, напрыклад, я гляджу розныя відэа, як ракавыя клеткі перастаюць быць ракавымі. Праз пэўны час, магчыма, цікавасць зменіцца. Галоўнае – я хачу прыносіць карысць гэтаму свету.

Любовь Касперович, фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.
+1
+7
-1
Васіль 12.06.2018 - 16:35

Поспехаў табе, юнача, у тваім жыцці і рэалізацыі ўсіх рамантычных планаў і мараў!

аватар карыстальніка Андрэй Юркоў
+1
+3
-1
Андрэй Юркоў 12.06.2018 - 22:34

Вось наш беларускі адказ лепшаму хакеісту-піяністу-лыжніку)