чцв, 13.12.2018
USD2.13|EUR2.41|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Інстаграме Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

"Гэта ўсё рэальна". На "Кірмашы праектаў" прэзентавалі шэсць ідэй для Горак

02.06.2018 – 14:00 | 646 | 1

Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц, фотавыстава пра цікавых людзей і мясцовыя праблемы, майстар-класы па hand made, дапамога аддзяленню кругласутачнага знаходжання, сэнсарная пляцоўка і адраджэнне народных абрадаў. Такія свае ідэі прэзентавалі мясцовыя актыўныя жыхары на "Кірмашы праектаў" у Горках. Ён адбыўся 31 мая ў канферэнц-залі амфітэатра.

kirmas_1.jpg

На імпрэзу прыйшло некалькі дзясяткаў слухачоў, а таксама прыехалі эксперты з Цэнтру гарадскіх ініцыятыў (Магілёў) і кампаніі "Будзьма беларусамі!" Сустрэчу мадэраваў Аляксандр Агееў, прафесар кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова. 

kirmas_2.jpg

Дзве ідэі прадставілі журналісты газеты "УзГорак". Гэта "Вяртанне Горкам гістарычнага аблічча" – устаноўка побач з цяперашнімі назвамі вуліц іх ранейшых адпаведнікаў, як гэта зроблена ў многіх гарадах Беларусі. Гэта дазволіць папулярызаваць гісторыю горада і пакажа ягонае шматвяковае жыццё. Мясцовыя ўлады не супраць, але грошы трэба збіраць талакой. Таксама патрэбна дапамога краязнаўцаў і гісторыкаў, каб дакладна выбраць вуліцы і будынкі, на якіх будзе больш лагічна гэтыя шыльды павесіць. А яшчэ распрацаваць вінтажны дызайн.

kirmas_2.jpg

У залі ўзнікла пытанне: з якога гістарычнага перыяду будуць узяты назвы? Адказаць на гэта адназначна немагчыма, таму што і вуліцы ўзнікалі ў розныя часы, і няма задачы расказаць толькі пра адзін з перыядаў гісторыі нашага горада.

kirmas_3.jpg

Другая ідэя – "Фотафакты". Рэдактарка "УзГорка" Галіна Будная прапанавала стварыць выставу да 10-годдзя газеты, на якой былі б сабраныя самыя яркія фотаздымкі з матэрыялаў. На іх можна было б убачыць не толькі цікавых людзей горада, але і праблемы, некаторыя з якіх за гэты час вырашыліся.

Эксперт Юры Стукалаў прапанаваў зрабіць гэтую выставу на вуліцы, каб больш людзей убачылі гэтыя фотагісторыі.

kirmas_4.jpg

Ідэя Ірыны Каральковай пад назвай "Чары-мары" прадугледжвае стварэнне ў горадзе творчай пляцоўкі, дзе жанчыны пенсійнага і перадпенсійнага веку, а таксама рукадзельніцы сустракаліся б разам. Каб ствараць арыгінальныя і прыгожыя рэчы сваімі рукамі.

Ідэю асабліва ацаніла экспертка Таццяна Анташук. Яна адзначыла, што, сапраўды, існуе праблема сацыялізацыі людзей гэтага ўзросту.

kirmas_5.jpg

kirmas_9.jpg

Горацкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадставіў адразу тры праекты. "Наш утульны-цёплы дом" накіраваны на дапамогу Ленінскаму аддзяленню кругласутачнага знаходжання. "Тэрыторыя здароўя" – ідэя стварыць у двары цэнтра спартыўную і сэнсарную пляцоўкі для людзей з інваліднасцю і пажылых грамадзян.

kirmas_8.jpg

Ініцыятары ж праекта "Адродзім абрады Магілёўшчыны" хочуць набыць ганчарны круг для працы з глінай, а яшчэ пашыць для свайго фальклорнага калектыву "Атрада" некалькі народных касцюмаў. У межах гэтай ідэі актывісты ўжо праводзілі некалькі беларускіх святаў разам са студэнтамі БДСГА – "Жаніцьба Цярэшкі", палатнянае вяселле і гуканне вясны.

kirmas_7.jpg

Пасля прэзентацыі артысткі "Атрады" паказалі танцавальны нумар пад беларускую музыку.

kirmas_9.jpg

Эксперт Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і кампаніі "Будзьма беларусамі!" Юры Стукалаў высока ацаніў горацкія ідэі. "Самае лепшае то, што ўсе гэтыя праекты можна ажыццявіць. Дзе больш цяжка, дзе – прасцей, але выснова адна – усё рэальна!" – адзначыў суразмоўца.

dzietki_11.jpg

Дарэчы, усе прысутныя на "Кірмашы" запаўнялі анкеты, у якіх выстаўлялі адзнакі праектам і арганізатарам імпрэзы. Адзнакі будуць прааналізаваныя, а пра вынікі кірмашу паведамяць пазней.

"Кірмаш праектаў" у Горках быў праведзены пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" і Цэнтра даследавання грамадскага кіравання SYMPA.

Валерыя Прыгарын

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.
аватар карыстальніка Тутэйшы
+1
-1
-1
Тутэйшы 03.06.2018 - 10:26

Хоць бы палова ідэяў была рэалізавана, гэта б быў добры вынік!