пят, 24.05.2019
USD2.08|EUR2.32|RUB3.22
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Новую кнігу пра Максіма Гарэцкага выдаў горацкі краязнаўца Уладзімір Ліўшыц

18.02.2018 – 20:51 | 438 | 2

 

Уладзімір Ліўшыц выдаў новую кнігу "Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця". Яна прысвечана 125-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. З гэтай нагоды краязнаўца адказаў на некалькі нашых пытанняў

Не распавядалі нават на гістфаку

– Калі вы ўпершыню пачулі пра Максіма Гарэцкага?

– На жаль, я нi ў школе, нi на гістарычным факультэце Магілёўскага педагагічнага інстытута не вывучаў творчасць Максiма Гарэцкага. Упершыню пачуў гэта iмя вясной 1972 года, калi працаваў iнспектарам Гoрацкага аддзела народнай адукацыi.

Якраз у гэты час у Горкi прыехаў Юльян Пшыркоў, беларускi лiтаратуразнаўца, крытык, пiсьменнiк, доктар фiлалагiчных навук, заслужаны дзеяч навукi БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii БССР. Ён прачытаў некалькi лекцый для вучняў Горацкага раёна. У час адной з сустрэч апавядаў, што рыхтаваў да выхаду i напiсаў прадмову да твора Максiма Гарэцкага "Віленскія камунары. Раман-хроніка" (Мінск, 1965).

Ведаючы, што я займаюся краязнаўствам і літаратуразнаўствам, Юльян Пшыркоў спытаўся, цi ведаю я, што Гарэцкi вучыўся ў Горацкiм каморнiцка-агранамiчным вучылiшчы, а ў 1926-1928 гадах працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii дацэнтам i загадчыкам кафедры. Гэта мне было невядома.

– Як узнікла ідэя напісаць кнігу пра гэтую постаць?

– Пасля 45 гадоў пошукаў і збірання матэрыялаў пра пісьменніка.

Вядома, увесь гэты час я таксама займаўся і вывучаў гісторыю акадэміі і Горак, пісаў навуковую працу, але пасля той памятнай сустрэчы ніколі не забываўся на Максіма Гарэцкага. Пошукi матэрыялаў пра гэтую выбітную асобу, вывучэнне жыцця, творчасцi працягваю i цяпер, калі кніга ўжо напісана.

harecki_4.jpg

– Якія захаваліся матэрыялы ў архівах пра яго?

– У Дзяржаўным гiстарычным архiве Беларусi ў фондзе Горацкiх сельскагаcпадaрчых устаноў знойдзена асабiстая справа Максiма Гарэцкага – выхаванца Горацкага каморнiцка-земляробчага вучылiшча. У Дзяржаўным архiве Магiлёўскай вобласцi – асабiстая справа выкладчыка Беларускай акадэмii сельскай i лясной гаспадаркi.

Захавалася і асабiстая справа роднага брата Максiма Гарэцкага – Гаўрылы, акадэміка АН Беларусі, доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР i БССР. Калі я скапіяваў тую справу і прывёз яму ў Мінск, Гаўрыла Іванавіч вельмі здзівіўся, што яна збераглася.

Пазнаёміўся я і з асабовай справай №13036. Яе ў свой час з Калужскага архіву Федэральнай службы бяспекі Расіі пераслалі на некаторы час у Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

Залікоўка з адзнакай ад Гарэцкага

– З кім вы сустракаліся і размаўлялі пры падрыхтоўцы кнігі?

– Пашанцавала мець вельмі кароткае ліставанне з жонкай Максіма Гарэцкага Леанiлай Чарняўскай праз дачку пiсьменнiка Галiну. Неаднаразова ў Мінску, Горках і Малой Багацькаўцы Мсціслаўскага раёна сустракаўся з Галінай. Яна шмат гадоў збірала і зберагала спадчыну бацькi. З вялікай удзячнасцю захоўваю кнігу ўспамін пра Гарэцкага з яе дароўным надпісам.

Неаднаразова сустракаўся з родным братам пісьменніка Гаўрылам Гарэцкім. З яго сынам Радзiмам, доктарам геолага-мінералагічных навук, прафесарам, акадэмiкам НАН Беларусi, замежным членам Расiйскай АН, заслужаным дзеячам навукi Беларусi, лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР i БССР. З пляменніцай творца Лiдзiяй Шнарскай, дачкой брата Івана, якая жыла ў Малой Багацькаўцы.

harecki_3.jpg

– Ці памятаў хто-небудзь са студэнтаў ды выкладчыкаў нашай акадэміі Гарэцкага?

– Успамiнамi пра Гарэцкага падзялiўся Iзраiль Гарфiнкель, доктар сельскагаспадарчых навук, былы прафесaр БДСГА, заслужаны работнік вышэйшай адукацыі БССР. Ён захаваў сваю залiковую кніжку з адзнакай, пастаўленай рукой Максіма Гарэцкага.

Алесь Вечар, доктар біялагічных навук, прафесар, акадэмік АН БССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, сябра Саюза пісьменнікаў БССР. Дзям’ян Новікаў, дырэктар акадэмiчнай бiблiятэкi, заслужаны дзеяч культуры БССР.

Пашанцавала таксама пагутарыць наконт сумеснай працы і сустрэч з Гарэцкім з Юркам Гаўруком, беларускім перакладчыкам, крытыкам, паэтам і рэжысёрам, членам СП БССР. Паўлінай Мядзёлкай, беларускай акторкай, педагогам, мемуарысткай, заслужанай дзяячкай культуры Беларусі. Як вядома, яна працавала разам з Гарэцкім у акадэміі на кафедры беларусазнаўства. Гэтак у той час называлася кафедра беларускай мовы і літаратуры.

Першы помнік – у Вязьме

– У вашай кнізе змешчаны ўспаміны былых вучаніц Гарэцкага – Раісы Гарбаценка і Ганны Міхалёвай. Пісьменнік выкладаў у іх у Кіраўскай сярэдняй школе ў 1935-1937 гады ссылкі. Як вы знайшлі гэтых сведак?

– Калі ў 1992 годзе стала вядома, што Гарэцкі быў расстраляны ў Вязьме, я напісаў у газету "Вяземский вестник" невялікі допіс "Погиб на Вяземской земле". На публікацыю адгукнуўся мясцовы краязнаўца. Ён напісаў мне, што расстраляных у тыя часы хавалі на старых могілках, а таксама ў кар’еры, дзе здабывалі пясок.

Праз некалькі дзён я паехаў у Вязьму. Там сустрэўся са старшынёй гарвыканкама Валерыем Рудніцкім, маці якога была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Старшыня быў вельмі здзіўлены, што ні ён, ні маці нават не чулі пра Гарэцкага. Але дзякуючы намаганням Рудніцкага на месцы пахавання паўстаў мемарыяльны знак. Дарэчы, першы помнік Максіму Гарэцкаму.

У час адкрыцця гэтага знаку ў Вязьму прыехала цэлая дэлегацыя з Беларусі, куды быў запрошаны і я. Там выступалі гэтыя былыя вучаніцы. Я пазнаёміўся з імі. Па маёй прапанове яны напісалі кароткія ўспаміны.

harecki_3.jpg

– Пра Максіма Гарэцкага напісана шмат дысертацый і кніг, не кажучы пра артыкулы. Чым ваша праца адрозніваецца ад ужо апублікаваных?

– Працуючы над кнігай, я не ставіў мэту зрабіць літаратуразнаўчы аналіз твораў Максім Гарэцкага. Гэта ўжо вельмі добра зрабілі славутыя пісьменнікі і навукоўцы А.Адамовіч, Д.Бугаёў, М.Мушынскі, Р.Гарэцкі, Т.Дасаева, Т.Голуб, А.Марціновіч, І.Чыгрын і іншымі.

Але ў некаторых выпадках давялося коратка аналізаваць творы пісьменніка, якія характарызуюць яго погляды на тыя ці іншыя падзеі і дазваляюць лепш разумець яго жыццёвы і творчы шлях.

Галоўная мэта – прайсціся па сцежках жыцця Максіма Гарэцкага. Распавесці пра тыя мясціны, дзе ён жыў і працаваў. Пра тых, з кім сустракаўся і сябраваў. Пра яго сям’ю і ўмовы творчай працы.

Лічу, што знаёмства з біяграфіяй пісьменніка прыцягне ўвагу новых чытачоў да яго творчасці і будзе спрыяць выхаванню сапраўдных патрыётаў Радзімы – Рэспублікі Беларусь.

"Дом Гарэцкага ў Горках яшчэ адродзяць і зробяць там музей"

– У кнізе часта цытуюцца матэрыялы Гарэцкіх чытанняў. Як у вас узнікла ідэя іх правядзення?

– Прыйшлося аднойчы, калі працаваў дырэктарам Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, удзельнічаць у навуковых чытаннях, прысвечаных вывучэнню жыцця і творчасці Якуба Коласа. Вось тады і падумалася: а чаму б не пачаць праводзіць такія імпрэзы, прысвечаныя Гарэцкаму.

У 1992 годзе я параіўся з гэтай нагоды з некалькімі людзьмі. Гэта першы прарэктар акадэміі Мікалай Дабралюбаў. Загадчыца кафедры рускай і беларускай моў Вольга Зяньковіч. Дырэктар дырэкцыі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Леанід Хадкевіч. З шэрагам супрацоўнікаў Інстытута беларускай мовы і літаратуры Акадэміі навук Беларусі: Міхасём Мушынскім, Таццянай Дасаевай, Тэрэзай Голуб, якія грунтоўна займаліся і зараз займаюцца даследаваннем творчай спадчыны нашага земляка. Гэтыя навукоўцы падтрымалі ідэю і першыя Гарэцкія чытанні адбыліся ў 1992 годзе, у 99-ю гадавіну з дня нараджэння пісьменніка.

Зараз чытанні сталі штогадовымі і сабралі больш за 200 навукоўцаў, якія вывучаюць жыццё і творчасць Максіма Гарэцкага і яго брата Гаўрылы. У час чытанняў, у якіх я удзельнічаў да 2006 года, пашчасціла пазнаёміцца з Васілём Быкавым – народным пісьменнікам Беларусі. Менавіта ён, на Гарэцкіх чытаннях сказаў: "Максiм Гарэцкi – адзiн з самых слынных светачаў нацыянальнай культуры".

Прыйшлося пачуць пра ролю і значэнне Гарэцкага ў развіцці беларускай літаратуры і ад Янкі Брыля, Ніла Гілевіча ды іншых.

У час Гарэцкіх чытанняў пасябраваў з вядомым беларускім паэтам, лаўрэатам літаратурнай прэміі імя А.Куляшова і лаўрэатам прэміі "Залаты апостраф" Алесем Пісьмянковым. Вось што ён пісаў пра Гарэцкага: 

Спеліў шчымлівае слова,

Каб праўдаю высветліць сказ,

Каб слова дыхнула жытнёва

І нам растлумачыла нас.

Сапраўды, усё сваё жыццё наш зямляк праз свае творы і працу растлумачваў беларускаму народу яго сутнасць і ролю сярод народаў свету.

harecki_5.jpg

– У свой час вы ставілі пытанне аб стварэнні ў Горках музея Максіма Гарэцкага. Чаму гэта пакуль не атрымалася зрабіць?

– У 1992 годзе, будучы дэпутатам Горацкага гарадскога Савета, на сесіях і пасяджэннях некалькі разоў ставіў пытанне пра ўвекавечванне Гарэцкага ў Горках. Старшыня гарвыканкама В.Я.Рэндаў падтрымліваў гэту ідэю. Але ў той час не ўдалося вызваліць кватэру, дзе ў 1926-1928 гадах жыла сям’я Гарэцкіх, і зрабіць там музей. На жаль, у 2012 годзе дом, дзе была тая кватэра, быў знесены. Упэўнены, пройдзе час, і на тым месцы адродзяць будынак, а ў ім зробяць музей.

Але да 100-годдзя пісьменніка Саветы горада Горак і Горацкага раёна прынялі рашэнне аб перайменаванні вуліцы 50 год Кастрычніка ў вуліцу Максіма Гарэцкага. І раённай бібліятэцы прысвоілі яго імя.

Рэктарат акадэміі надаў адной з вучэбных аўдыторый імя Гарэцкага і прыняў рашэнне стварыць музей-кабінет выкладчыка і пісьменнікаў у вучэбным корпусе №4. Гэта было зроблена ў 1994 годзе. На вучэбным корпусе ўсталявана мемарыяльная дошка.

vokladka_harecki.jpg

– Ваша кніга напісана на беларускай мове. Але вы ўжо больш за дзесяць гадоў жыхар Святой зямлі, Ізраіля. Ці не цяжка было пісаць па-беларуску?

– Вядома цяжкасці былі. Але мову я не забываю. Чытаю ў інтэрнэце газеты і часопісы на беларускай мове.

За дапамогу ў выданні кнігі шчыра дзякую дацэнтам Вользе Зяньковіч, Таццяне Скiкевiч, Ганне Малько, старшаму выкладчыку БДСГА Святлане Скаромнай, супрацоўнікам Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Таксама вельмі ўдзячны рэктарату БДСГА за рашэнне выдаць маю кнігу ў акадэміі. Спадзяюся на заўвагі і парады. Яны будуць улічаны пры далейшым перавыданні.

Гутарыў У.Л.

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.
Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook