суб, 20.07.2019
USD2.03|EUR2.28|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як разабрацца ў незалежнасцях, або што і калі мы святкуем – піша Аляксандр Каданчык

28.07.2017 – 12:18 | 510 | 3

Горкі – горад невялікі, знаёмых – шмат і таму пры сустрэчах напярэдадні і непасрэдна 3 ліпеня аўтар гэтых радкоў віншаваў суразмоўцаў са святам і між іншым праводзіў своеасаблівае даследаванне: пытаў, а што мы будзем святкаваць? Як ні дзіўна, многія не здолелі адказаць на гэтае пытанне дакладна. Адны нагадвалі аб вызваленні Мінска ад акупантаў у мінулай вайне, іншыя – вялі гаворку аб вызваленні ўсёй Беларусі, некаторыя ўспаміналі нават пра нейкі рэферэндум. Падобныя разыходжанні былі і ў назве свята.

Што дакладна адбылося ў 1944?

Ды што казаць пра выпадковых суразмоўцаў, калі нават у дзяржаўных СМІ ў выступленнях асобаў часам гучала блытаніна ў назве свята, якое адзначалася 3 ліпеня: ці то Дзень Рэспублікі, ці Дзень незалежнасці, ці Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Давайце адновім храналогію падзей і паспрабуем разабрацца калі, што і чаму мы святкуем.

Адзначым адразу, большасць справядліва звязвае дзень 3 ліпеня з Другой сусветнай вайной, у якую беларусы былі ўцягнуты літаральна з першых дзён верасня 1939 года. Яшчэ больш дакладна – з перыядам акупацыі Беларусі нацысцкімі захопнікамі 1941–1944 гг. у ходзе Вялікай Айчыннай вайны.

Вядома, што напад германскіх войскаў на СССР пачаўся 22 чэрвеня 1941 года. За тыдзень яны прасунуліся на ўсход на 400 км і 28 чэрвеня занялі Мінск. На захад ад сталіцы ў гіганцкім "мяху" апынуліся асноўныя сілы Беларускай ваеннай акругі. Звыш 300 тысяч вайскоўцаў трапіла ў палон, каля 400 тысяч загінула. Немцы захапілі больш за 60 велізарных вайсковых складоў і да канца жніўня акупавалі ўсю Беларусь.

Пакінем у баку пытанне аб тым, чаму Чырвоная Армія, нягледзячы на велізарную падрыхтоўку Савецкага Саюза да вайны, у першыя дні пацярпела катастрофу. Факт, што Беларусь надоўга апынулася пад нацысцкай акупацыяй. Толькі праз тры гады ў ходзе ажыццяўлення вайсковай аперацыі "Баграціён" 3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Мінск, 28 ліпеня – Брэст. Нацысцкая акупацыя Беларусі скончылася.
Такім чынам, дата 3 ліпеня 1944 г. увайшла ў гісторыю як дзень вызвалення сталіцы БССР і ўспрымалася як дзень вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў.

Аднак ці стала Беларусь незалежнай у 1944 годзе? Адказ ляжыць на паверхні. Каб ён стаў больш відавочны, зноў звернемся да мінулага.

У перамогу над фашызмам Беларусь унесла не меншы ўклад, чым Францыя ці Польшча. У рэгулярнай арміі ваявала больш за мільён жыхароў рэспублікі, добра вядомы масавы партызанскі і падпольны рух на Беларусі, многія беларусы былі ўдзельнікамі Супраціўлення ў еўрапейскіх краінах. Таму невыпадкова кіраўнікі антыгітлераўскай кааліцыі надалі БССР права заснавальніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН). Тым самым быў прызнаны міжнародны аўтарытэт Беларусі.

Пад дыктоўку з цэнтру

Толькі з гэтым не лічыўся крамлёўскі дыктатар. Сталін пайшоў на саступкі польскім правячым колам і ў верасні 1944 г. было прынята рашэнне аб перадачы Польшчы 20 раёнаў беларускай тэрыторыі. Другі раз у гісторыі Расія і Польшча падзялілі беларускі народ і яго нацыянальнае багацце.

Як адзначаюць даследчыкі, "Сталін шукаў сярод палякаў верных саюзнікаў, а з беларусаў Беласточчыны на ўсякі выпадак хацеў зрабіць у Польшчы "пятую калону".

Хіба было б такое магчыма, калі б Беларусь была незалежнай?

Ды гэта ж не ўсё. У 1946–1953 гг. пад рэпрэсіі сталінскага рэжыму падпала каля 50 тыс. жыхароў Беларусі. Цэлая нацыя апынулася пад следствам сталіністаў толькі таму, што не па сваёй волі знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй.

Дададзім сюды яшчэ татальную русіфікацыю, якая паслядоўна праводзілася па ўсіх напрамках  грамадска-палітычнага і культурнага жыцця – у кадравай палітыцы, у адукацыі, навуцы, культуры.

За 1941–1946 гг. працэнт рускіх у складзе наменклатуры ЦК КПБ(б) – рэестр кіруючых работнікаў вышэйшага ўзроўню – узрос з 19,5 да 26,9. У 1951 г. з 33 чальцоў урада БССР было толькі 9 беларусаў. Кампартыю Беларусі да 1956 г. узначальвалі толькі "парашутысты", гэта значыць тыя, каго зверху спускала Масква: П.Панамарэнка, М.Гусараў, М.Патолічаў. Толькі з 1956 г. партыйнае кіраўніцтва на Беларусі Масква стала давяраць беларусам: К.Мазураў, П.Машэраў і іншыя, але і яны ніколі не былі сапраўды самастойнымі беларускімі кіраўнікамі.

У пасляваенныя гады адбывалася мэтанакіраванае вытручванне беларускасці. Яно праводзілася самымі рознымі спосабамі: грубымі рэпрэсіямі, як працяг даваенных рэпрэсіяў супраць "нацдэмаў" (нацыянальных дэмакратаў), ідэалагічнай апрацоўкай насельніцтва, насаджэннем культу асобы Сталіна і асабліва праз рускамоўную адукацыю. Змянялася савецкае кіраўніцтва, але гэты працэс не спыняўся ніколі. На пачатку 1980-х гг. у беларускіх гарадах не было ніводнай беларускай школы.

Што адбылося 27 ліпеня 1990 года?

Палітыка "Перабудовы", распачатая ў 1985 годзе, стварыла прынцыпова новую сітуацыю ў Савецкім Саюзе. Чытачы старэйшага ўзросту памятаюць, што напрыканцы 1980-х гг. у СССР справа дайшла да ўзброеных міждзяржаўных і міжэтнічных сутычак. Паміж Азербайджанам і Арменіяй яны перараслі ў буйнамаштабныя баявыя дзеянні. Тагачаснае кіраўніцтва СССР, нягледзячы на асобныя спробы выкарыстання сілавых метадаў, пайшло па цывілізаванаму прававому шляху. Былі зроблены пэўныя крокі насустрач інтарэсам саюзных рэспублік.

Паправіць становішча не ўдалося: нарастаў недавер да цэнтра і да асобных рэспублік. Асабліва адчувала гэта Расія, якую абвінавачвалі ў імперскіх імкненнях. Каб паменшыць прэтэнзіі да сябе, расійскае кіраўніцтва пайшло на неардынарны крок: 12 чэрвеня 1990 г. быў абвешчаны дзяржаўны суверэнітэт Расійскай Федэрацыі (у Расіі гэты дзень і зараз адзначаецца як агульнадзяржаўнае свята). Крыху пазней, 16 ліпеня, аб сваім суверэнітэце заявіла Украіна.

27 ліпеня 1990 г. было вырашана пытанне аб суверэнітэце Беларусі. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР урачыста прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

У Дэкларацыі абвяшчалася, што Беларусь – "суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народу ў вызначэнні свайго лёсу" (арт. 1).

Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі.

Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады  абвяшчаўся беларускі народ.

У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці гэта азначала спыненне дзейнасці на Беларусі саюзных законаў.

У Дэкларацыі заяўлялася аб забеспячэнні правоў асобы, ператварэнні тэрыторыі краіны ў без’ядзерную зону, а Беларусі – у нейтральную дзяржаву.

Дэкларацыя ўтрымлівала прававыя палажэнні па асноўных напрамках жыцця суверэннай Беларусі: уласнасці на тэрыторыю, арганізацыі сваёй фінансавай сістэмы, ваеннага будаўніцтва, юрыспрудэнцыі, адукацыі, вырашэнне пытанняў культуры і духоўнага развіцця беларускай нацыі і іншых нацыянальных супольнасцяў краіны і г.д.

Звяртаю ўвагу чытачоў, што абвяшчэнне суверэнітэту не было накіравана на разрыў шматбаковых сувязяў з іншымі рэспублікамі. Наадварот, у канцы 1990 г. і пачатку 1991 г. былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве Беларусі ў розных сферах з Расіяй, Украінай і Казахстанам.

Пра што быў апошні ўсесаюзны рэферэндум?

Перазаключэнне дагавораў паміж рэспублікамі сведчыла аб ускосным юрыдычным прызнанні ўрадамі ўжо суверэнных краін нядзейснасці саюзнага дагавора 1922 г.

Гэта разумела і саюзнае кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам М.Гарбачовым, пазіцыя якога была накіравана на захаванне цэласнасці краіны. Яна была падмацавана вынікамі рэферэндуму аб будучыні Саюза (сакавік 1991 г.). Ён прайшоў у 9 з 15 савецкіх рэспублік. Звыш 3/4, галасаваўшых выказаліся за захаванне абноўленага СССР. На Беларусі "за" прагаласавала 82,7%.

Аднак перабольшваць значэнне рэферэндуму, як гэта робяць некаторыя аўтары, нельга па наступных прычынах.

Па-першае, апытання наконт "сохранения" або "несохранения" СССР не было.

Вось тое пытанне: "Считаете ли Вы необходимым сохранение (выдзелена мною – А.К.) Союза Советских Социалнстических Республик как обновленной Федерации равноправных суверенных республик, в которой будут в полной мере гарантироваться права и свободы человека любой национальности?".

Бачыце, падобна на тое, як разумная маці пытае ў дзіцяці: якую ты будзеш есці кашу – манную ці аўсяную? Выбраць (прагаласаваць) можаш, але есці ўсё роўна прыдзецца. Так і тут, варыянтаў не было. Нягледзячы на ветлівае "считаете ли Вы", прапанавалася выбіраць паміж "лепшым" ("обновленным") і фактычна старым (а значыць горшым) варыянтамі Саюза. Хто ж з нармальных людзей будзе галасаваць за горшае? Заставалася галасаваць за "обновленный" Саюз.

Па-другое, канкрэтны змест і тэрміны мяркуемага абнаўлення заставаліся няяснымі для саміх ініцыятараў рэферэндуму. Увогуле, спалучыць захаванне Саюза і адначасова забяспечыць суверэнітэт рэспублік было наўрад ці магчыма. Як паказаў ход падзей, значная частка партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва імкнулася захаваць СССР як унітарную (з адзіным моцным кіруючым цэнтрам) дзяржаву. 18–21 жніўня 1991 г. група вышэйшых дзяржаўных дзеячаў здзейсніла ў Маскве беспаспяховую спробу дзяржаўнага перавароту (так званы "жнівеньскі путч").

Менавіта ў гэты складаны час прынятая раней Дэкларацыя стала прававой асновай для выхаду рэспублікі з надзвычайнага становішча.

25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статуса канстытуцыйнага акта. Гэта значыць, Дэкларацыя стала выконваць ролю часовай канстытуцыі Беларусі. Тым самым быў пакладзены пачатак новага перыяду найноўшай гісторыі Беларусі.

Важнасць гэтага дакумента разумела падаўляючая большасць дэпутатаў тагачаснага Вярхоўнага Савета краіны, калі ў верасні 1991 г. прыняла рашэнне аб увядзенні агульнадзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь Дня Незалежнасці 27 ліпеня.

Цікава, што спачатку былі прапанаваны дзве даты: 25 сакавіка (у гэты дзень 1918 г. была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі) і 1 студзеня (дзень абвяшчэння ў 1919 г. Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь). Гэта важныя даты на шляху аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, але тут сутыкнуліся палітычныя сімпатыі дэпутатаў.

У выніку абмеркавання дэпутаты знайшлі кампрамісны варыянт і палічылі прызнаць найбольш прымальнай для грамадства датай агульнадзяржаўнага свята Дня Незалежнасці дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР – 27 ліпеня.

За 1992-1996 гг. святкаванне 27 ліпеня Дня Незалежнасці ператваралася ва ўстойлівую традыцыю.

Як жа свята перакінулася на 3 ліпеня?

У 1996 г. прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка ініцыяваў чарговы рэферэндум для зацвярджэння новай канстытуцыі Беларусі, якая яшчэ больш узмацняла прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Рэферэндум адбыўся 24 лістапада 1996 г. На гэтым рэферэндуме была падтрымана прапанова прэзідэнта аб перанясенні Дня незалежнасці з 27 ліпеня на 3 ліпеня.

Канечне, узнікае пытанне, навошта спатрэбіўся гэты перанос і менавіта на гэтую дату?

Афіцыйнае тлумачэнне адно – 3 ліпеня 1944 г. ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была вызвалена сталіца савецкай Беларусі г. Мінск. Аднак гэтая дата, як мы ведаем, і так кожны год адзначалася як Дзень вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў і таму многія ў рэспубліцы лічылі падмену непатрэбнай і нават беспадстаўнай.

Яшчэ раз зададзім пытанне: хіба пасля 1944 г. БССР стала незалежнай? Адказ відавочны – не. З 1944 г. на працягу 47 гадоў, да снежня 1991 г.

Беларусь юрыдычна заставалася саюзнай рэспублікай. Да восені 1991 г. партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР аб незалежнасці нават не заікалася, а ў сталінскія часы, магчыма, нават і думаць баялася. Пры чым жа тут незалежнасць адносна даты 3 ліпеня?

Пытанне ёсць і адказваць трэба.

Гэты факт, як адзначаюць некаторыя даследчыкі, трэба разглядаць у сувязі з папярэднімі ініцыятывамі Прэзідэнта. У прыватнасці, аб змене дзяржаўнай сімволікі: па ініцыятыве А.Лукашэнкі ў 1995 адбылася замена гістарычнай нацыянальнай дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Вярхоўным Саветам у верасні 1991 г., на крыху падноўленую сімволіку савецкіх часоў.

Не магу ўстрымацца, каб у сувязі з гэтым не працытаваць, на мой погляд, унікальны дакумент сучаснай гісторыі. Гэта публікацыя ў газеце "Звязда" за 1995 г. пад загалоўкам "Раўненне на герб і сцяг": "Пад старшынствам народнага мастака Беларусі акадэміка М.А.Савіцкага адбылося пасяджэнне журы аб’яўленага Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь конкурсу на лепшы тлумачальны тэкст Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.<...>Вызначана, што галоўнай мэтай конкурсу з’яўляецца найбольш поўнае раскрыццё сэнсу і значэння адобраных на ўсенародным рэферэндуме 14 мая 1995 года цяперашніх сімвалаў Рэспублікі Беларусь у цэлым, а таксама асобных іх элементаў.

Тлумачальныя тэксты да Дзяржаўнага герба  Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь павінны змяшчаць падрабязнае тлумачэнне гістарычнага, культурнага і эстэтычнага сэнсу і зместу ўсіх элементаў герба і сцяга.
<...>
Для пераможцаў конкурсу ўстанаўліваюцца:
дзве першыя прэміі<...>;
дзве другія прэміі<...>.
Устанаўліваюцца таксама памятныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для заахвочвання аўтараў найбольш арыгінальных работ.
<...>
Конкурс праводзіцца з 25 снежня 1995 г. па 1 мая 1996 г.
Вынікі конкурсу падводзяцца і аб’яўляюцца да 12 мая 1996 г.

Матэрыялы на конкурс накіроўваюцца па адрасу: Рэспубліка Беларусь, 220016, г. Мінск, вул. К.Маркса, 38 з паметкай "На конкурс". БЕЛТА".

Удумайцеся ў тэкст: спачатку на рэферэндуме прымаюцца прапанаваныя Прэзідэнтам новыя-старыя герб і сцяг, а потым абяцаюцца прэміі за тое, хто найбольш арыгінальна растлумачыць, абгрунтуе тое, што нядаўна прапанавалі і што выдаецца за нацыянальную дзяржаўную беларускую сімволіку.

Я ўстрымаюся ад цытавання тых тлумачэнняў, якія мне давялося пачуць ад вельмі паважаных мною людзей...

У тым жа 1995 г. рускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай (у выніку чаго, як усім бачна, беларуская мова зноў выціскаецца з усіх сфер грамадскага жыцця).

У гэтым кантэксце перанос даты галоўнага свята краіны і спробу падмены яго назвы можна разглядаць як частку рэалізацыі ідэі палітыка-псіхалагічнай пераарыентацыі насельніцтва Беларусі на іншыя каштоўнасці.

Ёсць і яшчэ адзін аспект змены даты Дня незалежнасці. Яго няцяжка заўважыць, калі прасачыць змест выступленняў сучасных афіцыйных каментатараў, у якіх паўстаюць цені сталінскіх часоў. Вядома, што ў гады вайны беларускі рух і перамога ў вайне ўздымалі ў беларусаў пачуццё нацыянальнай годнасці і патрыятызму. Сталінскі рэжым асцерагаўся ўздыму беларускага (як і ўкраінскага нацыяналізму). Таму па загадзе з Масквы ў лютым 1945 г. ЦК Кампартыі Беларусі прыняў спецыяльную рэзалюцыю аб перавыхаванні грамадства ў духу савецкага патрыятызму і нянавісці да нямецкіх акупантаў, якіх на Беларусі ўжо не было з 1944 года. Прымаліся іншыя партыйныя рашэнні і дырэктывы, якія асуджвалі спробы беларускай інтэлігенцыі супрацьстаяць насаджэнню рускай культуры.

Узмацняючы ідэалагічны тэрор і барацьбу з беларускім нацыяналізмам, бальшавікі ўмела скарысталі факт супрацоўніцтва беларускіх дзеячаў з нацыстамі, каб дыскрэдытаваць беларускую ідэю. Адказнасць за злачынствы нацыстаў беспадстаўна перакладалася на ўсіх беларусаў, якія супрацоўнічалі з немцамі. Гэта добра вядомы прыём псіхалагічнай вайны, калі для дыскрэдытацыі пэўных асобаў ці арганізацый іх ставяць у адзін шэраг з  сапраўднымі злачынцамі.

Такім чынам натуральная варожасць да нацызму (фашызму) паступова, незаўважна трансфармавалася ў варожасць да пасляваенных дзеячаў і ўсяго беларускага – мовы, культуры, нацыянальных традыцыяў і сімвалаў.

Грамадзянаў Беларусі прывучалі ўспрымаць як сінонімы словы "фашызм" і "нацыяналізм", беларускія герб ("Пагоня") і бел-чырвона-белы сцяг – як фашысцкія, неаднаразова ажыццяўляліся выпады супраць прадстаўнікоў беларускай культуры, носьбітаў беларускай мовы.

Такія прыёмы час ад часу выкарыстоўваюцца і зараз. Гледачы, магчыма, памятаюць, як беларускае тэлебачанне некалькі разоў пракручвала фільм рэжысёра Ю.Азаронка "Дети лжи", у якім у адзін відэашэраг ставіліся фашысты, дзеячы беларускай калабарацыі і палітычныя апаненты А.Лукашэнкі прадстаўнікі сучаснай апазіцыі: З.Пазьняк, лідэр партыі БСДП (Народная Грамада) М.Статкевіч і іншыя.

Паколькі беларускія суды, як правіла, "не заўважаюць" абраз прадстаўнікоў апазіцыі з боку ўладных асобаў (словы "вшивые блохи", "отморозки", "дебилы" – сталі для некаторых амаль нормай), то Мікола Статакевіч, як былы афіцэр, абараніў свой гонар самым даступным спосабам – ён адказаў Ю.Азаронку метадам фізічнага ўздзеяння (прасцей кажучы, даў па ... па твары). Дарэчы, у ходзе конкурсу "Еўрабачанне" такі ж метад уздзеяння на Ю.Азаронка прымяніў і прадзюсер Д.Калдуна Філіп Кіркораў. Неблагая тэндэнцыя...

Высновы

Такім чынам, па факту пераносу святкавання Дня незалежнасці мы можам зрабіць дзве высновы:

Па-першае, гэта можна разглядаць як чарговую спробу ўрэзаць ці перакруціць гістарычную памяць грамадзянаў Беларусі, навязаць думку, што незалежнасць мы атрымалі ў вайне з нацыстамі, а не ў выніку развалу СССР, палымяным прыхільнікам якога доўга падаваў сябе першы прэзідэнт Беларусі. Інакш атрымліваецца, што той, хто выступае за захаванне Саюзу ССР, сам таго, магчыма, не жадаючы, ускосна выступае праціўнікам дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Па-другое, назіраецца нястрыманая эксплуатацыя тэмы мінулай вайны і вялікай Перамогі (амаль аднолькавыя тэксты, песні, каментарыі і выступленні ветэранаў гучалі 9 мая, 22 чэрвеня, 3 ліпеня ды і ў іншыя дні). Яна дае магчымасць увесь час далучаць СЯБЕ да ліку пераможцаў (казаць "НАША ПОБЕДА"!), адначасова ствараць вобраз гаранта міру і раз-пораз нагадваць аб беларусах, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, а потым іх негатыўны вобраз як масток перакідваць на сучасную апазіцыю.

І не важна, што 3 ліпеня ніякай незалежнасці Беларусь не атрымала. Галоўнае – што гэта не звязана з так званымі беларускімі нацыяналістамі (хаця ў Вярхоўным Савеце 1991 г. падаўляючую большасць мелі якраз прадстаўнікі Кампартыі Беларусі), якія пасмелі аб’явіць святам Незалежнасці менавіта той дзень 27 ліпеня, калі яшчэ савецкая Беларусь стала на шлях сапраўднага суверэнітэту.

Аднак разуменне суверэнітэту і незалежнасці, як найвышэйшых каштоўнасцяў народа, засвойвае ўсё большая частка нашага грамадства. Хутчэй за ўсё, кропка яшчэ не пастаўлена. Магчыма, яе паставяць нашы нашчадкі.

Аляксандр Каданчык, кандыдат гістарычных навук, артыкул упершыню быў апублікаваны на сайце horki.info 27 ліпеня 2007 года