нядз, 15.09.2019
USD2.05|EUR2.28|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Горацкія каталікі дабудоўваюць капліцу і просяць дапамогі

30.08.2017 – 13:10 | 752

Парафія Маці Божай Бялыніцкай у Горках у хуткім часе займее сваё асобнае памяшканне. Капліца ўжо пабудаваная і надыйшоў час на фасадныя працы. Але для некаторых элементаў фасаду не хапае грошай.

Горкі займелі яшчэ адну архітэктурную адметнасць. Амаль на фінішную прамую выйшлі працы па добраўпарадкаванні вонкагава выгляду новай каталіцкай капліцы па вуліцы Валадарскага. Аднаўляць парафію ў Горках пачалі яшчэ напрыканцы 90-х. Тады маладога ксяндза выправілі ў гэты скрайні рэгіён усходу Беларусі, набыўшы яму проста квіток на аўтобус. Ён мусіў усё пачынаць з нуля. Цяпер у невялічкай каталіцкай грамады ёсць свой парафіяльны дом, а чатыры гады таму пачалося будаўніцтва новай капліцы, што нагадвае невялічкі касцёльчык.

Месяц таму на даху новага будынку быў ужо ўсталяваны крыж. А на франтоне па задуме мусіць быць размешчаная невялічкая (вышынёй 123 см.) скульптурная выява Езуса Хрыста. Парафія невялікая, заробкі ў горадзе зусім маленькія, таму ўласнымі сіламі грошы наўрад ці збяруцца. Таму парафія просіць дапамагчы. На скульптуру не хапае каля 500 беларускіх рублёў. Рэквізіты пададзены напрыканцы артыкула.

Калі ў Горках была заснаваная каталіцкая парафія – не ведае ніхто. Але вядома, што ў 1697 годзе яна ўжо была, бо ў сакавіку таго года на шляху ў Італію тут прыпыняўся на начлег стольнік Пятра І, які ў сваім падарожным дзённіку зрабіў запіс аб тым, што ў горадзе пабудаваныя адна праваслаўная царква, дзве ўніяцкія, касцёл і яўрэйскі малітоўны дом. У 1709 годзе ўладальнікамі Горацкага маёнтка Сапегамі тут быў заснаваны рымска-каталіцкі касцёл Небаўзяцця Божай Маці. Касцёл быў драўляны, парафіян у ім лічылася 613 асоб. Месціўся ён на тэрыторыі цяперашняга парка па вуліцы Савецкай, які зараз называюць паркам Кідалінскага, або паркам харчатрадаўцаў: тут знаходзяцца іх брацкія могілкі.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год), усходняя частка Беларусі была далучана да Расіі, і на гэтай тэрыторыі прыярытэтнае развіццё атрымала праваслаўе. Колькасць прыхажан стала змяншацца, сродкаў на развіццё прыхода неставала, а драўляны будынак касцёла прыходзіў у заняпад. Згодна ведамасцям рымска-каталіцкіх прыходаў за сакавік 1840 года, прыхажан у касцёле было ўсяго толькі 24. Але сітуацыя стала мяняцца пасля адкрыцця ў Горках земляробчай школы, калі сюды пачалі прыязджаць вучыцца студэнты-палякі. Ужо ў 1839 годзе быў адрамантаваны і адноўлены касцёл, бо мелася на ўвазе, што ён будзе абслугоўваць каталікоў з ліку навучэнцаў.

У 1863 годзе касцёл стаў адным з цэнтраў збору паўстанцаў, і як паказвалі потым сведкі, інстытуцкі ксёндз Манюшка спяваў разам з паўстанцамі палітычны гімн. Пасля паражэння паўстання ён быў арыштаваны і высланы спачатку ў Пермскую губерню, а затым, пасля пазбаўлення усіх правоў і маёмасці, асуджаны да высылкі ў Томск. У ліпені 1865 года магілёўскі губернатар Беклямішаў інфармаваў Віленскага генерал-губернатара аб неабходнасці скасавання Горацкага касцёла. 15 лістапада 1865 года выйшла прадпісанне аб закрыцці ў Магілёўскай губерні 19 касцёлаў, у тым ліку і Горацкага. Касцёл быў зачынены, на гэтым месцы быў пастаўлены драўляны крыж, які прастаяў да пачатку дваццатага стагоддзя. Затым тут пабудавалі кінатэатр, а побач – каменную турму. У 1925 годзе двухпавярховы будынак турмы перарабілі пад гарадскую бальніцу. Зараз тут месціцца раённы цэнтр гегіены і эпідэміялогіі. Пасля знішчэння касцёла змяніла назву і вуліца Ксяндзоўская на Дваранскую.

Ад 27 верасня 2013 года адміністратарам Горацкай парафіі з правамі пробашча прызначаны ксёндз Андрэй Кеўліч. Для ахвочых дапамагчы парафіі:

– парафіяльны банкаўскі рахунак:

Религиозная община “Римско-католический приход Матери Божьей Белыничской г. Горки”
пер. Володарского 10, г.Горки, 213410 Могилевская обл .
р/с BY79AKBB30150310135667300000 в ЦБУ № 708 г.Горки ф-ла № 714 АСБ
«Беларусбанк» г.Кричев код АКВВY21714
УНП 700843630 ОКПО

Аляксандр Уселюбскі, 6tv.by

Падзяліцца