сер, 12.12.2018
USD2.13|EUR2.42|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Інстаграме Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

Леаніла Чарняўская: “У новы век і праўда новая”

16.11.2013 – 15:42 | 682 | 1

16 лістапада 2013 спаўняецца 120 год пісьменьніцы, адной зь першых сучасных беларускіх празаіцаў, перакладніцы Леаніле Чарняўскай. Праўда, многім яна зусім невядомая, а многім вядомая толькі, як жонка мэтра беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

І ў гэтым – “жонка мэтра беларускай літаратуры” – месьціцца як велічнае шчасьце каханьня, так і пэўная прыкрасьць забыцьця, блытаніны, накладаньня, пастаяннага ценю.

Леніла Чарняўская з дзецьмі.

Імя пісьменьніцы, тым ня менш, было вядомым у 20-30-ыя гады мінулага стагодзьдзя ня толькі праз тое, што яна была жонкай Гарэцкага, імя пісьменьніцы было вядомым чытачу, як даросламу, так і дзіцячаму за ейныя цікавыя творы. Ейнае імя запісанае ў даведнікі пра беларускіх пісьменьнікаў.

Маладая дзіцячая літаратура Беларусі першай паловы 20-га стагодзьдзя шмат у чым абавязаная якраз пісьменьніцкаму і перакладніцкаму таленту аўтаркі незабыўнай чытанкі “Родны край”.

Пра новую беларуску

На жаль, сяньня проза Л.Чарняўскай малавядомая, а яшчэ і маладаступная чытачу. Ейныя творы для дзяцей не перавыдаюцца, ейныя журботныя, але і рэвалюцыйныя творы для дарослых губляюцца на тле, у ценю раманаў і апавяданьняў слыннага мужа. Часта забываюць, што яна яшчэ й пісала, бо яна ж жонка Максіма Гарэцкага, а таму адразу з пэўным замілаваньнем, але і шкадаваньнем успрымаецца ўся ейная істота.

У той невялічкай дарослай празаічнай спадчыне, што засталася нам ад пісьменьніцы, тым ня менш, хаваецца надзвычай цікавы і рэвалюцыйны патэнцыял, непаўторнае і эмансыпацыйнае пасланьне. У сваіх эстэтычных, але яшчэ і сэнсоўных, зьмястоўных і сьмелых апавяданьнях (“Бязьдзетуха”, “Веснавыя хмаркі”, “Папова батрачка”, “Падарожніца”, “Валуй”) Л.Чарняўская паўстае да ўсяго, як абаронца новага ладу жыцьця, як абаронца прыгнечаных беларусаў, кабетаў, як прынцыповая змагарка зь цемрашальствам, як антыклерыкальная крытыца.

І тут, дадушы, ейны ўнёсак у літаратуру адрозьніваецца ад мужавай спадчыны: як кабета, яна цудоўна падае ў творах ня толькі змаргіналізаванасьць і зацюканасьць беларусаў наагул, а беларускіх кабетаў у прыватнасьці. Тое, што часам заставалася па-за разуменьнем і ўвагай мужа, натуральна трапіла пад пільнае й крытычнае вока пісьменьніцы.

У нечым тут Л.Чарняўская працягвае лінію Цёткі, якая спалучала ў творчасьці і ў змаганьні агульнанацыянальнае і фэмінісцкае.

Усе ейныя жаночыя пратаганісткі – людзі з пацярушанымі, перакручанымі жыцьцямі, кабеты, пабітыя жыцьцём, якім, тым ня менш, удаецца наладзіцца, здабыць новае шчасьце, перад якімі паўсталі, дзякуючы новаму камунісцкаму ладу жыцьця, новыя магчымасьці й пэрспэктывы. І, канечне, трэба ўспрымаць ейныя творы ў кантэксьце часу й праблемаў сваёй эпохі: у параўнаньні з папярэднімі ўмовамі існаваньня беларусаў наагул ды кабетаў, у прыватнасьці, новы лад радыкальна й станоўча зьмяніў мільёны жыцьцяў. Новая беларуска нарадзілася, паўстала ў пакутах, але і ў змаганьні за новае жыцьцё.

Л.Чарняўская, як ніводная іншая пісьменьніца ці пісьменьнік, выразна і так паказальна ахапіла гісторыю нараджэньня новай беларускі. Калі ейны муж цудоўна маляваў эвалюцыю беларуса наагул, яна зь веданьнем і ўменьнем паказала (р)эвалюцыю новай кабеты, новай беларускі. Калі ў апавяданьнях з упадніцкімі ноткамі “Бязьдзетуха”, “Веснавыя хмаркі” ці “Папова батрачка” беларуска толькі пачынае разумець і змагацца за лепшую долю, толькі паўстае ейны выклік несправядлівасьці, вызначанасьці, то ў чароўным і такім лірычным апавяданьні “Падарожніца” у апошніх радках сходзіць, нават саскоквае ўжо новая беларуска, сьмелая, вандроўная, крытычная і адкрытая сьвету дзяўчына.

Адмаўлялася ад старой маралі

Акрамя гэтага пісьменьніца пісала для дзяцей, пісала па-новаму і пра новае ў спадзёве, што новыя пакаленьні стануць менш прымхлівымі і зацюканымі. Пісьменьніца разумела, што пераўтварэньні варта пачынаць зь дзяцей, новы лад жыцьця, новая мараль стануць, дадушы, моцнымі і эфэктыўнымі, калі іх перадаваць зь дзяцінства, а не выключна прапагандаваць у дарослым узросьце. Празаіца прынцыпова адмаўлялася ад старой маралі, крытыкава сьляпую веру, забабонікі, сьмела ставіла пад сумнеў увесь інстытут Царквы. Нездарма адзін ейны герой, які крытыкуе жонку за тое, што яна паксьціла дзіцёнка, кажа: “У новы век і праўда новая”.

Пасланьні пісьменьніцы сяньня зноў набываюць вагу і актуальнасьць, калі ў грамадзтве пасьпяваюць канфлікты паміж старым і новым, рэакцыйным і прагрэсысцкім, ужо вядомым, зьведаным раней і ідэальным.

Смачнымі й натуральнымі словамі

Акрамя таго, што пісьменьніца ўдала і без хістаньняў перадала свой час, праблемы і турботы эпохі, якая да сяньня выклікае неадназначныя эмоцыі і дэбаты, празаіца прадэманстравала ў дадатак непаўторнае моўнае майстэрства. Мова пісьменьніцы заслугоўвае асобнай тэмы і ўхвалы: размова тут ня толькі пра прыгажосьць, натуральнасьць і дарэчнасьць мовы аўтаркі, але перадусім пра ейную адметнасьць.

Проста, але так прынцыпова адрозьніваецца ейная мова ад таго, што зьведала яна пазьней у тым жа 20-ым стагодзьдзі: у назвах зборнікаў, асобных апавяданьняў чытаецца гісторыя культуры мовы і сьлед русіфікацыі (дзяціныя гульні, (а не дзіцячыя), кухенныя, (а не кухонныя) фіранкі). Такімі смачнымі і натуральнымі бачацца многія словы і словазлучэньні: выгаладніцца, узглабацца на калёсы, гусятніца, сьвінятніца і г.д.

Ахвяра свайго часу

Зрэшты, пішучы пра новае жыцьцё, яна стане ахвярай новага ладу, гэтага самага новага жыцьця, якое запатрабавала ў СССР процьмы жывых ахвяраў. Праўда, яна не загіне, як ейны муж, ёй удасца выжыць, пазьбегнуць гулагу, і зьведаць пакуты жонкі палітвязьня, “ворага народу”, пакуты жыцьця далёка ад радзімы, пакуты ўдавы і маці, якая згубіць на вайне сына. Вельмі хворая і прыкутая ў Ленінградзе, Л.Чарняўская да сьмерці будзе рупіцца пра мужавы архіў. І хто ведае чым яшчэ ахвяравала мужная кабета, новая і зграбная беларуска а сінія-сінія вочы, якая марыла пра падарожжы, пра вызваленьне народу, эмансыпацыю кабетаў.

Няма сумневу, што да ўсяго Леаніла Чарняўская, ці Лёля, як называлі яе родныя, ахвяравала ўласнай пісьменьніцкай кар’ерай.

Побытавыя клопаты, дзеці, сям’я, вечныя пярэбары, чужыня займалі шмат часу. Пісьменьніцтва станавілася тады на другі плян. І нават не зважаючы на гэта, у ценю мужа, яна сядала й пісала, перакладала з францускай, польскай, расейскай, дапамагала мужу складаць “Гісторыю беларускай літаратуры”.

Сормана, але сяньня жадная вуліца ці пляц у Беларусі – у Менску, у Горках ці Докшыцах – ня носіць імя ці ня першай беларускай празаіцы. Як многія расьцярушаныя па сьвеце з нашай інтэлігенцыі, яна памёрла ў 1976 годзе не на радзіме, а ў Ленінградзе, дзе пахаваная на Паўднёвых могілках. Могілках, якія мусяць стаць яшчэ адным беларускім кутком Пецярбургу.

Уладзіслаў Гарбацкі

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.
аватар карыстальніка Illa Zaranok
+1
+4
-1
Illa Zaranok 23.02.2014 - 11:46

Паболей бы нам такіх тэкстаў, дзе паказваюцца нашы літаратары не як нейкія каменныя статуі, а як жывыя людзі. Вельмі спадзяюся на працяг.