чцв, 23.11.2017
USD2.00|EUR2.35|RUB3.37
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Інстаграме Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

10 затрыманых, 5 падазраваных. Што адбылося за месяц пасьля гібелі Аляксандра Коржыча

05.11.2017 – 11:17 | 1263

Цела вайскоўца знайшлі ў Печах на пачатку кастрычніка. Дакладная дата ягонай сьмерці застаецца невядомай.

Заведзеныя крымінальныя справы

Празь месяц пасьля трагічнай сьмерці Аляксандра Коржыча вядома пра завядзеньне 13 крымінальных спраў, зьвязаных з гэтым трагічным выпадкам. 10 вайскоўцам прад’яўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: за махлярства, злоўжываньне ўладай і нестатутныя адносіны. Яшчэ 5 вайскоўцаў па стане на пачатак лістапада маюць статус падазраваных. Сьледчы камітэт не выключае, што колькасьць як абвінавачаных, так і падазраваных можа зьмяніцца.

Крымінальныя справы па артыкулах за забойства альбо давядзеньне да самагубства ў дачыненьні да затрыманых вайскоўцаў пакуль не заведзеныя.

Разглядаюцца тры вэрсіі сьмерці

Першапачаткова і Сьледчы камітэт, і Мінабароны называлі прычынай сьмерці Аляксандра Коржыча самагубства. 13 кастрычніка афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч выступіў з заявай, у якой раскрыў некаторыя падрабязнасьці гібелі вайскоўца. Ён паведаміў, што Коржыча знайшлі павешаным зь перавязанымі матузком ад абутку нагамі і нацягнутай на галаву майкай. Афіцыйна на дадзены момант Сьледчы камітэт разглядае тры вэрсіі сьмерці Аляксандра Коржыча: забойства, давядзеньне да самагубства і самагубства.

25 кастрычніка СК выступіў з паведамленьнем, што інфармацыя пра наяўнасьць на целе загінулага сьлядоў барацьбы не адпавядае рэчаіснасьці. «На целе загінулага Аляксандра Коржыча няма ніводнага цялеснага пашкоджаньня, за выключэньнем баразны ад пятлі. Сьляды на целе, якія сваякі і сябры прынялі за сьляды зьбіцьця, аказаліся так званымі трупнымі плямамі», — сказаў старшыня СК Іван Наскевіч. Справа на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра тое, што справа аб сьмерці Аляксандра Коржыча знаходзіцца на асабістым кантролі ў кіраўніка краіны, стала вядома 13 кастрычніка. «Адказным асобам даручана разабрацца ў сытуацыі самым дбайным чынам, вывучыць яе да дробязяў і прадставіць аб’ектыўны вынік. Аляксандру Лукашэнку літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца пра ход апэратыўных мерапрыемстваў. Паверце, пазыцыя прэзыдэнта ў гэтым пытаньні настолькі жорсткая, што ніхто зь вінаватых ад адказнасьці ня сыдзе», — казала журналістам прэс-сакратар кіраўніка краіны Натальля Эйсмант. Пазьней стала вядома, што яна тэлефанавала маці Аляксандра Коржыча і выказвала спачуваньні ад імя Лукашэнкі.

Патрабавалі адстаўкі міністра абароны, вайскоўцы звольненыя і адхіленыя ад працы

Подпісы за адстаўку міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова пачалі зьбіраць неўзабаве пасьля першых паведамленьняў пра гібель Коржыча. Асноўнай пляцоўкай збору стаў сайт zvarot. by, які аўтаматычна перанакіроўваў усе заявы на адрас электроннай пошты Мінабароны. Празь нейкі час сайт быў заблякаваны, яго западозрылі ў рассыланьні спаму. Аднак ён хутка аднавіў працу. На дадзены момант за адстаўку Раўкова там падпісаліся больш за 11600 чалавек.

Пра магчымасьць адстаўкі Раўкова афіцыйна паведамленьняў няма. Затое ёсьць пра адстаўку камандзіра часткі, дзе служыў Коржыч. «За непрыняцьце вычарпальных мер па падтрыманьні строгага статутнага парадку», — тлумачыць сайт Мінабароны.

Акрамя камандзіра часткі, сваіх пасадаў пазбавіліся яшчэ чатыры чалавекі. На дадатак да гэтых пяці, чатырох вайскоўцаў зь Печаў увогуле звольнілі з арміі.

Расьсьледуюцца іншыя выпадкі сьмерцяў салдат у Барысаве

Празь некалькі дзён пасьля зьяўленьня інфармацыі пра сьмерць Аляксандра Коржыча стала вядома пра закрыцьцё справы Арцёма Басьцюка. Ён загінуў у іншай барысаўскай частцы за 6 месяцаў да Коржыча. Бацькі Басьцюка настойвалі на гвалтоўным характары сьмерці сына, былі на прыёме ў Мінабароны. Аднак СК у выніку справу закрыў, прызнаўшы адзінай вэрсіяй сьмерці вайскоўца «самагубства».

Зьмянілася сытуацыя раптоўна. Літаральна праз два дні пасьля закрыцьця справы бацькам Басьцюка патэлефанаваў адвакат і паведаміў, што справа адноўленая. Прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч патлумачыў такі паварот тым, што матэрыялы па справе Басьцюка былі вывучаныя ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту, які прыняў рашэньне аднавіць расьсьледаваньне, а справу перадаць іншаму сьледчаму. Бацькі Басьцюка зьвязваюць аднаўленьне расьсьледаваньня з разборам па справе Коржыча.

Што застаецца невядомым?

Найперш дзень сьмерці Аляксандра Коржыча. Паводле афіцыйна апублікаванай інфармацыі, з мэдычнай часткі Коржыча выпісалі раніцай 26 верасьня і перавялі ў мэдпункт ягонай часткі. Менавіта ў падвале мэдпункту і знайшлі цела вайскоўца. Гэта адбылося 3 кастрычніка прыкладна а 17 гадзіне. У міліцыю інфармацыя пра выяўленьне цела Коржыча паступіла ў 17.47. Застаецца незразумелым, што адбывалася з Аляксандрам Коржычам на працягу амаль васьмі дзён і чаму ў частцы ня ведалі пра яго зьнікненьне. Таварышы Коржыча па службе расказалі журналістам, што ўсе перамяшчэньні вайскоўцаў тэрміновай службы паміж часткамі павінны адбывацца ў суправаджэньні сяржантаў. Сяржанты павінны сачыць і за тым, дзе ў кожны момант знаходзяцца падпарадкаваныя ім салдаты і чым яны займаюцца.

Таксама незразумела, хто і як знайшоў цела Коржыча. А таксама — дзе цяпер гэты чалавек. Па інфармацыі родных Аляксандра Коржыча, той чалавек праходзіць курс псыхалягічнай дапамогі ў «Навінках». Таварышы Коржыча па службе кажуць, што туды ж празь некалькі дзён пасьля сьмерці вайскоўца накіравалі аднаго зь ягоных сяброў.

svaboda.org

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба увайсці або зарэгістравацца.